Гляджу я, як розныя выданні падводзяць вынікі мінулага года і разумею, што я б не стаў называць пэўныя гульні ці фільмы «лепшымі». Гэтае паняцце вельмі грубае, бо мае месца параўнанне абсалютна розных рэчаў па нейкіх умоўных крытэрыях. У выніку ва ўсіх хіт-парадах з’яўляецца шмат дапушчэнняў ды нацягванняў на глобус. Таму я са свайго боку хацеў бы проста павіншаваць усіх з Новым годам і прыгадаць найбольш яркія ўражанні, якія мне давялося перажыць у 2016 дзякуючы гульням і кіно.

Зачараванне

«Неонавы дэман» — аголеная эстэтыка. Самы запамінальны фільм года і незабыўныя ўражанні на ўсё астатняе жыццё. Лепш, чым раней, я ўжо не скажу: «цудоўны саўндтрэк зліваецца ў адзінае цэлае з гіпнатычнай карцінкай, утвараючы магутны струмень асабістага несвядомага ад рэжысёра да гледача».

Рэфн — гэта светаўспрыманне, Рэфн — гэта псіхатып. І тое, што «заходзіць» ён далёка не ўсім, толькі дадае яму каштоўнасці.

Авантурызм

uncharted-4

Uncharted 4 — няхай у пэўным сэнсе пераацэненая, але ўсё ж вылізаная да бляску гульня-прыгода. Чацвёртая частка ясна дае зразумець: усё, гэта вышейшы рубеж жанру, круцей ужо няма куды. Неверагодная прыгажосць пейзажаў, якасная пастаноўка, захапляльныя прыгоды — справа Індыяны Джонса жыве.

Дарэчы, у гэтым жа годзе на PS4 выйшла Rise of the Tomb Raider. На жаль, не паспеў прайсці яе да канца, але ўжо па першай траціне бачна, што дарожкі дзвюх франшыз разыходзяцца і параўнанне паміж імі не на карысць Лары. Раскажу пра гэта асобна, калі будзе такая магчымасць.

Настальгія

strangerthings
Серыял Stranger Things вярнуў мяне ў часы, калі глядзець тэлевізар было не сорамна. Мы проста націскалі чырвоную кнопку, пераключалі каналы — «О, Сакрэтныя матэрыялы!» — і глядзелі. Нас не турбавала, што гэта за серыя і што за сезон, бо ў праграме тэлеперадач ніколі гэтага не пазначалася.

Артыкул пра «Вельмі дзіўныя справы» я даўно напісаў, але чамусьці так і не дайшоў да публікацыі. Спадзяюся ў хуткім часе гэта выправіць.

Ваганне

Напачатку года выйшлі ў рэліз дзве вартыя ўвагі індзі-гульні: Darkest Dungeon і Salt and Sanctuary. Насамрэч іх было пяць, але да Firewatch, Stardew Valley і Oxenfree рукі не дайшлі зусім. Stardew Valley я і пачынаць не буду, нягледзячы на ўсе яе ўзнагароды і 97% дадатных водгукаў. У астатніх яшчэ шанец ёсць.

Так вось цэлы год я вагаўся: варта не варта, браць не браць. У канчатковым выніку ўсё ж набыў першыя дзве гульні пад канец года. І не памыліўся. І калі Salt and Sanctuary — гэта проста займальны 2D клон Dark Souls, то Darkest Dungeon гэта шыкардос! Ад яе немагчыма адарвацца. Стылёвая рысоўка, глыбокая механіка і ГЭТЫ ГОЛАС! «Press this advantage — give them no quarter!», «Back to the Pit!», «Executed with impunity!» — фразы апавядальніка, які каментуе вашы дзеянні, выклікаюць небывалы душэўны ўздым і дрыжыкі па целе. Не выпадкова іх ужо расцягнулі на моды для іншых гульняў (нават для World of Tanks, хех). Карацей кажучы, гэта голас года адназначна! Наконт астатніх — буду вагацца далей у 2017.

