Адразу скажу, што загаловак не адлюстроўвае ўсёй сутнасці паста, таму што я планаваў пісаць пра адно, але пачаў пра іншае, а ў выніку напісаў пра трэцяе. Такое рэдка са мной здараецца, але ж на тое блог і патрэбны. 🙂

Усё пачалося з таго, што я схадзіў у кіно на «Слаўных хлопцаў». Не так часта выходзяць фільмы, у якіх на галоўных ролях адразу два ўлюбёных акцёра. Удакладню, што паняцце «ўлюбёны акцёр» ўмоўнае. У сучасных рэаліях пад гэту катэгорыю ў мяне трапляюць тыя нешматлікія, хто ўяўляе сабою хоць штосьці большае чым камяк мускулаў, каранаваны коратка стрыжанай галавой з квадратным падбародкам. Такое пачуццё, што цяпер усіх дзеячых асоб мужчынскага полу, а хаця і жаночага таксама, набіраюць з парнухі.

male_celebrities

І самае смешнае: нават тыя, хто спачатку быў падобны на звычайнага чалавека, паступова прыходзяць да гэтага стэрэатыпнага вобраза. Мэт Дэйман, Джэйк Джыленхал, Раян Рэйнальдс — тысячы іх. Не трэба ніякіх камедый, можна проста паглядзець, як хадзячы анаболік, на якім трашчыць пінжак, спрабуе гуляць няўпэўненага адваката-акулярыка.

На гэтым фоне Раян Гослінг выгадна адрозніваецца ад калег. Але спачатку пара слоў пра Расэла Кроў, каб потым да яго не вяртацца. У прынцыпе з ім усё зразумела: ён выйшаў з таго пакалення, калі акцёры знешне адрозніваліся адзін ад аднаго, і трывала аслупаваў сваё месца ў памяці гледачоў як Максімус з «Гладыятара», Джон Нэш з «Гульняў розуму» і нават як люты важак скінхэдаў з «Ромпер Штомпер». Нядаўні рэжысёрскі дэбют у «Шукальніку вады» таксама добра запомніўся. Расэл Кроў — гэта стары конь, які зорак з неба не хапае, але і баразны не псуе.

У фільме ён паўстаў у прадказальнай выяве брутальнага дзядзькі, які не цураецца ўжывання сілы. Быццам бы бычок Бад з «Сакрэтаў Лос-Анджэлеса» пастарэў і выйшаў на пенсію. Нягледзячы на агульна добрае ўражанне, штосьці ў выяве аўстралійца мяне бянтэжыла. Магчыма, тое, што ён толкам нават не гуляў, а проста перамяшчаўся з месца на месца і ўладкоўваў справы. Такім чынам асабіста я не ўбачыў Джэксана Хілі, я ўбачыў стомленага і панурага Расэла Кроў, але пры гэтым не сказаў бы, што гэта было вельмі дрэнна. Мабыць, так ужо склаліся два тыпажы.

nice_guys

Пра Раяна Гослінга такога не скажаш. Я глядзеў на яго і бачыў персанажа, а не акцёра. Ён выгадна выглядаў і ў дыялогах, і падчас стрэльбаў, і ў камічных, і ў сентыментальных сцэнах. А калі камера пад характэрным кутом паказала тое, як герой заскочыў у маслкар, мне адразу прыгадаўся фільм «Драйв», пра які я даўно хацеў напісаць. Дарэчы, чаму б не зрабіць гэта сёння? Са «Слаўнымі хлопцамі» вы і без мяне разбярэцеся. Расказваць тут няма пра што. Добры прыгодніцкі баявік у антуражы 1970-х з нядрэннымі жартамі і макрухай, які выязджае на якаснай гульні акцёраў і настальгіі па фільмах пра напарнікаў. Трывалае кіно, не пашкадуеце. Тым, хто хоць трохі ведае англійскую мову, рэкамендую глядзець з арыгінальнай агучкай — атрымаеце больш станоўчых эмоцый.

А вось «Драйв»… «Драйв» — гэта зусім іншая гісторыя.

drive_poster

«Драйв» — гэта незалежнае кіно ад дацкага артхаўснага рэжысёра Нікаласа Віндынга Рэфна. Калі б не Залатая пальмавая галіна, я б назваў фільм недаацэненым, а так я скажу, што гэта проста малавядомы шэдэўр. Прайшло ўжо больш за два месяцы, як я яго, нарэшце, паглядзеў, а ён усё не выходзіць у мяне з галавы.

Вядома, жамчужыну ў ім распазнае не кожны. «Драйв» — гэта фільм–настрой, фільм–светапогляд. Як кажуць, не для ўсіх. Калі вы шукаеце экшэна, гонак і разжаваных дыялогаў, то вам далей па калідоры.

