Bloodborne стала адной з найлепшых гульняў, у якія я калі-небудзь гуляў, таму адзінае, што магло прымусіць мяне пачакаць з купляй Dark Souls 3, гэта тое, што ўражанні ад папярэдняга шэдэўра студыі From Software яшчэ даволі моцныя. Магло, але не змагло. Таму ўжо ў першыя дні пасля рэлізу я прынёс дадому запаветную скрынку з калекцыйным выданнем гульні для PS4.

Увогуле пра калекцыёнкі хацелася б сказаць асобна. Я заўважыў, што ў пагоне за арыгінальнасцю вытворцы пачалі надаваць фігуркам розныя экстравагантныя паставы. Узяць, напрыклад, бегучага Скарпіёна з Mortal Kombat X ці перакошанага Дрэйка з Uncharted 4. Вось і «Чырвоны рыцар» з Dark Souls 3 неяк ненатуральна раскірачыўся. Затое яго памер апынуўся большым, чым я сабе ўяўляў, ну, і ў цэлым выглядае грунтоўна, так што можна сказаць перасягнуў чаканні. Не меншай каштоўнасцью для мяне стаў артбук: шыкоўнае 169-старонкавае выданне з выявамі ключавых персанажаў, месцаў і монстраў трылогіі. Супервокладка, глянцавыя старонкі, а які пах… Вельмі якасная рэч, хаця вядома хацелася, каб ён быў таўсцей. Магчыма, сваю абмежавальную ролю тут згуляла агульная маса скрынкі, якая атрымалася немалой.

Red knight

Не пройдучы яшчэ і паловы гульні, я з упэўненасцю магу сказаць, што свае грошы яна адбіла. Не ведаю, што там сабе нафантазіявалі зласліўцы: камусьці трэцяя частка здалася «Бладборнам» у антуражы «Соулс», нехта наадварот звінаваціў распрацоўнікаў у капіяванні бладборнаўскага антуражу — карацей усім не дагодзіш, да таго ж людзі самі не ведаюць, чаго хочуць. Я ж на 100% атрымаў тое, чаго хацеў. Неверагодная па глыбіні гісторыя пра завядаючы свет, цудоўны дызайн і фірмавы геймплэй, поўны загадак і цяжкасцяў, пераадольваючы кожную з якіх у тваёй душы чырванеюць маленькія вугольчыкі шчасця. Гучыць па-дзіцячаму, але гэта сапраўды так. Як і ў выпадку з Bloodborne, я не магу прыгадаць, каб гульня дарыла такія эмоцыі. Прытым я нават не ўпэўнены, што слова «эмоцыі» тут дарэчнае. Бо эмоцыя — гэта вонкавая праява пачуццяў, а я магу ўвесь вечар гуляць з покерфэйсам, пры гэтым зведваць каласальныя ўнутраныя перагрузкі, што кажа пра глыбокае апусканне ў свет гульні. Dark Souls трымае ў такім напружанні, што табе нават няма калі выйсці з гэтага трансу ў рэальны свет, каб выказаць нейкую эмоцыю, станоўчую або адмоўную. Таму калі вы бачыце чарговы каментар да гульні, што змяшчае словы «пукан», «гарэць», «бамбаванне», «бамбаваць», можаце адважна плюнуць у твар яго аўтару. Гэты чалавек не гуляў у гульні ад From Software і проста балабоніць, тыражуючы нудныя штампы. Ну, ці ён проста шкаляр… Ці дэбіл, што ў наш час таксама не рэдкасць.

Бамбаваць тут абсалютна няма ад чаго. Паміраць у гульні даводзіцца хіба што на босах. Ну, можа яшчэ на нейкіх пастках/засадах у незнаёмай лакацыі. У астатніх выпадках, уважлівая і асцярожная гульня, гэта залог доўгага замагільнага жыцця. Так-так, мы ж гуляем за нечысць. Забіць нас цалкам немагчыма і кожная наша смерць — гэта толькі чарговы зварот кола лёсу. І з чаго тут бамбаваць?

Dark Souls 3 01

Бурныя эмоцыі можа выклікаць мультыплэер, бо тут ужо ў ход пускаецца спартыўны азарт. Але па-першае, гэта справа ў пераважнай большасці сітуацый добраахвотная. Па-другое, суперніка заўсёды можна абхітрыць. Напрыклад, уцячы і схавацца, калі да цябе ўварваліся і ты не хочаш губляць душы.

Дарэчы, мультыплэер у Dark Souls 3 значна больш рознабаковы, чым у Bloodborne. Ярнамские паляўнічыя на паляўнічых бачыліся мне гопнікамі, якія перашкаджаюць гуляць нармальным людзям. У свеце цёмных душ усё нашмат складаней: тут ёсць цэлых восем кавенантаў, якія па-рознаму злучаны паміж сабой і служаць кожны сваёй мэты. Адны ахоўныя, іншыя атакуючыя, трэція прызначаны для кааператыва і гэтак далей. Трафеі, што атрымліваюцца за паспяховае выкананне заданняў кавенанта зараз маюць практычную каштоўнасць — іх можна памяняць на чары, зброю ці прадметы. Карацей кажучы, усе гэтыя PvP разборкі гэта паўнавартасная гульня ў гульні, што дае новыя незвычайныя адчуванні. Тут суседнічаюць і добрапрыстойнасць, і ўдары ў спіну, і радасць ад таго, калі завабіў суперніка ў пастку, і расчараванне, калі да перамогі не хапіла зусім трошкі. Тут мне прыгадаўся мультыплэер у чацвёртым Assassin’s Creed, дзе задума была падобная, але рэалізацыя не ідзе ні ў якое параўнанне.

Я пішу гэты тэкст і лаўлю сябе на думцы, што я проста расхвальваю гульню, а гэта не зусім тое, што мне патрэбна. Па-першае, я не хачу паўтараць напісанае ў пасту пра Bloodborne. Па-другое, я не стаўлю за мэту напісаць рэцэнзію. Галоўны сэнс гэтага тэкста — выкрыццё міфа пра тое, што Dark Souls 3 — гэта «сімулятар болю» ці «забава для мазахістаў». Такія выразы — пустазвонства недалёкіх журналістаў і сммшчыкаў. Я разумею, што гульня спадабаецца далёка не ўсім і для таго каб яе прачуць патрэбен пэўны псіхатып. Магчыма, трэба быць нашчадкам Мануса, Бацькі бездані, і насіць у сабе тую самую часцінку цёмнай душы, што ён некалі здабыў з Першага Полымя… Але на практыцы, парада такая: калі вы шануеце змрочны фантастычны дызайн, калі вам падабаюцца арыгінальныя гісторыі, у якіх не бывае шчаслівага канца і вас кліча дарога прыгод, то ніякія забабоны і жарты інтэрнэт-троляў не павінны вас спыніць.

Dark Souls 3 02

Для мяне выйсце гэтай гульні — гэта адназначна падзея года ў вобласці забаў. Пускай уражанне і не такое моцнае, як пасля Bloodborne, які падняў зусім ужо неверагодна вялікі пласт ідэй і архетыпаў. Dark Souls усё ж такі пра іншае, паралелі з нашым светам тут больш далікатныя і сустракаюцца яны радчэй. Хаця нават галоўная ідэя гаснучае полымя, якое галоўны герой і іншыя персанажы сусвету штораз распальваюць, у тым ліку і ахвяруючы сабой, каб толькі хоць ненадоўга адтэрмінаваць непазбежнае і падоўжыць існаванне завядаючага свету — гэта вельмі моцная выява. Менавіта такія рэчы і робяць гульні шэдэўрамі на ўсе часы.