Апраўданне

mafia-3-art

Сёлета мне безумоўна запомнілася тое, як я спрабаваў апраўдаць Mafia 3. Я вырашыў ісці да канца і ўключыў яе ў гэты спіс. Тым больш, што я наўвогуле не сустракаў «Мафію» ні ў адным з гадавых хіт-парадаў. Што бы там ні казалі, у гульні ёсць вельмі добры горад і вельмі добрыя сцэны, дзеля якіх варта пагуляць. Тым больш, што яе ўжо задарма падлаталі: зараз можна пераапранацца ў шэраг класных убораў і прымаць удзел у гонках. Можа, з выйсцем платных дапаўненняў яшчэ цікавей стане.

Суперажыванне

Soma-Wallpaper

Так, я ведаю, што Soma выйшла ў 2015, але я не хачу ўпускаць магчымасць яшчэ раз сказаць пра яе вартасць. Прапусканне падзей на экране праз сябе настолькі значнае, што ў ключавыя моманты я проста нямеў і думаў: «Чооорт, гэтага не можа быць! Гэта не можа быць праўдай! Ну калі лаааска, неее!» Але гульня адказвае толькі халодным маўчаннем страшнай рэальнасці. Гэта было сапраўды ўражальна!

Надзея

star-wars-rogue-one

Выйсце першага спін-оффа па Зорных войнах раптам стала для мяне ледзь не галоўнай кінападзеяй года. Дзякуючы «Ізгою» мая вера ў тое, што новыя фільмы па старых франшызах могуць быць крутымі, вярнулася. Дзякуй аўтарам, але не думайце, што я дараваў вам за сёмы эпізод!

Спусташэнне

Немагчыма заставацца абыякавым, гледзячы на тленныя краявіды Dark Souls 3. Славутыя старонкі гісторыі гэтага свету ўжо даўно перагарнутыя і мы толькі капаемся ў попеле для таго, каб хоць ненадоўга адкласці яго канчатковую гібель. Дзіўнае пачуццё, калі стымулам з’яўляецца не надзея, а поўная яе адсутнасць. Ты ўпарта ідзеш наперад. Нягледзячы на разруху, ворагаў, пасткі, уварванні варожых фантомаў. Паміраеш, паўстаеш і зноў ідзеш…

Серыя Dark Souls гэтулькі неспасціжная і шматгранная, што ў мяне не хапае слоў, каб яе апісаць. Я часта турбую сябе дзіўнымі гіпатэтычнымі пытаннямі. Прыкладам, калі б я адпраўляўся на Паўночны полюс ці ў тайгу і мог бы ўзяць з сабой толькі адну гульню, то што б я тады выбраў? І я вось думаю, што Bloodborne ці Dark Souls 3. Чаму?

Я прывяду толькі адзін прыклад. Олдрык, пажыральнік багоў — адзін з ключавых босаў гульні — асталяваўся ў легендарным горадзе Анар Лонда. У гульні можна знайсці рэліквію, экіпіраваўшы якую, вы заключаеце кавенант з «Вернымі Олдрыку». На практыцы гэта азначае, што ўвесь час пакуль вы носіце гэту рэліквію вас могуць аўтаматычна перанесці ў свет іншага гульца для выканання абавязку, а менавіта забойства гэтага гульца дзеля абароны прыстанку Олдрыка. Кожная новая сутычка з іншым гульцом — гэта новы гульнёвы досвед, таму што білдоў і баявых сітуацый неверагоднае мноства. Вы можаце дамагчыся поспеху, а можаце загінуць самі. У далёкай перспектыве гэта не мае ніякага значэння, таму што цыкл вечны: усё новыя і новыя незапаленыя будуць прыходзіць у Анар Лонда, каб вярнуць Олдрыка на яго трон, забраўшы яго душу, а вас штораз будуць заклікаць на яго абарону.

Простымі словамі усё гэта значыць наступнае: на праходжанне гульні можна забіць, а замест гэтага прысвяціць сваё жыццё таму, каб не даць яе прайсці іншым гульцам. І ўсё гэта так выдатна ўплецена ў лор! А колькі гульцоў нават не знойдуць гэту рэліквію, або не звернуць на яе ніякай увагі.

Гэта ўсяго толькі адзін, абсалютна не абавязковы для асноўнага праходжання элемент. Што ўжо казаць пра астатняе…

Карацей, Dark Souls 3 — гульня года, разыходзімся.