Гледзячы на россып запісаў блога я падумаў пра тое, што яны слаба адлюстроўваюць мой сапраўдны густ: шмат таго, пра што можна было б і не пісаць, мала таго, пра што напісаць было б варта.

Паспрабую паступова выправіць гэтыя суадносіны.

Разбурэнне (2015)

Demolition

Бліскучая псіхалагічная драма з Джэйкам Джыленхалам. Па прычыне недакладнага перакладу назвы на рускую мову ствараецца ўражанне, што фільм апавядае пра разбурэнне асобы. Ну, ведаеце, як гэта часта бывае ў кіно: людзі, даведзеныя да крайняй ступені роспачы, б’юць посуд, разносяць хату, здзяйсняюць злачынствы, а потым накладаюць на сябе рукі. Ці перараджаюцца. Вось такі фільм можна было б назваць «Разбурэннем», але demolition гэта кіраваны працэс, таму лепш было б перавесці назву як «знос», «разборка» ці мой любы варыянт, які прыйшоў у галаву проста падчас прагляду — «дэмантаж».

Менавіта гэта слова найлепей характарызуе тое, што адбываецца з псіхікай галоўнага героя пасля страты жонкі. Дэвіс не адчувае ні гневу, ні смутку — толькі халодная пустэча і апатыя. Спрабуючы разабрацца ў сваіх пачуццях, ён пачынае разбіраць навакольныя прадметы, а разам з імі і асновы свайго ранейшага жыцця. Кожная яго рэфлексіўная думка гэта нібы шрубка, якую ён дастае са сваёй галавы, асцярожна працірае і паказвае гледачу.

Нягледзячы на даволі сумны сінопсіс, кіно атрымалася лёгкім. Яно не грузіць якімі-небудзь натацыямі ці нязноснымі перажываннямі. Гэта невялікая адчужанасць можа сапсаваць уражанне тым, хто прызвычаіўся да класічных меладрам, дзе галоўны герой цалкам станоўчы персанаж, якому абавязкова трэба суперажываць, а ўсе сюжэтныя лініі канчаюцца каліграфічнымі кропкамі над і.

Думкі і ідэі фільма быццам бы ўвесь час круцяцца вакол цябе, але толькі ты хочаш схапіць іх і ўкласці сабе ў галаву, як яны тут жа адлятаюць на бяспечную адлегласць і працягваюць свой кплівы танец. Упэўнены, што такое можа не спадабацца непадрыхтаванаму гледачу. Я і сам пасля прагляду адчуў нейкую недаказанасць і неўладкаванасць, але чым больш часу мінуе, тым выразней я разумею, што карціна атрымалася выдатная. Магчыма, нават знакавая.

Ва ўсім вінаваты янот (2016)

Wakefield

І зноў можна заўважыць, што расійскія лакалізатары грунтоўна перайначылі назву фільма. Але ў дадзеным выпадку я здымаю перад імі шляпу, таму што загаловак атрымаўся сапраўды трапным і забаўным. А галоўнае, ён падкрэслівае лёгкі іранічны настрой карціны.

Паспяховы юрыст па прозвішчы Ўэйкфілд заграз у сямейнай руціне і аднойчы спантанна ўсвядоміў, што не хоча вяртацца дадому. Так ён пачынае назіраць за жыццём сваёй сям’і з боку. У выніку атрымліваецца штосьці накшталт мужчынскай версіі «Зніклай», але ў жанры трагікамедыі.

Фільм цікавіць, перадусім, незвычайнай завязкай і непараўнальнай гульнёй Браяна Крэнстана, які, хоць і здаўся мне стараватым для гэтай ролі, але ўсё ж прадэманстраваў аддачу, вартую апладысментаў.

Падзеі карціны шмат каму могуць здацца недарэчнымі, але асабіста я ахвотна веру ў падобныя сюжэты. Да таго ж гісторыя даволі метафарычная, і калі раскласці яе на складнікі і счысціць з іх мастацкія ўпрыгожванні, то перад намі паўстане даволі простая і зразумелая байка.

Бабёр (2010)

The Beaver

На гэты фільм я натыкнуўся, праглядаючы рэцэнзіі да папярэдняга. Ён даўно ўжо вісеў у спісе «Да прагляду», таму я вырашыў ацаніць адразу і яго.

Сямейнае жыццё Ўолтара Блэка (Мэл Гібсан) ператварылася ў сапраўдны кашмар, пра што ён сам вам раскажа ў першыя дзве хвіліны фільма. Тады рука дапамогі тапельца працягваецца да гаворачай лялькі бабра…

Гэта гісторыя, мабыць, самая абсурдная з усіх трох і ўсё ж у ёй няма нічога непраўдзівага, хіба што крыху перавялічвання для большага драматызму. Фільм раскрывае цэлы пласт праблем у сямейных і міжасабовых адносінах. Не сказаць, што робіць гэта па-майстэрску, але прынамсі цікава. Шмат у чым карціну ратуе некаторая колькасць чорнай іроніі, якая маскіруе банальнасці. Наўрад ці гэта можна назваць гумарам, таму што эпізоды апускання чалавека ў вар’яцтва выклікаюць не столькі смех, колькі нярвовы смяшок, як той, што павінен згладзіць няёмкасць, калі з вамі гаворыць лялька бабра-мізантропа.