Як бы я ні любіў ваенныя драмы і як бы ні шанаваў Роберта Земекіса, пра «Хаўруснікаў» магу сказаць мала чаго добрага.

Перадумовы былі нядрэнныя. Шпіёнская драма/баявік з Брэдам Пітам і Марыян Катыяр у сэтынгу Другой Сусветнай вайны. Сумна, але нават серадняком фільм можна назваць толькі з нацяжкай.

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта парушаная цэласнасць фільма. Ён распадаецца на дзве часткі, якія слаба вяжуцца адна з другой. Такое пачуццё, што стужка складаецца з двух міні-фільмаў, шчэпленых стэплерам.

Другое, як ні дзіўна, гэта нязграбная гульня Брэда Піта. Я ніколі не меў да яго асаблівых пачуццяў, але ў «Хаўрусніках» ён зусім ужо сам не свой. Выглядае як апухлая васковая лялька, дый паводзіць сябе нібыта з пахмелля.

allied_01

«Адчапіся»

Трэцяе выкрываецца падчас прагляду і дасягае апагея ў самым канцы. Гаворка пра абсалютна невыразны сцэнар. Я спачатку падумаў, што «Хаўруснікі» гэта экранізацыя жаночага рамана, што вытлумачыла б няроўнасці ў аповедзе і павярхоўныя адносіны да гістарычнага складальніка. Але не: сцэнар арыгінальны. Не ведаю, можа, ў 1970-я такое кіно б і пракаціла, але зараз патрабаванні да сюжэта ў гэтым жанры досыць высокія. На фоне іншых падобных карцін гісторыя «Хаўруснікаў» выглядае няхітрай і высмактанай з пальца і, да таго ж, змяшчае велізарную колькасць ляпаў і момантаў, якія супярэчаць здароваму розуму і гістарычным рэаліям. Недарэчнасцяў у фільме настолькі шмат, што іншы раз пачынаеш сумнявацца, а ці не пародыя гэта. Але не, для пародыі занадта нудна. Хаця, калі стваральнікі фільма звярнуліся да апошняга сродку і пачалі гуляць на жалі, тым самым распісаўшыся пад сваім бяссілем, я засмяяўся. Вось проста ўслых засмяяўся, гэтулькі недарэчным было тое, што адбываецца на экране.

З добрага перадусім варта адзначыць касцюмы. На жаль, астатні антураж выглядае, нібыта толькі што перададзены з музея, асабліва гэта датычыцца аўтамабіляў.

Другое, што спадабалася, гэта ненаўмысная (найхутчэй) адсылка да «Няслаўных вырадкаў» у выглядзе персанажа Аўгуста Дзіля. Мабыць, адзіны цікавы момант за ўвесь фільм.

«Мы с вами нигде раньше не встречались?»

«Мы з вамі нідзе раней не сустракаліся?»

У астатнім так-сяк. Аператарская праца нядрэнная, але чаго яна варта сама па сабе? Гульня Марыян Катыяр на пэўным ўзроўні, але зноў жа, які ў ёй толк, калі побач драўляны Брэд Піт. Дуэт распадаецца, а дакладней нават і не лепіцца.

Калі ўзяць раскадроўку фільма, то выглядае яна вельмі някепска, але ў суцэльнае кіно з планамерным развіццём персанажаў і дзеяння яно не збіраецца. У сувязі з гэтым рытарычнае пытанне: навошта выдумляць такія дурныя гісторыі, калі па адных толькі раманах Рэмарка можна зняць з дзясятак уражальных драм і трагікамедый?