У артыкуле пра «Хардкор» я пісаў пра тое, што ў сферы забаў гульня паміж кіно і відэагульнямі ідзе ў адны вароты. Бюджэты ў GameDev індустрыі дазваляюць ствараць вельмі дарагія праекты з прыцягненнем прафесійных актораў, сцэнарыстаў, кампазітараў, мастакоў па спецэфектах і іншых спецыялістаў. Гульні актыўна асвойваюць новыя жанры і сэтынгі, прыцягваючы ўсё шырэйшыя пласты грамадства.

Кіно ў гэтым сэнсе займае толькі абарончую пазіцыю. Няможна сказаць, што яно зжыло сябе, але інавацый у ім робіцца ўсё менш. Яно ўжо не здздіўляе і ўсё радзей трапляе ў загалоўкі няпрофільных СМІ. Буйныя кінавытворцы баяцца рызыкаваць і гоняць галоўным чынам канфармісцкі шырспажыў па пракладзеных дарожках, а аўтарскаму кіно як заўсёды бракуе сродкаў на рэалізацыю ўсіх задумак і раскрутку. У такіх сумных умовах, зварот да мінулага і ціск на настальгію ўжо ўспрымаецца як нешта выдатнае (гл. «Ла-ла-лэнд»). Але, шчыра кажучы, гэта паўсюдны трэнд.

ducktales-remastered

Цяжка сказаць, што прымушае кіношнікаў брацца за экранізацыю гульняў. Штораз гэта адбываецца спантанна, быццам нехаця. З аднаго боку, гэта і зразумела: як я ўжо адзначыў, буйныя кампаніі вельмі неахвотна бяруцца за раскрутку новых франшыз і лічаць за лепшае выпускаць сіквелы, прыквелы і рэмастэры рознай старызны класікі. Але з іншага боку, лепш ужо ўзяць за аснову вядомую гульнёвую франшызу з гатовай фанбазай, дый увогуле гучныя тайтлы ў многіх на слыху, што па логіке павінна палегчыць прасоўванне.

Не ведаю, у чым тут справа: у юрыдычных пытаннях, недаацэнцы патэнцыялу гульнёвых сусветаў ці негатыўнай камерцыйнай гісторыі падобных праектаў, але ўсё неяк не лепіцца. Кожны новы фільм па гульні грукоча як гром сярод яснага неба і адразу ж пасля прэм’еры сыходзіць у нябыт.

Мне не хочацца капацца ў далёкім мінулым («Смяротная Бітва», «Вулічны баец») і, тым больш, у смецці Уве Бола, прыгадваючы ўсё, што ён там наздымаў. Замест гэтага я адзначу добрыя кінастужкі.

Што мне спадабалася

Silent-hill-film

Сайлент Хіл — карціна 2006 года, што раскалола фанатаў на два супраціўных лагеры, прыемна здзівіла мяне ў свой час. Пераканаўчая гульня актораў, прадуманая гісторыя, містычная атмасфера, прапрацаваны выгляд і пластыка монстраў. Я згодзен, што некаторыя рэчы, такія як з’яўленне Пірамідагаловага, парушаюць кананічную міфалогію першакрыніцы, але ж у кожнага свой Сайлент Хіл, хіба не так?

Макс Пэйн — я дрэнна знаёмы з аднайменнай серыяй гульняў, нягледзячы на яе культавасць. А вось фільм мне вельмі спадабаўся: атрымаўся стылёвы баявік з захапляльнай гісторыяй і дарэчнымі ўкрапваннямі містыкі. Дый Марк Ўолберг тады яшчэ не быў такім вядомым, прынамсі для мяне, і ўспрымаўся свежа.

Прынц Персіі: Пяскі часу — моцны падлеткавы баявік з добрымі акторамі, бадзёрым дзеяннем і класічным сюжэтам. Дысней гэта пэўны крытэр якасці, як ні круці.

Dead Space: Downfall — знянацку вельмі круты мульт па не менш крутой гульні Dead Space. Дзякуючы шакавальнай брутальнасці і беспрасветнай змрочнасці засядае ў памяці на доўгія гады. Да таго ж ён у падрабязнасцях распавядае пра падзеі, што адбыліся на «Ішымуре», то бок з’яўляецца прыквелам да першай гульні.

Варкрафт — на мой погляд, самы паспяховы фільм са знятых па гульнявой франшызе ў цэлым. Я ўжо расказваў пра яго падрабязна на старонках блога. На жаль, не шэдэўр, але, мабыць, лепшае з таго што ёсць.

Прахадняк

Resident-Evil-Retribution

Лара Крофт: Раскрадальніца магільняў — прахадны баявік. Глядзеў яго вельмі даўно, нават і ўспомніць толкам няма чаго. Дый Анджалінай Джалі ніколі не захапляўся.

