Паклікалі мяне сябры на «Дзень Незалежнасці: Адраджэнне». Спачатку я не хацеў ісці, а калі схадзіў, не хацеў нічога пра гэты фільм пісаць. Фільм як фільм. Дзясяткі такіх былі да яго і сотні яшчэ будуць. Але вось прайшло ўжо больш за тыдзень, і за гэты час у сеціве з’явілася мноства негатыўных водгукаў. Папраўка: рэзка негатыўных. Мяне гэта здзівіла, і я вырашыў усё ж такі падзяліцца такімі-сякімі меркаваннямі.

Па-першае, я не збіраюся нікога бараніць і пераконваць. Безумоўна, кіно атрымалася слабае. Але чаго яшчэ можна было чакаць ад амерыканскага фільма з такой назвай, які выходзіць у пракат напярэдадні 4 ліпеня? Я не перастаю дзівіцца натоўпам лемінгаў, якія б’юцца ў кінатэатры і заўсёды ў чымсьці там расчароўваюцца. Я магу зразумець, калі рэжысёр раптам пачынае жанравыя эксперыменты або агрэсіўная маркетынгавая кампанія раздувае завышаныя чаканні, але «Дзень Незалежнасці: Адраджэнне» зусім не такі. Гэта шаблонная банальшчына, што ясна як белы дзень кожнаму, хто хоць калі-нікалі глядзіць кіно. З фільмам абсалютна ўсё зразумела зыходзячы з назвы і афішы. Ніхто не абяцаў паказаць штосьці дагэтуль нябачанае ці зрабіць рэвалюцыю ў жанры. Наадварот, тое, што ў назве адсутнічае двойка, кажа пра тое, што нічога новага тут не будзе. А будзе чарговы паўрэмэйк-паўпрацяг старога фільма. Але гледачы ўсё адно: хто драму сабе нафантазіраваў, хто фільм-катастрофу, хто яшчэ што.

Вельмі дзіўна. Я аніразу не сустракаў чалавека, які бачачы на брамцы надпіс «Асцярожна, злы сабака!» і чуючы брэх з-за плота, лез бы туды правяраць. А галоўнае, потым у лякарні абураўся: «Ну, як так, людзі добрыя! Там сапраўды быў сабака! Можаце сабе ўявіць? Злы сабака мяне пакусаў!»

Тым больш ёсць наглядны прыклад. Фільм «Дзень незалежнасці» 1996 года. Я знарок яго перагледзеў і яшчэ раз пераканаўся, што другі фільм гэта менавіта паўрэмэйк. Адразу напрошваецца аналогія з «Зорнымі войнамі». Яна тут сапраўды справядлівая. Зараз я крыху лепей разумею некаторых людзей, якім спадабалася «Абуджэнне сілы» — гэта тыя, хто глядзеў папярэднія эпізоды вельмі даўно і не вельмі ўважліва. У выніку, яны не заўважылі, што ім паказалі тое ж самае, толькі горш. З «Днём незалежнасці» тая ж сітуацыя. Хто глядзеў першы фільм больш за дзесяць гадоў таму, цяпер ужо і не прыгадае, што там было. А там было ўсё тое ж што і ў другім фільме. Месцамі нават кадр у кадр. І ўся гэта шаблоннасць герояў і збітыя сюжэтныя хады — гэта ўсё усвядомленнае прывітанне з дзевяностых. Мода зараз такая — гуляць на настальгіі.

І я гэту настальгію нават адчуў. Падчас прагляду я не зацыкляўся на ідыёцкіх мордах маладых акцёраў і іх учынках. Я імкнуўся атрымваць задавальненне ад класных футурыстычных кадраў, многія з якіх — гатовыя шпалеры для рабочага стала. Мне прыгадаліся «Зорны дэсант», «Сакрэтныя матэрыялы», гульнёвыя серыі X і, вядома, X-COM. Характэрна, што сябры таксама крыху абстрагаваліся. Якім бы кепскім ні быў «Дзень незалежнасці: Адраджэнне», ён вярнуў нас у дзяцінства, калі мы глядзелі на зорнае неба і задаваліся пытаннем: «Няўжо мы адны ў сусвеце?» І як мы б ні адказвалі сабе на гэтае пытанне, абодва варыянты адказу прымушалі сэрца стукаць часцей.