Фільм «Прыбыццё» мяне расчараваў. Прыйдучы з кінатэатра, я вырашыў пачакаць з водгукам спадзеючыся, што ўражанні ўлягуцца і я змагу, пераасэнсаваўшы ўбачанае, глянуць на гэта кіно шырэйшым поглядам. Зараз я разумею, што гэта была памылка. Трэба было пісаць па гарачых слядах, таму што ўжо на наступны дзень тварэнне Дэні Вільнёва выветралася ў мяне з галавы, а праз дзень ужо і ўспомніць пра яго было няма чаго.

Гэта дзіўны і непрыемны сюрпрыз для мяне, бо я быццам бы заўсёды прыхільна ставіўся да паўпустых, але атмасферных фільмаў, дзе форма цалкам дамінуе над зместам. Таго ж «Неонавага дэмана» я засвойваў месяц ці два. А тут нават сказаць толкам нечага…

«Прыбыццё» падобна на кароткаметражку, якую штучна расцягнулі на дзве гадзіны: на экране або нічога не адбываецца, або паўтараецца тое, што ўжо паказвалі. За кошт цьмянай палітры, туману і камернасці ствараецца прэтэнзія на інтэлектуальнасць і артхаус, але яна так і застаецца прэтэнзіяй.

Перадусім у гэтым віна штампаў. Калі рэжысёр хацеў зняць штосьці самабытнае, то ад заезджаных вобразаў і прыёмаў трэба было адмаўляцца. Але ж не, мы ў чарговы раз глядзім на адны тыя ж карыкатуры: тупыя і агрэсіўныя вайскоўцы, злыя і ўпартыя кітайцы/рускія і канешне ж утрапёны галоўны герой, які гатовы паставіць на кон сваё жыццё дзеля таго, каб дабрацца да Ісціны, і толькі ён адзін ведае, як гэта зрабіць. Астатнія замінаюць. Ну так, яшчэ Джэрэмі Рэнер, які мітусіцца пад нагамі нібы непрыкаяны, знішчае ўвесь драматызм сваім камедыйным тварам з носам-бульбай.

arrival-movie-2

Галоўная праблема фільма, на мой погляд, у тым, што аўтарам не атрымалася стварыць інтрыгу. Каму як, вядома, але асабіста мяне ўся гэта гісторыя не зацікавіла і ніяк не расчуліла. Узровень уцягнутасці прыкладна такі, як калі мама робіць за цябе матэматыку: ты сядзіш, ківаеш, але думаеш, як бы ўсё гэта хутчэй скончылася, каб атрымаць адказ, перапісаць рашэнне ў чыставік і пайсці спаць.

«А як жа іншапланетнікі?» — спытаеце вы. Не ведаю чаму, але ніяк. Адчуванне такое, што калі б я заўтра раніцай выйшаў з пад’езда і выявіў, што над домам вісіць гэта блюда, я б проста паправіў каўнер і пайшоў на работу.

Дый фільм жа не пра іншапланетнікаў, а пра людзей. Вось толькі ўвесь філасофскі падтэкст змясціўся бы ў адным сказе і зноў жа хутчэй падышоў бы для кароткаметражкі ці кароткага чытацкага апавядання ў «Свеце Фантастыкі».

Паспрабуйце меня зразумець: «Прыбыццё» — някепскі фільм, проста па адзначаных вышэй прычынах ён мяне абсалютна не ўразіў і не крануў. І хоць мае прэтензіі суб’ектыўныя, я не лічу, што стужка Вільнёва заслугоўвае такіх высокіх ацэнак.