Учора ў Мінску і ў шэрагу гарадоў Расіі стартаваў фэст дакументальнага кіно пра музыку і сучасную гарадскую культуру Beat Weekend. До канца гэтага тыдня ў кінатэатры «Ракета» у агульнай складанасці будзе паказана шэсць кінастужак. Усе яны вельмі яркія і самабытныя — чаго толькі варты расказ пра канцэрт славенскага індастрыял-гурта ў Паўночнай Карэі ці фільм пра выканаўцаў тэхна ў Іране, асобныя часткі якога даводзілася здымаць на мабільны тэлефон праз дзірку ў кішэні, бо выкананне такой музыкі забаронена тамтэйшымі законамі.

Я думаю, што кожны аматар фестывальнага кіно знойдзе для сябе нешта цікавае, але асабіста мяне больш за ўсё прыцягнуў фільм адкрыцця.

«Усе гэтыя бяссонныя ночы» — гэта кінастужка польскага рэжысёра і аператара Міхала Марчака. У адрозненне ад іншых карцін, яе няможна лічыць дакументалкай у поўным сэнсе гэтага слова — на мой погляд, гэта ўсё ж мастацкае кіно. Зрэшты, гэта абсалютна не важна, як няважныя і многія іншыя рэчы, пра якія прынята пісаць у водгуках на кіно: сюжэт, гульня акцёраў, аператарская праца — усё гэта тут даволі файнае, але да чорта гутаркі пра гэта!

Галоўнае, гэта тое, што я на 100 хвілін абсалютна забыўся пра тое, што я знаходжуся ў мінскім кінатэатры, а не прапальваю бясконцую маладосць у цыгарэтным дыме начной Варшавы.

Я ніколі не быў актыўным тусоўшчыкам, але ўсё ж пра атмасферу кватэрнікаў, клубаў і велізарных апэн-эйраў ведаю не па чутках. Увогуле падобныя рэчы ніколі мне не падабаліся, асабліва ў той момант, калі я там знаходзіўся. Звычайна гэта ўжо праз некаторы час пачынаеш прыгадваць такія мерапрыемствы са светлай настальгіяй.

Настальгія Міхала Марчака апынулася гэтак моцнай, што ён нават зняў пра яе фільм. Але галоўнае, што ён зрабіў гэта з такім стараннем і любоўю, што нават такі інтраверт, як я, з радасцю ступіў у гэты партал бесклапотнага геданізму, заадно пракручваючы ў галаве аналагічную кінастужку, але з кадрамі ўжо ўласнага жыцця.

Фільм, які выкарыстоўвае такія мастацкія сродкі выразнасці, наўрад ці можна лічыць дакументальным. Але пляваць — галоўнае, што ўсё гэта працуе!

Калі б мяне спыталі, пра што гэта карціна, то я б сказаў, што яна пра пошук сябе ў натоўпе танцуючых людзей. Гэта тэма мне вельмі блізкая — аднойчы я нават напісаў пра гэта выдатны верш — таму я адразу зразумеў, што фільм мне спадабаецца, і надзвычайна рады, што ён нават перавысіў мае чаканні.

Як і «Цёмная ноч», пра якую я расказваў у мінулы раз, дадзенае кіно не пра падзеі, а пра настрой: пра цёплую атмасферу радасных момантаў, якім ты аддаешся да канца, не думаючы ні пра што. І ўсё хараство такіх момантаў у тым, што поўнае іх усведамленне наступае толькі потым — праз дні, тыдні, гады… А тады, менавіта ў той момант, гэта ўспрымаецца ўсяго толькі як… звычайнае жыццё?

Безумоўна, аўтар малюе ўтопію. Але ў той жа час яго няможна звінаваціць у празмернай рамантызацыі начнога жыцця. Усё паказана рэалістычна, дакладней нават дакументальна. І галоўнае, без усякіх замашак на арт-хаус, як у таго ж Ціма Сатана. Героі Марчака — гэта жывыя людзі, а не персанажы. Для іх прапісаны толькі адзін сцэнар — сцэнар іх уласнага жыцця, таму тут няма ніякай драмы, кульмінацыі і ломкі характараў. Яны маладыя і прагна цягнуцца да зоркі недасяжных жаданняў, хіба кожны з нас не імкнецца да таго ж?


Калі я вас зацікавіў, то спяшайцеся па квіток. «Усе гэтыя бяссонныя ночы» яшчэ можна паглядзець на вялікім экране «Ракеты» у нядзелю 8 кастрычніка.

P.S. Фільм на польскай мове з падвойнымі (рускімі і англійскімі) субтытрамі.