Прыстанак зла — першыя дзве часткі, увогуле, нядрэнныя, трэцяя прахадная, а далей я ўжо і глядзець не стаў, бо што ў кіно, што ў гульні-першакрыніцы пачалася нейкая наркаманская адсябеціна. І ўсё ж, і гульнявая і кіношная франшызы нейкім чынам не толькі трымаюцца на плаву, але і нават нядрэнна зарабляюць.

Final Fantasy: The Spirits Within — неверагодна прыгожая анімацыя для свайго часу. На жаль, праз гады больш пра гэты праект няма чаго прыгадаць. Хоць карціна, безумоўна, недурная.

Хітмэн — як ні дзіўна, мне гэты фільм таксама хутчэй спадабаўся, чым не. Хоць Цімаці Оліфант быў зусім не падобны на Агента 47 з гульні, дый дзейнічаў хутчэй як герой баевіка з 1980-х, а не ўтойлівы забойца, фільм было досыць цікава глядзець. Прайшло 10 гадоў, а кадры з фінальнай бітвы я помню дагэтуль, што шмат пра што кажа. Так што хоць гэта і прахадняк, але ў цэлым нядрэнны. «Хітмэна» двухгадовай даўнасці я, на жаль, так і не паглядзеў.

Need for Speed: Прага хуткасці — шчыра кажучы, я гэты фільм не глядзеў. Але ўвогуле задумка прышпільная. Можна зняць любы фільм пра гонкі і сказаць, што гэта экранізацыя Need for Speed ці чарговы баявік пра спецназ прымазаць да Counter-Strike.

Пра Doom і Tekken нават успамінаць не хочацца. Гэта штосьці невыразнае. Я нават доўгі час памылкова лічыў, што Doom зняты Уве Болам.

А як жа нядаўні фільм «Крэда забойцы»?

Assassins-Creed-Movie-02

Пра гэту экранізацыю варта распісаць падрабязней, бо, на мой погляд, яна трапіла ва ўсе пасткі, якія былі ў яе на шляху. Пойдзем па пунктах.

Нудная першакрыніца — сама гульня Assassin’s Creed неверагодна нудная. І калі падзеі ў мінулым гэта такая ўмераная нуда, то ўсё, што адбываецца ў сучаснасці, гэта простае штосьці невыноснае. Не, сур’ёзна гэта нудней, чым «Мсціўцы», нудней, чым разглядаць дыван на сцяне, нудней, чым чэргі на медкамісію ў ваенкамаце. Гэта проста катаванне! Я не разумею, якім чынам гэты аспект гульні захаваўся ў ёй аж да апошніх частак. Але чорт з гульнёй, у ёй хаджэнням па офісе «Абстэрга» адводзіцца не больш 10% агульнага часу, але ў фільме ж усё наадварот! Экранізацыя перадусім канцэнтруецца на падзеях сучаснасці, а прыгоды ў Іспаніі XV стагоддзя гэта толькі ўкрапіны. Дый то нудныя і прадказальныя як паход у школьны музей.

Адсутнасць пераваг перад гульнёй — гэта часткова выцякае з першага пункта. У гульняў ёсць найважная перавага перад фільмамі — інтэрактыўнасць. Гулец робіцца часткай свету і аказвае на яго непасрэдны ўплыў, тым часам як кінаглядач знаходзіцца ў заведама пройгрышнай пазіцыі, бо ён усяго толькі пабочны назіральнік. А значыць, здымачная група павінна скарыстаць усе свае ўнікальныя магчымасці нават не на 100, а на 200 адсоткаў. Я кажу пра кінематграфічнасць, аператарскую работу, пастаноўку сцэн і пераключэнне паміж імі, гульню актораў, дыялогі і сотні іншых кіношных штучак.

Silent-hill-film-02

Возьмем для прыкладу той жа «Сайлент Хіл». У гульні мы прывязаны да нашага персанажа: ён наш адзіны правадыр у чужым свеце, наша альтар эга, з якім мы не расстаёмся ні на хвіліну. Гэта ні добра, ні дрэнна — проста асаблівасць, характэрная для большасці гульняў. А вось у фільме дзеянне перыядычна пераключаецца на Шона Біна — другараднага персанажа, які застаўся ў рэальным, а не альтэрнатыўным свеце. Такога героя ў гульні няма, а калі б і быў, то кіраваць ім было б нудна. Напэўна, ён бы толькі адцягваў увагу ад напружанай атмасферы. А ў фільме атрымліваецца наадварот, ён не перацягвае ўсю ўвагу на сябе, а толькі паказвае дваістую містычную сутнасць горада, што асабліва важна для гледачоў, не знаёмых са светам гульні. Прыклад, можа, не ідэальны, але лічу, што мая думка зразумелая. Кіно павінна быць кінематаграфічным, інакш прасцей будзе паглядзець відэапраходжанне гульні, чым здымаць дарагую экранізацыю. Прытым не абавязковага марнаваць час на шматгадзінны лэтсплей з тупымі жартамі аўтара. На Youtube можна знайсці і так званыя game movie — запісы праходжання, з якіх выразаны ўся непатрэбная беганіна і пабочныя заданні, а пакінуты толькі канцэнтраваны сюжэт і экшн без недарэчных закадравых каментароў гульца. Глядзіцца гэта як паўнавартасны фільм, хоць я і імкнуся праходзіць усё цікавыя гульні самастойна.

