Я разумею, усе мы тут кінаінтэлектуалы і гульнеэліта і змагаемся за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Але пры гэтым усе ж мы людзі і думаю, што кожнаму знаёмы такі стан, калі хочацца расслабіцца і адключыць мазгі. Я не ханжа і не бачу нічога ганебнага ў тым, каб раз на месяц у пятніцу ўвечар наліць куфаль халоднага піва і пагуляць у якую казуалку або паглядзець тупую камедыю. Усё ж лепш, чым глядзець тэлевізар ці спрачацца з кімсці ў інтэрнэце, хіба не так? Галоўнае, каб гэта не ўвайшло ў штодзённую звычку.

Так вось для мяне такім пятніцкім фільмам стаў «Браты з Грымсбі» — свежая камедыя пра двух братоў з англійскай глыбінкі. Па завязцы адзін з братоў выбіўся ў людзі і стаў агентам брытанскіх спецслужбаў, а другі так і застаўся поўным няўдачнікам. На гэтым кантрасце і будуецца гумар фільма, балазе кастынг вельмі ўдалы. З аднаго боку, прэзентабельны Марк Стронг, які вядомы па сур’ёзных ролях. З іншай, Саша Барон Коэн, які запомніўся сваімі абсалютна адмарожанымі персанажамі: брытанскі эмсі Алі Джы, казахстанскі журналіст Барат Сагдзіеў, аўстрыйскі гей Джуна і блізкаўсходні дыктатар Аладзін. Чаго яшчэ чакаць ад фільма з гэтым эпатажным комікам, як не бясконцай чарады жартаў пра чэлесы і машонкі?

sacha-baron-cohen_grimsby

Сапраўды, жарты і ўчынкі тут нават не на грані. Яны за гранню. Але, каб іх чорт узяў, гэта працуе! Вядома, не заўсёды, але нават калі кожны пяты жарт прымусіў усміхнуцца ці пасмяяцца, то гэта вельмі нядрэнны вынік для камедыі такога ўзроўня. Адпачатку ў мяне было лёгкае пачуццё прадузятасці да фільма, але бліжэй да канца я зразумеў, што «Братоў з Грымсбі» варта ўспрымаць перадусім як пародыю на фільмы пра напарнікаў. Вось тады гэты гіпербалізаваны дупны гумар пачынае працаваць на 100%, а другаснасць сюжэта ўспрымаецца менавіта як насмешка над тыповымі фільмамі жанру.

Здаволіўшыся гэтым, я паставіў «братам» 6 з 10, што даволі нямала для фільмаў такой катэгорыі. Адзін раз будучы ў настроі паглядзець можна. Але што рабіць, калі на наступны дзень ізноў такі ж настрой? Не пераглядаць жа гэту халеру зноў.

Таму для суботняга вечара я выбраў яшчэ адну камедыю гэтага года — «Дзядуля лёгкіх паводзін» з Робертам Дэ Ніра ў галоўнай ролі. Вядома, ніякіх ілюзій у адносінах да фільма я не жывіў. Думаў, будзе штосьці накшталт «Starперцаў» ці «Знаёмства з Факерамі», толькі прасцей. Але ж, на жаль, усё апынулася значна горш.

dirty-grandpa

Не ведаю, як і чаму Дэ Ніра пагадзіўся на гэту ролю, але яго ўдзел толькі дадае трагізму пры ўсведамленні таго, наколькі правальны гэты фільм. Сямідзесяцігадовы старычына, які ўвесь час прыгаворвае, як ён «хоча пярдоліцца», выклікае толькі жалю. Ніводнага па-сапраўднаму смешнага жарту я не ўбачыў, пры тым што ўзровень пошласці імкнецца да «Амерыканскага пірага». Героі зусім кардонавыя і бесталковыя, сюжэт прадбачны з першых хвілін фільма — такое пачуццё, што глядзіш бюджэтную камедыю пачатку нулявых. Карацей кажучы, я б не раіў глядзець гэты фільм нікому. Хіба што зацятым аматарам Роберта Дэ Ніра, дый то толькі дзеля таго, каб у чарговы раз нагадаць: не ствары сабе куміра. «Дзядуля лёгкіх паводзін» атрымлівае ад мяне заслужаныя 4 балы з 10. Фільм не выклікаў у мяне ні злосці, ні вялікага расчаравання — толькі адчуванне, што гэтыя паўтары гадзіны можна было правесці з большай карысцю.

Такім чынам, англійская хуліганы з Грымсбі з лёгкасцю расправіліся з заклапочаным амерыканскім дзядулей. Абодва фільма апынуліся пошлымі і агіднымі, але першы час ад часу быў таксама смешным.