Калі я ўпершыню пагуляў у Silent Hill, зразумеў адну рэч: сусветную культуру выратуюць японцы. Не ведаю, як ім гэта ўдаецца, але яны бяруць найлепшыя ідэі заходняй цывілізацыі, дамешваюць да іх сваю неспасціжную філасофію і запраўляюць порцыяй дахазноснага вар’яцтва. На выйсці атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры, якія, у сваю чаргу, таксама пераносяць капіраванні і адаптацыі, але ўжо ўбок спрашчэння для шырокай заходняй аўдыторыі. Адзін з нядаўніх прыкладаў такога колазвароту — «Прывід у даспехах».

Амерыканская версія ледзь акупілася ў пракаце, таму разлічваць на экранізацыі мангі і кінаадаптацыі анімэ хуткім часам не даводзіцца. Так што я вырашыў сам паціху прылучацца да вялікага, не чакаючы інфаповадаў.

Учора я выкрасліў чарговы твор, што даўно ўжо прапісаўся ў бэклогу. Гаворка пра анімэ-фільм 1999 года пад назвай «Пярэваратні» (таксама вядомы як «Воўчая брыгада», «Чалавек-воўк» і Jin-Roh: The Wolf Brigade).

Першае, што… Добра, другое, што кідаецца ў вочы пасля салдата з Wolfenstein/Killzone на вокладцы, гэта дзіўны сэтынг. Дзеянне разгортваецца ў Японіі пасля Другой Сусветнай вайны, у якой імперыя была змушана капітуляваць не перад Хаўруснікамі, а Германіяй! Не пытайце, як так атрымалася — гэта не мае ніякага значэння. Важны толькі факт, што японскае палітычнае і культурнае жыццё падпалі пад моцны ўплыў нямецкага мілітарызму, што на фоне сацыяльна-эканамічных праблем вылілася ў народную незадаволенасць рознай ступені радыкалізму. Менавіта для змагання з дэмакратамі-тэрарыстамі і ствараюцца атрады «Цэрбераў» — элітных падраздзяленняў бронепяхоты.

Аўтары Killzone і Wolfenstein: The New Order відавочна натхняліся гэтым анімэ.

Калі вы ўжо настроіліся на гісторыю ў духу Бі-Джэя Блажкавіча, то я змушаны вас расчараваць:

«Пярэваратні» гэта, перадусім, сацыяльная драма з элементамі псіхалагічнага і шпіёнскага трылера.

Як і ў арыгінальным «Прывіде ў даспехах», дзеянне разгортваецца няспешна. Магчыма, антыўтапічныя сузіранні не дацягваюць да папярэдніка па ўзроўні глыбіні і вобразнасці, затое яны больш набліжаны да нашай рэальнасці і ўспрымаюцца лягчэй. Гутаркі, перажыванні персанажаў і інтрыгі час ад часу разбаўляюцца крывавымі экшн-сцэнамі, што задае слушны настрой гледачу.

Але аднаго сэтынгу і атмасфернага асяроддзя недастаткова для таго, каб я пасярод ночы кінуўся пісаць гэты тэкст. Патрэбна крутая гісторыя. І яна тут ёсць. Гэтым разам здольныя японцы пазычылі і пракруцілі праз мясасечку ўсім вядомую гісторыю пра чырвоны капялюшык.

Быццам бы нічога звышнатуральнага на экране не адбываецца, але ты ўсё адно заінтрыгаваны. Хто ведае, што чакаць ад гэтых азіятаў у наступным кадры: гутарак пад сакурай ці крывавай лазні?

Інтрыга захоўваецца аж да самых тытраў, што з’яўляецца несумнеўным знакам якасці. Дый увогуле ўсё выканана на высокім узроўні. Дзякуючы талковай рэжысуры, дынаміцы эпізодаў, перадачы эмоцый, забываеш, што глядзіш анімацыю, а не гульнёвы фільм.

Выдатная праца. Рэкамендую да прагляду ўсім, хто знудзіўся па змрочных арыгінальных гісторыях і спакойна пераносіць павольны тэмп апавядання.