Гульня стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Тым часам як многія сучасныя «шэдэўры» гульнёвай індустрыі апынаюцца пустышкамі, не здольнымі захапіць нават на адзін вечар, ад Grand Ages: Rome я не мог адарвацца некалькі тыдняў запар. У гульні няма сістэмы дасягненняў ці іншых сучасных хітрыкаў, ненатуральна схіляючых праводзіць за ёй больш часу, але яна прыцягвае сваім вытанчаным стылем, мерным геймплэем «ад простага да складанага» і нагадвае, чаму мы кахалі стратэгіі старой школы.
Безумоўна, Grand Ages: Rome — гэта нішавая гульня, разлічаная на аматараў горадабудаўнічых стратэгій. Магчыма, для вопытных хардкорнікаў, якія гулялі ў першых «Цэзараў» ці SimCity, яна здасца залёгкай. Усялякіх опцый і налад тут не так шмат, а вытворчыя ланцужкі не вельмі складаныя. Калі нікуды не спяшацца і развівацца паступова, то мернае жыццё горада не парушаць ніякія беды.
Вайсковая справа пададзена нядрэнна па мерках эканамічнай стратэгіі. Ёсць магчымасць трэніраваць розныя тыпы рымскіх атрадаў, браць на службу наёмнікаў і будаваць баявыя караблі, каб супрацьстаяць варварам, мяцежнікам, піратам ды іншым ворагам.
У займальнай вялікай кампаніі мы гуляем за прадстаўніка адной са знатных рымскіх сем’яў. Кожны з радоў валодае сваім наборам бонусаў у адмысловым дрэве развіцця: нехта зацыклены на вайне, нехта паспяховы ў гандлі, а нехта ў навуцы. Звычайна нам прапануецца некалькі місій на выбар, сярод якіх ёсць вайсковыя і эканамічныя. Кожная місія мае асноўныя мэты і дадатковыя. За выкананне дадатковых мэт гулец можа прымножыць багацце свайго альтар-эга і набыць уласнасць, забяспечваючую розныя бонусы ў далейшай гульні.
Нягледзячы на тое што Grand Ages: Rome выйшла ў 2009 годзе, выглядае яна нядрэнна, што бачна па скрыншотах. Вельмі цешыць маляваная графіка і партрэты персанажаў у меню кампаніі. Гэта нібы глыток свежага паветра ў наш час засілля 3D. Але самай галоўнай каштоўнасцю гульні я лічу вялікія карты. Пры жаданні можна стварыць па-сапраўднаму вялікі старажытнарымскі горад. Калі параўноўваць з апошняй SimCity, то можна нават сказаць велізарны. Дадайце да гэтага разнастайнасць карт, розныя рэжымы вольнай гульні, а таксама кааператыўны і спаборніцкі мультыплэер. Гульня атрымалася выдатная!
Пакінуць каментарый