Паглядзеў «Арытмію» месяц таму. Адразу пісаць пра яе не стаў, а потым і жаданне знікла. Але ўсе чамусьці пытаюць, ці глядзеў я гэты фільм і якія мае ўражанні. Значыць, прыйшоў час набрацца сілы.

Калі коратка, то кіно атрымалася някепскім, але не магу сказаць, што мне вельмі спадабалася. Зараз, праз некаторы час, нават васьмёрка на «Кінапошуку» здаецца завышанай.

Пачну з таго, што «Арытмія» сюжэтна, а часам і па настроі, блізкая да галоўнай расійскай прэм’еры года — драмы «Нялюбасць». Я разумею, што здымачныя працэсы двух фільмаў шлі паралельна і яны ніяк паміж сабой не звязаны, але, нават седзячы ў кінатэатры, я ўсё ніяк не мог перастаць параўноўваць.

На жаль, гэта выпадковае саперніцтва не пайшло на карысць успрыманню «Арытміі». Усё-такі Звягінцаў найдасканалейшы мастак расійскай рэчаіснасці і спаборнічаць з ім вельмі цяжка. Прывяду толькі адзін прыклад: сцэна ў аўтамабілі. Калі ў Звягінцава яна геніяльная, то ў Хлебнікава проста «норм».

Аднак справа не толькі ў гэтым. Нават калі адысці ад параўнання з «Нялюбасцю» і разгледзець «Арытмію» як самастойны твор, то можна выявіць шэраг істотных праблем.

Фільм першапачаткова планаваўся як камедыя, і гэта бачна. Медыцынскія эпізоды выглядаюць як зборнік апавяданняў, адарваных ад асноўнай гісторыі і не злучаных паміж сабой. Для камедыі гэта можна прыняць: такія сцэнкі ўносяць разнастайнасць і служаць дадатковым полем для гумарыстычных сітуацый. Але ў выніку мы атрымалі драму, і тут гэтыя сцэнкі транслююць ужо не гумар, а праўду жыцця. З аднаго боку, гэта пахвальна. Відавочна, што здымачная група і акцёры сапраўды глыбока пагрузіліся ў праблематыку прафесіі ўрача хуткай дапамогі, прапусцілі ўсё гэта праз сябе і выдалі пэўны сацыяльны месэдж, але ці пайшло гэта на карысць агульнай ідэі фільма? Здаецца, што не. Хутчэй надало праўдзівасці і каларыту, але пры гэтым цэласць карціны пацярпела.

Дый у чым увогуле асноўная ідэя «Арытміі», раз ужо на тое пайшло? Пра што гэты фільм? Пра каханне? Не. Адносіны паміж героямі нельга назваць каханнем. Усё, што я бачу, гэта спагадлівы жаночы жаль у адказ на дзіцячую упадобу мужчыны. Кашмарны дуэт двух неўротыкаў з пункту гледжання псіхалогіі. Але менавіта ў гэтым для фільма няма нічога дрэннага. Ці мала ў рэальным жыцці такіх сем’яў, якія цягнуць шлейку заганных сузалежных адносін? Наадварот, такіх сем’яў мноства, так што можна сказаць, што ўсё паказана вельмі рэалістычна і праўдзіва. Справа ў іншым.

Спачатку побытавы рэалізм і супярэчлівасць персанажаў здорава падкупляюць. Ты хутка ўцягваешся ў гісторыю і паглынаеш сцэнку за сцэнкай, нібы бутэрброды за камп’ютарам. І ўсё быццам бы добра, пакуль ты нарэшце не даходзіш да апошняга бутэрброда з кавалкам абветранай і засохлай каўбасы, якая, можа і ядомая, але задавальненне, мякка кажучы, ужо зусім не тое.

Зрэшты, адкладзём убок гэтыя гастранамічныя метафары: больш за ўсё мне не спадабалася апошняя частка карціны. Такое пачуццё, што рэжысёр да гэтага моманту ўжо сказаў усё, што хацеў, і быццам бы трэба неяк завяршаць, але ніхто не ведае якім чынам. Таму на экране пачынаюцца нейкія невыразныя кіданні і просталінейныя маніпуляцыі. У якасці прыклада магу прывесці сюжэтную лінію новага начальніка, якую проста сапсавалі тым, што з неадназначнага па задумцы персанажа ў выніку зрабілі нейкага карыкатурнага злыдня.

Што ўжо казаць пра вобраз галоўнага героя, які наўогуле з’яўляецца адной вялікай маніпуляцыяй. Але што асабліва цікава, маніпуляцыя гэта працуе як унутр (на жонку персанажа), гэтак і вонкі (на гледача). Адкрыйце старонку «Арытміі» на «Кінапошуку» і вы ўбачыце мноства зялёных рэцэнзій, падпісаных жаночымі нікнэймамі — амаль усе яны пішуць пра тое, што фільм «працяты каханнем», а ў галоўнага героя «немагчыма не закахацца». Прыехалі…

Падобныя водгукі кажуць толькі пра велізарны букет хранічных хвароб нашага грамадства. Гэтак хранічных, што яны ўжо ўспрымаюцца не як хваробы, а як натуральная частка жыцця. Галоўны герой фільма — закончаны алкаголік і мудак, які дэманструе быдлячае стаўленне да жонкі і яе сям’і, сядае п’яны за руль, прыводзіць дамоў субутэльнікаў, не мае ні амбіцый, ні планаў на жыццё — сапраўды, як тут ні закахацца… Я б сказаў, што тут дыягназ ужо не арытмія, а хутчэй маразм. Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад шырокай рускай душы, што ўвабрала салодкі смак пакут з малаком маці.

Дый увогуле, дапісваючы гэтыя радкі, я раптам зразумеў, што нічога новага ў гэтай гісторыі няма. Фільм «Афоня» быў зняты ў 1975 годзе і «Арытмію» цалкам можна лічыць яго рэмэйкам. Ужо больш за 40 гадоў п’яная Расія млява перастаўляе ногі на бегавой дарожцы, а вакол яе і мы на пузе поўзаем. Гэта сумна, але ўсе звыкліся.