Новы «Прывід у даспехах» пакідае змешаныя пачуцці. Маё стаўленне да фільма ўвесь час мянялася па меры таго, як прыгожыя і захапляльныя эпізоды змяняліся нуднай банальшчынай, якую мы сто разоў ужо бачылі і чулі ў іншых фільмах падобнага напрамку.

Своечасовы прагляд арыгінальнага аднайменнага анімэ 1995 года хутчэй перашкодзіў мне ў разуменні новай карціны, чым дапамог. Нягледзячы на тое, што агульная кампазіцыя захавана, а некаторыя сцэны, дык і ўвогуле перазнятыя кропля ў кроплю, на выйсці мы атрымалі два абсалютна розных фільма, як па жанры, так і па сэнсавым напаўненні.

Японскі «Прывід у даспехах» — гэта футурыстычны нуар-дэтэктыў, дзе шмат сузірання і філасофскіх рэфлексій пра прыроду чалавечай і штучнай асобы. Дыялогі не простыя для разумення, бо персанажы могуць сходу выдаць міні-эсэ з глыбакадумных разважанняў і рытарычных пытанняў. Многія ідэі зусім не агучваюцца, а падаюцца праз візуальныя вобразы і дэталі асяроддзя. Гэтага, дарэчы, вельмі не хапае амерыканскай адаптацыі, якая выглядае як звычайнае коміксавае кіно…

Ghost-in-the-shell-00

Ну добра, удалае коміксавае кіно…

Здаецца, у гэтым няма нічога страшнага, бо першакрыніцай гісторыі пра маёра Кусанагі была манга (якую, дарэчы, збіраюцца перавыдаць у Расіі). На жаль, з ёй я не знаёмы, таму пішу аб уражаннях, грунтуючыся толькі на тым, што асабіста бачыў.

А ўбачыў я на прэм’еры банальны баявік-прыгоду пра злую карпарацыю, добрых партызан-падпольшчыкаў і заблытаннага галоўнага героя. Асаблівай гэту гісторыю робіць перш за ўсё сам антураж кіберпанка. Калі вам падабаецца выгляд неасярэдневяковых гета, з якіх тырчаць высокія хмарачосы, аблепленыя неонавай рэкламай, а таксама ўся гэта тэма з правадамі ў патыліцы, то фільм прапускаць няможна. Хоць бы з візуальнага пункту гледжання, ён увагі заслугоўвае.

Ghost-in-the-shell-01

Вось толькі асабіста мне не спадабалася, што кіберпанк у фільме недастаткова «панк». То бок не зусім «брудны» і жывы. Ён падобны не на «Беглага па лязе», у рэальнасць якога верыш з першых кадраў, а на «Хмарны атлас», аб якім у мяне нейкія агідныя ўспаміны. Атрыбуты сэтынгу фармальна быццам бы як выкананы, але ўсё выглядае неяк стэрыльна: бракуе дэталяў і побытавай выразнасці дэкарацый. Хаця у некаторых месцах намёкі на гэта ўсё ж прасочваюцца.

Ghost-in-the-shell-02

Галоўнай праблемай новага «Прывіда ў даспехах» я б назваў нават не спрашчэнне сэнсавага складніка, якое, безумоўна, мае месца, а ўсеагульную другараднасць. І нават не ў адносінах да анімэ, а ўвогуле. Кожная сцэна ці рэжысёрскі прыём здаюцца бачанымі раней ці, прынамсі, знаёмымі па іншых фільмах: «Беглы па лязе», «Хмарны атлас», «Я, робат», «Матрыца», «Рабакоп», «12 малпаў», «Цёмны рыцар», «Эквілібрыум», «Пандорум» і іншыя. Я ўжо маўчу пра нязменны твар Скарлет Ёхансан.

Ghost-in-the-shell-03

Тобі пізда

Ад пафасу і прамалінейнага маралізатарства часам вянуць вушы, але нават не гледзячы на ўсё гэта, амерыканская адаптацыя «Прывіда ў даспехах» пакідае ўмерана станоўчыя ўражанні. Карцінка прыгожая, саўндтрэк нядрэнны, падзеі паслядоўныя і зразумелыя. Астатняе залежыць ад вашага асабістага ўспрымання і настрою.

Галоўная рада: нават калі вы не фанат анімэ, але любіце інтэлектуальнае кіно, паглядзіце японскі арыгінал 1995 года. У ім нават ёсць штосьці ад Рэфна. Хаця дакладней сказаць, што гэта ў Рэфна ёсць штосьці ад «Прывіда ў даспехах», як і ў Вачоўскі, і ў многіх, хто быў «пасля». Проста мы пра гэта не ведаем.

Ghost-in-the-shell-04