Я не вельмі люблю баевікі. Фільмы, дзе няма ні сэтынгу, ні драмы, ні інтрыгі — толькі тупая бойка. Нарэшце колькі можна глядзець адно і тое ж: добрага хлопца ці яго сям’ю крыўдзяць, таму ён пачынае ўсіх забіваць, пакуль, нарэшце, не забівае галоўнага злыдня. Канец.

Я ўжо даўно звыкся з думкай, што мне не зразумець тых, хто глядзіць такое кіно, таму стараюся не лезці на іх тэрыторыю. Ну, глядзяць і глядзяць, законам не забаронена. Але так ужо атрымалася, што фільм «Хардкор», а менавіта тыя, хто яго піярыць, першымі парушылі сталы нейтралітэт і ступілі на маю зону інтарэсаў. Я б нават сказаў уварваліся… Ну што ж, тады мне застаецца толькі са спакоем бармэна дастаць сваю дубальтоўку з-пад прылаўка.

«А ну проваливайте из моего заведения!»

«Выхад у тым напрамку. Дзякуй»

Справа ў тым, што амаль у кожным аглядзе на «Хардкор» можна сустрэць згадванне камп’ютэрных гульняў.

Станоўчыя водгукі звычайна такога плана: «Вы чулі? Яны зрабілі фільм, падобны на шутар ад першай асобы! Новае слова жанру на скрыжаванні кіно і гульняў!»

не можыд быт

А мяркуючы па тым, што пішуць аўтары «чырвоных» рэцэнзій, можна зрабіць выснову, што камп’ютэрную гульню яны бачылі толькі адзін раз, дый тое гадоў дзесяць таму ў сюжэце перадачы «Хай гавораць!».

Але я не буду кідацца ў крайнасці і паспрабую зірнуць на фільм цвяроза. У стужцы сапраўды часам праскокваюць кадры, што нагадваюць катсцэны з шутараў. Як правіла, гэта датычыцца гутарак і размахвання пісталетам перад носам героя. Галоўны злыдзень дык і ўвогуле нахабна касплэіць антаганістаў з Far Cry.

А вось экшн-сцэны па ўзроўні паглыблення і відовішчнасці з шутарамі не стаяць і побач. Пачнём з таго, што аўтары фільма не ўлічылі два важныя моманты. Па-першае, у камеры ў гульнях, як і ў чалавека ў вачах, ёсць стабілізацыя, якая не працуе, калі проста начапіць GoPro на галаву. Я нават баюся ўявіць колькі дубляў пайшло ў глум проста па прычыне празмернай трасяніны, пазбавіцца ад якой усё адно не атрымалася. З пункту гледжання ўкалыхвання, я чалавек даволі трывалы, але гэта не ўсцерагло мяне ад галаўнога болю і стомленасці ў вачах напрыканцы прагляду. Другі момант: відэагульня — гэта віртуальная рэальнасць з поўным паглыбленнем. Вочы гульца счытваюць інфармацыю на экране, перадаюць яе ў мозг, які прымае рашэнні аб патрэбных дзеяннях і пасылае загад рукам, ужо будучы гатовым да рэакцыі на гэтыя дзеянні. Калі мы глядзім кіно, то не толькі не можам паўплываць на тое, што адбываецца, але і не можам прадбачыць, што зробіць наш герой у наступную секунду. А робіць ён вельмі шмат усяго, да таго ж хутка і няскладна. Ад такой непадкантрольнай мітусні вочы і мозг стамляюцца ў разы хутчэй, чым у гульнях. Як гэта ні сумна (насамрэч не): што спарадзіла «Хардкор», тое яго і губіць.

Гэта што тычыцца тэхнічнага аспекту. Зараз звернемся да мастацкага. Не, ратуй божа, я не збіраюся аналізаваць сюжэт і вобразы персанажаў. Адпачатку было зразумела, што гэта за праект і чаго ад яго чакаць. Будзем сумленней і параўнаем фільм ізноў жа з камп’ютэрнай гульнёй. А вось тут і крыецца галоўная праблема «Хардкора». Каб фільм быў лепш за гульню, ён павінен быць на парадак цікавей і займальней за яе, бо тут няма інтерактыўнасці. Але на практыцы «Хардкор» не дацягвае нават да сярэдняй сучаснай гульні. Для пачатку нулявых, можа, і згадзілася бы. Але цяпер нават тыя гульні, ад якіх мы агідліва варочаем нос, ганарыста завучы прахаднякамі, зроблены нашмат лепш. І менавіта ў кіношным аспекце. У іх лепшыя дэкарацыі і персанажы, перадгісторыя і сюжэт… у іх нават часцяком ёсць свабода выбару і некалькі розных канцовак.

hardcore_henry_02

Усе гэтыя разважанні наводзяць мяне на думку пра тое, што ў сферы забаў гульня ідзе ў адны вароты. Відэагульні ўсё больш упэўнена адваёўваюць тэрыторыю ў кінематографа. У іх ёсць свае драмы, трылеры, хорары і інтэрактыўныя серыялы. Свет кіно ў адказ баязліва падтульвае хвост і гыркае розным увеболаўским трэшам. «Хардкор», вядома, крыху лепей, але ўсё ж яго не назавеш годным адказам. Дый ці патрэбны наўвогуле сіметрычны адказ? На мой погляд, даўно зразумела, што не.