Усім, хто застаўся, я зараз намалюю ідэальныя ўмовы для прагляду такога кіно, як «Драйв». Зрабіце глыбокі ўдох і расслабцеся…

Ноч. Першая гадзіна, можа пазней. Цішыню парушаюць толькі адзіночныя аўтамабілі, што час ад часу праязджаюць недзе ўдалечыні за акном. Можа, зрэдку пабразджыць сваімі жалезінамі запознены трамвай. Вы толькі нядаўна вярнуліся з люднага месца. Гэта было буйное рабочае мерапрыемства, накшталт выставы, дзе вы былі адной з адказных асоб ці, можа, проста нейкае свята, вечарына. Нягледзячы на некаторую колькасць выпітага алкаголю, вам зусім не весела. Хутчэй наадварот. Цяжкі дзень. Штосьці не атрымалася ці вы проста стаміліся. Вы разумееце, што ўжо позна, але спаць зусім не хочацца. Ды і заўтра выхадны. Вы расшпіляеце адзенне, валіцеся на ложак і расслабляецеся. Дыханне запавольваецца. Здаецца, што час спыніўся. Вы намацваеце пульт і ўключаеце тэлевізар — святло ад яго імгненна распаўсюджваецца па пакоі, але вочы хутка прыстасоўваюцца. На экране з’яўляюцца ружовыя тытры, стылізаваныя пад васьмідзясятыя. Пачынае гуляць рэтравэйв, паступова апускаючы вас у гіпнатычную атмасферу фільма «Драйв»…

drive_night

У фільме складана вылучыць плюсы і мінусы. Прынамсі, не хочацца. Гэты цэласны твор, чые кампаненты непарыўна злучаны адзін з адным, утвараючы нейкі паток, накіраваны табе ў душу. Не так, як у Таркоўскага ці іншых майстроў арт-хаўса. Зусім не. Гісторыя, пакладзеная ў аснову «Драйва», зразумелая, празаічная і штодзённая для галівудскага кіно. Злачынны Лос-Анджэлес, злыя мафіёзныя шышкі, торба, набітая стадаляравымі пачкамі, безабаронная дзяўчына з дзіцём і Ён…

Герой, у якога няма ні вялікіх мускулаў, ні гаджэтаў, ні суперздольнасцяў. Нават імя ў яго няма. Але ты глядзіш на яго і разумееш, што ён круцей за ўсіх. Ён заўсёды спакойны, ніколі не балбоча дарма і здольны расправіцца з усімі злыднямі свету, калі яны перайдуць яму дарогу. Не таму што так належыць па сцэнарыі, а таму што ты бачыш гэта ў яго вачах, у яго рухах. Мімаволі прыгадваецца вядомая паста: «Паглядзі на гэтага мужчыну і спытай самага сябе, што з ім не так? Чаму ў яго позірке жалеза, у выправе сталь, а замест скуры свінец?»

gosling_drive

Безумоўна, Раян Гослінг вельмі дакладна трапіў у вобраз. Вось, што значыць адказна ставіцца да сваёй фільмаграфіі. Магчыма, я павярхоўна гляджу на рэчы ці гэта проста збега абставін, але Гослінг адзін з нешматлікіх на кім не ляжыць праклён адной ролі. Яго героі вельмі розныя, але пры гэтым у іх ёсць штосьці агульнае. У іх заўсёды ёсць таямніца і трагедыя. Можа, справа у тым, што ён не так часта здымаецца — таксама варыянт, але факт застаецца фактам: Раян Гослінг — гэта цудоўны акцёр, а «Драйв» — яго бенефіс.

gosling_vinding_refn

Так, я ведаю, у 2013 годзе выйшаў яшчэ адзін фільм за аўтарствам таго ж Нікаласа Віндынга Рэфна з Гослінгам у галоўнай ролі, але «Толькі бог прабачыць» гэта ўсё ж зусім іншае кіно.

«Драйв» таксама спачатку планаваўся іншым. Гэта павінен быў быць звычайны баявік з Х’ю Джэкманам, але Віндынг Рэфн выратаваў гэты фільм, сабраўшы новую каманду і зняўшы кіно ў сваім стылі, за што яму вялікі дзякуй. Аўтарскі падыход прыметны ў кожнай сцэне. Вядома, доўгія планы і мастацкая праца са святлом не яго вынаходка, але нельга адмаўляць майстэрства рэжысёра ў пастаноўцы яркіх сцэн, што разам з бліскучай аператарскай працай і цудоўным саўндтрэкам робіць фільм незабыўным.

Па ўзроўні нейкай падсвядомай магіі «Драйв» вельмі нагадаў мне расійскі фільм «Брат» Балабанава. Калі капнуць глыбей, то можна заўважыць, што абедзве карціны выкарыстоўваюць класічныя для сваіх краін сюжэты-прытчы. Для амерыканцаў гэта вобраз простага чалавека, які пад ціскам абставінаў павінны перасягнуць самога сябе і стаць супергероем. Для рускіх гэта казка пра Івана-дурня, які ў заўсёдным пошуку сябе і адказаў на вечныя пытанні. Абодва героі, па сутнасці, бандыты, яны робяць страшныя ўчынкі і забіваюць людзей, але строга прытрымліваюцца свайго ўнутранага кодэкса гонару, які просты і зразумелы для гледача. Для большасці гледачоў. Я добра разумею тых, хто скажа, што гэта «змрачняк» і «чарнуха», але менавіта такія фільмы западаюць у душу і прымушаюць задумацца пра мараль… пра грамадства… пра свет, у якім мы жывём…

На гэтым, я думаю, можна пакуль што скончыць.

І дарэчы, беражыце Раяна Гослінга.

gosling_photo