Надоечы быў зачынены англамоўны гульнёвы сайт GameTrailers. Я ім ніколі не карыстаўся і не звярнуў бы ўвагі на гэту навіну, калі б не іх фінальны жэст: рэдакцыя падкарэктавала свой агляд гульні Bloodborne, павялічыўшы ёй адзнаку да 10 балаў. Справа ў тым, што гэта першая і апошняя «дзясятка» за ўсю гісторыю праекта GameTrailers. Гэты незвычайны, але элегантны крок — добрая падстава для гутаркі пра гэты выдатны эксклюзіў для Playstation 4.

Я не гуляў у серыю Dark Souls, з якой вырасла Bloodborne, але шмат чуў пра яе складанасць. Па гэтай прычыне я доўга вагаўся перад купляй «Параджэння крыві», бо ўсе свае нервы я закапаў яшчэ ў дзяцінстве разам з Гексам і Крэшам на першай Playstation.

Час ішоў… Bloodborne абзавёўся дадаткам The Old Hunters і GOTY выданнем — і вось мяне зноў пачалі спакушаць зачаравальныя скрыншоты, поўныя змрочных таямніц, выдасканаленага абсурду і роспачнага гвалту. У канчатковым выніку, я паддаўся спакусе і набыў гульню.

Перш-наперш, я, вядома, спадзяваўся атрымаць незвычайны геймплэй, бо большасць сучасных ААА-гульняў ператварылася ў інтэрактыўнае кіно з сінематэкі і QTE-сцэн. Супер хардкор мне не цікавы, але нейкага ўзварушвання і чэленджу пэўна хацелася.

Другое, што прыцягнула мяне ў Bloodborne — гэта неверагодна прыгожы дызайн. Альтэрнатыўная Віктарыянская эпоха свежа выглядала на фоне зацяганага фэнтэзі, хай нават і цёмнага. Вострыя пікі саборных веж, што ўзвышаюцца па-над бруднымі трушчобамі, таямнічыя персанажы, якія размянілі даспехі на прыталеныя плашчы і рарытэтны агнястрэл — усё гэта прыпудрана містыкай крывавых рытуалаў і агульнай недаказанасці. Я падсвядома закахаўся ва ўсё гэта яшчэ ў дзяцінстве, калі праз бацькаўскае плячо назіраў за яго гульнёй у Nightmare Creatures. Я ўпэўнены на 100%, што менавіта гэтай гульнёй натхняліся японцы, калі стваралі Bloodborne, а можа нават і Souls-серыю. Гуляць у Nightmare Creatures самаму мне тады было страшнавата, затое праходжанне з рускамоўнага часопіса «Playstation» за 1998 год я перачытваў, напэўна, раз сто. Нават дзіўна цяпер усвядоміць, што наша пакаленне было адзіным, хто заспеў друкаваныя праходжанні гульняў. Да нас і відэагульняў не было, а тыя, хто нарадзіўся пазней, расце ўжо ў свеце блогераў, лэтсплееў, ютубаў ды твічэй. Тэкставыя праходжанні яшчэ сустракаюцца ў інтэрнэце, але яны звычайна чыста тэхнічныя: «праходзім па калідоры, забіваем двух зомбі, бяром ключ». Часопісныя ж праходжанні, ці як іх тады яшчэ звалі «салюшэны», наадварот, адрозніваліся мастацкасцю і дарэчным гумарам. Іх было вельмі цікава чытаць, нават калі ты саму гульню ўвогуле не бачыў.

Nightmare creatures 01   Nightmare creatures 02

Зараз, вядома, балем кіруюць зусім іншыя гульні, але Bloodborne — гэта нібы выхадзец з той эпохі. Павялічылася колькасць пікселяў на экране, ды і сам экран вырас у некалькі разоў у параўнанні з пузатым «самсунгам» з дзевяностых, але ў руках у цябе практычна той жа кантролер і пацеюць яны гэтак жа, як і 20 гадоў таму. І папацець у Bloodborne ёсць ад чаго.

