Пасля выйсця мінулай публікацыі прайшло нямала часу. Не сказаў бы, што патрапіў яго карысна. Спачатку ў мяне здарылася нейкае постзвягінцавае расстройства: я проста прыходзіў дадому і глядзеў мізантрапічнае кіно накшталт «Галавы-гумкі» і «Заваднога апельсіна», а потым неяк спантанна купіў самае поўнае выданне Battlefield 1.

Год назад у пабліку блога я коратка апісаў свае ўражанні ад адкрытай бэты. У цэлым гульня мне тады не вельмі спадабалася: па геймплэі і атмасферы Battlefield 1 больш нагадваў Star Wars Battlefront, чым унікальны праект на гэтак рэдкую тэматыку Першай сусветнай вайны.

Але пасля двух тыдняў гульні ў поўную версію я ўразумеў, што памыляўся. Вядома, Battlefield 1 гэта аркада, таму рэалізм і гістарычная верагоднасць тут адсунуты на задні план. Але што да відовішчнасці і цікавасці, то «батла» ані не саступае Бэтлфронту, а можа, нават і перасягае яго.

Я не хачу марнаваць час на напісанне вялікага агляду, бо гульня вядомая і ўжо не новая, адзначу толькі тое, што мяне па-сапраўднаму ўразіла.

Графіка і прапрацоўка лакацый. Усе карты вельмі вялікія і рознапланавыя. Асабліва мяне ўразілі «Вышыні Вердэна» з «французскага» дапаўнення: тут і вёсачка каля лесу, і разваліны царквы са склепам, і невялікі форт з падземнымі камунікацыямі, і бясконцыя траншэі з калючым дротам, і гаўбічная батарэя з горамі гільзаў вакол. Кожны сантыметр гэтай карты, дый амаль усіх астатніх прапрацаваны з велізарнай скрупулёзнасцю. Часам хочацца загрузіцца ў бой аднаму і спакойна прайсці віртуальную экскурсію.

Зброя. Спачатку мне не спадабалася, што ў гульні пераважае аўтаматычная зброя і самазарадныя вінтоўкі. Звесці ўсё да банальнай страляніны на пісталетах-кулямётах гэта неяк неразумна. Мала гульняў такіх штолі? Але потым я звярнуў увагу на тое, што кожны ствол па-свойму ўнікальны і патрабуе пэўнага падыходу. Плюс амаль у кожнага з іх ёсць некалькі мадыфікацый на выбар, якія ўзмацняюць адны характарыстыкі за кошт паслаблення іншых. Няхай усё гэта не зусім гістарычна і экіпіроўка салдатаў выглядае так, быццам бы яны разрабавалі музей рэдкіх экспанатаў, а не ўзброены па штату, але паспрабаваць розныя віды зброі, прынамсі, цікава, балазе ў гульні прадстаўлена шмат эксперыментальных і доследных узораў, а таксама розных саматужных вынаходстваў накшталт арбалета-гранатамёта.

Анімацыя. Хай танкі рухаюцца і хістаюцца з боку ў бок нібыта надзіманыя замкі, у якіх скачуць дзеці, затое анімацыя пяхоты выканана на вышыні. Вядома, можна захраснуць у аконным праёме ці заблытацца ў калючым дроце, але ў цэлым рухі салдатаў уражаюць. Асабліва добра выглядае анімацыя блізкага бою: прыкладам, забойства рыдлёўкай прынцыпова адрозніваецца ад забойства дубінкай ці нажом. Увогуле анімацыя смерці зроблена вельмі кінематаграфічна: па маіх назіраннях, яна вызначаецца не толькі тым, на якую частку цела давялося смяротнае раненне, але і траекторыяй руху персанажа ў дадзены момант. Ну, і ўзаемадзеянне з тэхнікай на вышыні. Адна толькі змена месца бортстралком бамбавіка чаго варта. Але не абыходзіцца і без касякоў: часцяком чыё-небудзь безжыццёвае цела, адкінутае выбухам, захрасае ў сцяне. Добра, што яно хутка знікае, дый успрымаецца насамрэч хутчэй як кур’ёз, а не баг.

Увага да дробязяў. Увогуле ў Battlefield 1 шмат прышпільных рэчаў. Падчас дажджу на зброі можна ўбачыць прыгожыя кроплі вады, а калі нырнуць тварам у бруд, тое яно значна пэцкаецца. Выдатна зроблены эфекты агнямёта. Але больш за ўсё мне падабаецца, гукавое суправаджэнне падчас аперацыі. Напачатку матча абаронцы чуюць трывожныя гукі набату, што сігналізуюць пра варожы наступ, а атакуючых падганяе афіцэрскі свісток. Усё гэта суправаджаецца бязладнымі гукамі мітусні і ўрыўкавых крыкаў. Тое ж самае адбываецца пры захопе/страце сектара. Такія моманты вельмі буадаражаць.

Антываенны пасыл. Але больш за ўсё мяне здзівіў магутны антываенны пасыл, які закладзены ў кампаніі. Па трэйлерах усё выглядала вельмі шаблонна: «Бла-бла мы пакутавалі», «бла-бла вайна гэта дрэнна». У той ці іншай ступені гэты месэдж сустракаецца ў многіх фільмах і гульнях. Вядома, сама думка слушная, але зусім нешматлікія аўтары могуць яго добра падаць. І тут EA DICE змаглі.

Кампанія ў Battlefield 1 выканана ў фармаце анталогіі. Па сутнасці гэта ўрыўкавыя, але яркія эпізоды, якія чапляюць сваёй недагаворанасцю. Героі нібы выходзяць з туману гісторыі, спешна праходзяць міма нас і зноў хаваюцца з-пад увагі. Гэтыя гісторыі няможна назваць дакументальнымі: занадта ўжо яны «галівудскія». Але сцэнарысты і рэжысёры выдатна справіліся, таму што, нягледзячы на ўсю феерычнасць прыгодаў, увесь час адчуваеш горкі прысмак нейкай невытлумачальнай тугі. Гэта пачуццё дасягае апагея ў фінальным роліку, дзе, здаецца, таксама няма нічога новага… Але вось ён сканчаецца, і ты сядзіш з хвіліну, не адважваючыся выключыць тытры, як пасля добрага фільма.

Наогул кажучы, добрая праца, чакаю новых дапаўненняў і Star Wars Battlefront 2.