Экранізацыя vs адаптацыя — чамусьці прынята лічыць, што калі гаворка заходзіць пра экранізацыю гульні, то фанаты чакаюць яе даслоўнай перадачы на экране. А вось калі зняць штосьці самастойнае, то яны абавязкова застануцца незадаволенымі. На мой погляд, гэта памылка. Можа, у часы васьмібітак, калі гульцу даводзілася шмат чаго дадумваць, то многія і марылі пра тое, каб убачыць тую самую любую гісторыю толькі ў яркіх фарбах і з жывымі акторамі, але цяпер…

Uncharted-4-heroes

Сучасныя AAA-гульні гэта ўжо і ёсць паўнавартаснае кіно. У актораў кожная вейка бачна, куды ўжо далей? Навошта мне глядзець фільм па Uncharted, калі я ўсю гэту гісторыю не тое, што бачыў, я яе пражыў і ведаю, чым яна скончыцца. І гісторыя гэта была прыгожай, кінематаграфічнай, з харызматычнымі персанажамі і прафесійна пастаўленымі дыялогамі. Навошта мне ўсё тое ж самае, толькі ўціснутае ў две гадзіны, ды яшчэ і з іншымі акторамі і без геймплэя? Не разумею. Тых, хто не знаёмы з гульнёй, ці гэта таксама наўрад уразіць. Чарговы «неда-Індыяна-Джонс» шукае скарбы, ну і што тут такога неверагоднага?

Калі аўтары даслоўна экранізуюць вядомую гісторыю, то яны самі прымушаюць гледача параўноўваць яе з арыгіналам. І па прычынах, пазначаных вышэй, гэта параўнанне ніколі не гуляе ім на руку. Іншая справа, калі ў фільме паказана самастойная гісторыя, якая дапаўняе арыгінал, як згаданы вышэй Dead Space: Downfall. У гэтым выпадку рыскі значна ніжэй і нават магчымы правал у пракаце не так моцна б’е па рэпутацыі кампаній, маючых дачыненне да здымак.

«Крэда забойцы», як і нядаўні «Прывід у даспехах», вырашыў змясціцца на двух крэслах. Нібы у нас і не экранізацыя, і не арыгінальная гісторыя, а штосьці «па матывах». Зборная салянка з ключавых элементаў франшызы. Такі падыход у прынцыпе таксама магчымы (ізноў жа «Сайлент Хіл»), але тут хутчэй падвяла рэалізацыя. Сцэнар «Крэда забойцы» проста жудасны. Персанажы, іх матывы і ўчынкі, сама ідэя з гэтым яблыкам міфічным — проста каша. Халодная, нясмачная, з камячкамі, дый яшчэ на вадзе. Самога па сабе фільма няма. Ёсць нейкі вымучаны абгрызак, што складаецца з іншых абгрызкаў і клішэ, і намёк на працяг.

Assassins-Creed-Movie-03

Праблему я бачу ў тым, што за фільм першапачаткова ніхто не хацеў брацца, а калі ўзяліся, то вытворчы працэс расцягнуўся і ўскладніўся з-за шматлікіх прадзюсераў, праваўладальнікаў і іншых зацікаўленых асоб. І добра б фізічных асоб, але калі ў справу ўступае адразу некалькі карпарацый, то нічога добрага чакаць не даводзіцца. Для таго каб атрымаўся цэласны вынік, а не франкенштэйн, пашыты з «зацверджаных» кавалачкаў, патрэбен пэўны крэдыт даверу рэжысёру, сцэнарысту і ўсёй здымачнай групе. Але які можа быць давер, калі на коне 125 мільёнаў, гады, змарнаваныя на пагаджэнні і рэпутацыя? Вось і атрымліваецца ні сабе, ні людзям.

Магчыма, я разважаю павярхоўна, але навіны пра экранізацыю Uncharted, якія зараз з’яўляюцца адна за адной, выклікаюць у мяне дэжавю. Ізноў нейкія мутныя патугі, ізноў змена рэжысёраў-прадзюсераў… То сцэнар гатовы, то ён згублены, то ён выратаваны… Карацей, чарговая халаднаватая гісторыя))

Бадай што, гэта усё, пра што я хацеў напісаць, але я ўпэўнены, што да гэтай тэмы давядзецца вярнуцца яшчэ не раз. Спадзяюся, па прыемнай прычыне.