Як ні сумна прызнаваць, 2017 год апынуўся даволі бляклым у плане запамінальнага кіно і зусім кволым з пункту гледжання хоць колькі-небудзь значных відэагульняў. У кіно я яшчэ худа-бедна хадзіў, а вось навіны геймдэву ўвогуле прайшлі міма.

Прычына простая: па-сапраўднаму крутых прадуктаў выйшла вельмі мала, а ў спісах рэлізаў фігуравалі пераважна сіквелы: Трэйнспотынг, Чужы, Піраты Карыбскага мора, Беглы па лязе, Зорныя войны, Wolfenstein, Evil Within, Star Wars Battlefront, Shadow of Mordor… Усяго не прыгадаць.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што большасць кінанавін гэтага года пакінулі хутчэй прыемнае ўражанне. Але быць «проста добрым» недастаткова для таго, каб прымусіць мяне сесці за клавіятуру і складаць оды і апалогіі нейкім там кіношкам, заміж таго каб, прыкладам, разгледзець узоры на дыване.

Увогуле я доўга думаў, як жа мне паступіць, і, нарэшце, вырашыў правесці чысты эксперымент: успомніць у экспрэс-рэжыме 5 самых запамінальных сцэн з апошніх кінапрэм’ер. Што першае прыйшло ў галаву, то і ёсць самае яркае ўражанне. Потым дзеля інтрыгі я засунуў яго ў самы канец артыкула, а пачнём мы з таго, што ўспомнілася мне апошнім.

5 месца — трансцэндэнтная сустрэча

«Тваё імя», рэж. Макота Сінкай

Анімацыя Макоты Сінкая стала для мяне, мабыць, галоўным адкрыццём гэтага года. І хоць «Тваё імя» спадабалася мне крыху менш іншых работ майстра, чаканая сцэна сустрэчы галоўных герояў, што запусціла працяглую кульмінацыю фільма, змяшчае такі вялікі спектр эмоцый і зводзіць разам столькі акалічнасцяў, што проста не можа не запомніцца.

4 месца — пляжная вечарынка

«Усе гэтыя бяссонныя ночы», рэж. Міхал Марчак

Па вялікім рахунку ўвесь гэты фільм — адна вялікая запамінальная сцэна. Дзіўна: нягледзячы на мінімалізм дзеяння, усе эпізоды і лакацыі я помню значна лепш, чым у многіх іншых карцінах, якія паглядзеў пазней.

Надзвычайны эфект прысутнасці, характэрны для ўсёй стужкі, у гэтай сцэне толькі ўзмацняецца дзякуючы гіпнатычнаму трэку з красамоўнай назвай I can’t do without you.

3 месца — у гасцях у бабулі

«Нялюбасць», рэж. Андрэй Звягінцаў

Адзін з двух галоўных фільмаў года не мог не трапіць у мой хіт-парад. Пытанне толькі ў сцэне, бо ў мяне перад вачамі ўсплывае адразу мноства па-майстэрску выкананых эпізодаў.

Першым прыйшоў у галаву менавіта візіт да бабулі зніклага хлопчыка. Слова «бабуля», так і хочацца ўзяць у двукоссе, бо гэты фрагмент стужкі — навочны рэжысёрскі дапаможнік па стварэнні кагнітыўнага дысанансу ў гледачоў.

2 месца — затапленне эсмінца

«Дзюнкерк», рэж. Крыстафер Нолан

Крыкі замкнёных салдатаў і маракоў робяцца ўсё глушэй па меры таго, як іх металічная труна апускаецца ў чорную марскую бездань — навочнае ўвасабленне жахаў вайны на моры.

Цудоўная ваенная драма Крыстафера Нолана — пасля «Нялюбасці» гэта другі з двух найлепшых фільмаў 2017 года, на маю думку.

1 месца — нараджэнне неаморфа

«Чужы: Запавет», рэж. Рыдлі Скот

Як ні круці, а непрыемныя ўражанні заўсёды апынаюцца найдужэйшымі. Здаецца, што неверагодна гідкая і шакавальная сцэна ў медадсеку назаўжды засела ў маю памяць.

Колькі б ні лаялі «Чужы: Запавет», няможна адмаўляць, што фільм атрымаўся вельмі стылёвым і запамінальным. Ах, якія ж рэалістычныя гэтыя халодныя панарамы і сінюшныя твары… А вільготныя паверхні? Усё гэта выдуманы свет, але, здаецца, што да ўсяго тут можна дакрануцца (дрэнная ідэя). Няхай сюжэт атрымаўся спрэчным, але эфект прысутнасці ў гэтым фільме сапраўды на вышыні.


Дзякуй, што дачыталі да канца. Напамінаю, што гэта не найлепшыя і не найгоршыя фільмы, а толькі самыя запамінальныя кінасцэны 2017-га, якія плавалі на паверхні маёй памяці.

Мне было б прыемна, калі б вы ў каментарах да гэтага паста ў VK ці Facebook напісалі свой ТОП-5 самых запамінальных сцэн. Галоўнае ў гэтай справе захоўваць фармат «бліц»: не раздумваць больш за 5-7 секундаў над кожнай.

Жадаю вам поспеху і новых яркіх уражанняў ад 2018!