Калі глядзіш экшн-трэйлеры да гульні, то ствараецца зманлівае ўражанне, што Bloodborne — гэта нейкі азіяцкі слэшар, дзе персанажы скачуць як прыдуркаватыя, выбіваючы адзін з аднаго дух велізарнымі мячамі. Здаецца, у гэтай гульні складана разабраць што адбываецца, не кажучы ўжо пра тое, каб своечасова націснуць патрэбныя кнопкі. Гэта не так. Насамрэч пераважная частка гульнёвага часу праходзіць у вельмі няспешным тэмпе. Той, хто спяшаецца, надоўга па гэты бок сну не затрымваецца. Дазволіць сабе некаторыя вольнасці можна толькі тады, калі прабягаеш лакацыю далёка не ўпершыню. Падчас сутычак тэмп узрастае, але ўсё адно кожны рух чытаецца і кожны ўдар мае вялікае значэнне. Доўга некага дубасіць тут ніяк не атрымаецца: у супернікаў проста няма такога запасу здароўя. З іншага боку, і яны могуць расправіцца з галоўным героем парай удараў. Але трэба сказаць, ты да гэтага заўсёды гатовы: ворагаў тут менш, чым у звычайных гульнях і нават самыя простыя з іх выглядаюць пагрозліва. Найвялікую небяспеку ўтойваюць тыя, якіх ты бачыш упершыню: ідзеш ты сабе і бачыш, што шлях наперадзе заступае нейкае страшыдла — што яно захоча з табой зрабіць, наскочыць ці пачне чымсьці кідацца, ты не ведаеш, а значыць, і тактыку падабраць не можаш. Даводзіцца ісці наўздагад. Апроч таго, ворагі любяць учыняць засады і пры вашай неасцярожнасці могуць наваліцца гуртам. Але самае страшнае не ў тым, што вас забіваюць, а ў тым, што вы губляеце прагрэс: усе сабраныя вамі водгаласы крыві — мясцовая валюта, на якую купляецца ўсё ад зброі і рыштунку да новых узроўняў героя — паглынаюцца монстрам, які вас забіў (ці ў рэдкіх выпадках ляжаць на зямлі непадалёк). Адзіны спосаб вярнуць іх — адпомсціць крыўдніку, што далёка не заўсёды выходзіць, бо ў вас усяго адна спроба, каб зноў прабіць сабе шлях праз процьму ажыўшых ворагаў. Загінулі зноў? Скажыце «бывай» сваім водгаласам.

Скнараў накшталт мяне, якія прызвычаіліся да сабраных залатых гораў напрыканцы кожнай гульні, гэта спачатку прыводзіць у шок, але ўжо пасля пары забегаў з лятальным канцом ты прыстасоўваешся расходваць усё да апошняй капейкі, перш чым адправіцца на праходжанне невядомага узроўня.

bloodborne_02

Архітэктура гульнёвых лакацый таксама нагадвае дух старой школы: спачатку ў вас ёсць толькі адзін шлях — наперад, але вы ўвесь час будзеце натыкацца на скрыжаванні і альтэрнатыўныя праходы, частка з якіх вядзе ў тупік, а частка адкрывае, кароткія пераходы да вядомых частак узроўня. У выніку, калі вы адчыніце ўсе замкнёныя вароты, актывуеце ўсе ліфты і знойдзеце ўсе патаемныя хады, то першапачаткова лінейная лакацыя ператвараецца ў шырокую гульнёвую зону з высокай варыяцыйнасцю перамяшчэнняў. У такім выпадку бегчы да месца апошняй гібелі робіцца не так ужо далёка і складана. Вось толькі адзін нюанс: карты ў гульні няма і тыя, хто з дзяцінства не бегаў па калідорах Вульфэнштайна ці хаця б першай Medal of Honor, могуць не раз апынуцца ў цяжкаватым становішчы або прапусціць цэлыя кавалкі гульні з пабочнымі ўзроўнямі і босамі.

І ўсё ж гульня далёка не такая складаная, як пра яе прынята казаць. У значнай ступені дзякуючы адсутнасці аўталэвелінга монстраў. Гэта значыць ворагі ў Bloodborne не робяцца мацней па меры узмацнення галоўнага героя. Таму калі вы не можаце прайсці нейкае месца, то магчыма, што вам пакуль што проста рана сюды ісці. Можна даследаваць іншыя вобласці ці, на благі канец, падняць некалькі узроўняў у папярэдняй лакацыі. Я праходзіў гульню вельмі старанна і імкнуўся лішні раз не рызыкаваць сабранымі водгаласамі крыві, таму па суб’ектыўных адчуваннях заўсёды быў крышачку мацней за іншых гульцоў на той жа стадыі праходжання гульні. Вядома, гэта не дае вырашальнай перавагі і кожны супернік заўсёды нясе пагрозу, асабліва, калі ты пачынаеш яго недаацэньваць ці спяшацца.

Трэба зарубіць сабе на носе: галоўны вораг і галоўны сябар у Bloodborne — гэта ты сам. Калі дзейнічаць акуратна, ведаць магчымасці сваёй і чужой зброі, не скнарнічаць і нікуды не спяшацца, то складанасць гульні імкліва апускаецца да узроўня сярэдняй і нават лёгкай.

Нарэшце, галоўны фактар, што значна спрашчае гульню — гэта магчымасць кааператыва, як з жывымі, так і кампутарнымі памагатымі. Паклікаць на дапамогу іншых паляўнічых можна толькі ў той лакацыі, дзе яшчэ не знішчаны бос. Заваліць монстра ўдвух значна прасцей, а ўжо ўтрох — гэта проста вынішчэнне. Таму сапраўдныя паляўнічыя, якія прагнуць хардкора ды найбольш яркіх уражанняў ад сутычак з босамі і перамог над імі, заўсёды гуляюць у адзінотку.

