Часам я люблю паглядзець артхаус, але яшчэ больш я люблю атмасферу прагляду артхауса.

Уявіце сабе стары кінатэатр, дзе ў ціхім фае цябе сустракае толькі пажылая касірка ў тоўстых акулярах. Ты праходзіш далей па слабаасветленым калідоры. Пры гэтым стараешся крочыць бязгучна, нібы ў бібліятэцы. У невялікай, але прасторнай зале занята ўсяго некалькі месцаў. Ацяпленне яшчэ не ўключылі, таму адзінкавыя гледачы застылі ў скручаных позах, ахінуўшыся ў свае паліто і курткі. У гэтай сонна-хваравітай атмасферы здаецца, быццам бы ты сам персанаж кінастужкі, які зайшоў сюды толькі для невялікай сюжэтнай паўзы перад захапляльнай кульмінацыяй і трагічнай развязкай.

З большага не важна, што паказваюць на экране — сумны нуар ці жыццярадасны мюзікл — як ні парадаксальнае, і тое, і іншае ў такіх абставінах стварае аднолькавы настрой. Але вось зараз гук фільма прыціхне і на фоне зайграе рытмічны эмбіент. Не чакаючы канца паказу, ты ўстанеш са свайго крэсла і выйдзеш з залы, растварыўшыся ў начным горадзе…

Гэты эпізод наўрад ці можа нешта значыць для агульнага сюжэта твайго жыцця, але пры гэтым ён запомніцца значна лепш, чым цэлыя яе кавалкі. І не па прычыне падзей, а па прычыне настрою.

«Цёмная ноч» — гэта якраз і ёсць той самы крышталізаваны настрой. Па сутнасці гэта ўвогуле не мастацкі фільм, а нейкі арт-праект. Для непадрыхтаванага гледача карціна будзе выглядаць як ажыўшы інстаграм паўтузіны хіпстараў ці паўтарачасовы кліп індзі-гурта, у якім музыка з’яўляецца толькі час ад часу.

Кожны асобны кавалачак гэтай меланхалічнай мазаікі выглядае даволі стыльна, вось толькі скласці гэтыя фрагменты ў адзіную апавядальную структуру практычна немагчыма. Дый ці патрэбна гэта?

Атрымліваецца нешта накшталт замалёвак пра тленнае жыццё ў дабрабытнай правінцыйнай Амерыцы. Але ўсё ж праз усе гэтыя цягучыя скетчы праходзіць агульны лейтматыў — гвалт. Аднак гэта не той гвалт, які мы прывыклі бачыць на экране. Тут ніхто нікога не забівае, не б’е і нават не лае. Тутэйшы гвалт яшчэ толькі спее, расце ўнутры людзей сам па сабе і шукае шлях на паверхню… Клац! — і ён выскачыць вонкі, як страшны клоун са старой дзіцячай цацкі. Але гэта не адбываецца. І гвалту ніякага няма. Можа, мы самі ўсё гэта прыдумалі?

Я не бяруся рэкамендаваць «Цёмную ноч» да прагляду, бо гэта вельмі спецыфічнае кіно. Я б нават сказаў містыфікацыя. Але ўсе ж свой след у памяці гэта стужка пакідае, а гэта ўжо нямала.