Дарэчы, бітвы з босамі — гэта адна з найдужэйшых бакоў Bloodborne, як візуальна, так і па геймплэі. Такое пачуццё, што кожны кадр, кожны рух — гэта вынік працы дасведчанага мастака-пастаноўшчыка. Вось ты прабіваешся праз вуліцы, агорнутага агнём і вар’яцтвам, Ярнама, уся твая вопратка набралася крыві ворагаў, якія прынялі збавенне ад тваёй сякеры… Удар — і апошні вораг скочваецца па шырокіх усходах, вядучых да масіўных варот у велізарны гатычны сабор. Цяжкія створы павольна падаюцца, адкрываючы шлях у галоўную залу. Фігура паляўнічага неверагодна малая на фоне высокіх калон і зводаў, але гук самотных крокаў выдае тваю прсысутнасць. Ты прыцішваеш крок, каб надаць большую веліч гэтаму моманту, прачуць дыханне першароднага зла, што вось-вось абваліць на цябе ўсю сваю лютасць…

Bloodborne_01

Выдасканалена-выродлівы выгляд пачвары, якая выпаўзае табе на сустрэчу, прыводзіць цябе ў ступар на некалькі секундаў. І толькі калі яна пачынае замахвацца, ты рэзка адскокваеш убок і пачынаеш доўгі смяротна небяспечны танец са сваёй ахвярай. І хоць гэта велізарная гадзіна, якая «выглядае так, як быццам бы усіх жывёл у заапарку вывярнулі навыварат, а потым сшылі ў адно», можа прыбіць цябе адным ударам, менавіта ты паляўнічы. Ты прыйшоў сюды, каб знішчыць звера. Ад кожнага твайго ўдару яго цела хваравіта курчыцца, ва ўсе бакі ляцяць крывавыя пырскі, а з пашчы вырываецца лямант. Будучы не ў сілах управіцца з табой стварэнне шалее — яго рухі робяцца бязладнымі, але ў той жа час яшчэ больш небяспечнымі. За целам цягнецца крывавы след… Нарэшце, здабыча адолена і цябе перапаўняюць эмоцыі. Радасць перамогі спалучаецца з невытлумачальным сумам, так нібы боль спачыўшай душы перанёсся да цябе. Асабліва востра гэта адчуваецца, калі пачынаеш паглыбляцца ў гісторыю свету Bloodborne, вывучаць яго лор.

А вывучэнне сюжэта тут — гэта гульня ў гульні. І я ўпэўнены, што далёка не кожны будзе ў яе гуляць. Справа у тым, што тут няма не толькі мапы, але і дзённіка. Ніхто не кажа вам куды ісці і што рабіць. Усё, што вы чуеце ад нешматслоўных NPC, трэба матаць сабе на вус. Ну як трэба… Галоўным чынам персанажы балбочаць усякую бязглудзіццу, у якой праз слова згадваецца «кроў». Нават тыя, хто кажа важныя рэчы, робіць гэта цьмяна, відавочна недагаворваючы. Ці варта казаць, што квэстаў накшталт «Забі 5 ваўкалакаў і прынясі мне іх шкуры», тут няма. Калі вы не гулялі ў серыю Souls, то, пэўна, і не зразумееце, што на персанажы завязаны нейкі квэст. Мабыць, нават засечаце небараку, прыняўшы яго за ворага.

Галоўная крыніца інфармацыі — гэта апісанні прадметаў, якія даюць урыўкавыя даныя пра гісторыю свету, у якім мы апынуліся. Таксама сёе-тое можа падказаць і дызайн: лакацыі і іх насельнікі вельмі разнастайныя, па іх выглядзе можна выказаць здагадку, што з імі адбылося. Аднак, нават пройдучы ўсю гульню, скласці цэласную карціну няпроста. Застаецца шмат прабелаў і пытанняў, адказы на якія даводзіцца дадумваць. Або адпраўляцца за імі на Youtube, балазе там можна знайсці мноства ролікаў ад фанатаў гульні, якія спрабуюць разблытаць гэты мудрагелісты клубок з фактаў і намёкаў. І вось калі вы перагледзіце з дзясятак відэаролікаў, вам абавязкова захочацца перапрайці гэту выдатную гульню з улікам новых ведаў, пабываць ва ўсіх прапушчаных лакацыях, выканаць усе квэставыя ланцужкі ды ўбачць усе тры магчымыя канцоўкі, балазе ўзровень і ўвесь інвентар персанажа захоўваюцца ў новай гульні+.

Асабіста я, нават пасля таго як зрабіў усё пералічанае вышэй і выбіў плаціну, усё адно не выдаляю гульню. Бывае, што заходжу хвілін на 10, пагляджу на Ляльку ў Сне паляўнічага, памахаю сваёй раскладной сякерай, дапамагу іншаму паляўнічаму адолець боса, глыбока ўздыхну і выключу кансоль. Галоўная праблема «бладборна» не ў тым, што ён хардкорны, а ў тым, што ён настолькі файны, што на іншыя RPG пасля яго не то што гуляць — глядзець не хочацца. І як цяпер жыць?