Наогул у жыцці малпы вельмі пацешныя, але вось цягнуць іх у кіно, ды яшчэ і з сур’ёзнай мінай — гэта не па мне. Людзі, якія адказвалі за тэлевяшчанне ў 90-х, па ўсёй бачнасці, былі са мной не згодныя, таму «Планету малпаў» з яе шматлікімі сіквеламі круцілі ледзь не кожныя выхадныя. Прыходзілася глядзець і дзівіцца, як ГЭТА можна ўспрымаць сур’ёзна.

10 пранкаў, што выйшлі з пад кантролю — не інакш!

10 пранкаў, што выйшлі з пад кантролю — не інакш!

З Кінг-Конгам у мяне таксама неяк з дзяцінства не склалася — я заўсёды больш любіў дыназаўраў. Прашу заўважыць, гістарычна дакладных дыназаўраў, а не розных пластылінавых гадзілаў. Сапраўды, навошта глядзець японскі трэш, калі ёсць «Парк Юрскага перыяду»? Але нават гэта захапленне я перарос: апошні фільм франшызы сабраў свае мільярды без майго ўдзелу.

І ўсё ж ёсць у гэтай гісторыі адна няўвязачка — «Кінг-Конг» Пітара Джэксана. Якім бы ні было маё стаўленне да малпаў, ужо тады ў 2005 годзе мне стала зразумела, што перад мной будучая класіка кінематографа. Узорны рэмэйк, новы канон — завіце, як хаціце. Седзячы тады ў кінатэатры, я выразна разумеў, што гэты фільм будуць глядзець і ставіць у прыклад іншым яшчэ шмат гадоў. Пітар Джэксан даказаў, што рэмэйкі могуць быць удалымі, а блакбастары стылёвымі і недурнымі.

Памятаеце гэта? Забудзьцеся. Новы фільм пра іншае.

Памятаеце гэта? Забудзьцеся. Новы фільм пра іншае.

Здавалася б, навошта зноў вяртацца да гэтай гісторыі, калі фільм 2005 года і зараз выглядае нібыта сучасны? Адказ на гэта пытанне можна было даць па першым жа трэйлеры. «Конг: Востраў Чэрапа» — гэта перадусім баявік, прычым баявік з 80-х, тым часам як фільм Джэксана — гэта хутчэй прыгодніцкая драма з сучасным оскараўскім налётам. То бок мы маем справу з зусім іншым поглядам на вядомыя фантастычныя падзеі.

Падчас прагляду новага фільма ўсё канчаткова ўстала на свае месцы. Я зусім забыўся пра Кінг-Конга дванаццацігадовай даўнасці: заміж гэтага ў памяці ўсплывалі кадры з «Драпежніка», «Апакаліпсіс сёння» і іншых кінастужак часоў відэаплёнкі.

«Конг: Востраў Чэрапа» — гэта пастаянны экшн з невялічкімі ўкрапінамі саспенсу. Уся драматургія выразана пад корань. Тыя, каго хвалююць пачуцці вялікай малпы да маленькай жанчыны, могуць перагледзець фільм 2005 года, а тут ім відавочна не рады. Бо тут сапраўдны, дзяры яго чорт, В’етнам! Яны на дрэвах, Джоні! Чортавы гукі монстры на дрэвах!

Фільм прасякнуты бязмежнай любоўю да атрыбутыкі В’етнамскай вайны. Не да самай вайны, не. А менавіта да яе атрыбутыкі — да таго вобраза, які намаляваў нам маскульт.

Kong-Skull-Island-02

Я звык заўважаць і шанаваць дэталі падобнага роду, таму «Востраў Чэрапа» не пакінуў мяне абыякавым. У першых водгуках можна прачытаць, што фільм нібы створаны выключна дзеля збору бабла. Што тут сказаць… Па-першае, калі хто яшчэ не зразумеў, то ўсе фільмы, што выходзяць на вялікі экран, робяць гэта дзеля бабла. Па-другое, калі б аўтары «Конга» былі б толькі рамеснікамі, то ніякіх крутых штучак накшталт палёту страказы на фоне пасадкі «Іракезаў» проста не з’явілася б на экране. У фільме велізарная колькасць ашаламляльна прыгожых кадраў, няхай і з дамешкам дэжавю, і іх з’яўленне можна патлумачыць толькі вялікай любоўю аўтараў да сваёй справы. Агульны вынік нагадвае захапляльны двухгадзінны кліп, які можна лёгка зразумець, нават зменшыўшы гук галасоў акцёраў да нуля. А на большае фільм і не быў разлічаны. Аднак гэта не забараняе нам капянуць глыбей.

Падчас прагляду я пра сябе адзначаў, што Том Хідлстан са сваёй вытанчанай архітэктурай і арыстакратычнай бледнасцю ніяк не цягне на ролю прапаленага следапыта Камандас. Вобраз галоўнай гераіні таксама выклікаў пытанні: навошта тут «слабая» жанчына, калі рамантычных ліній няма? Па сутнасці яе каштоўнасць для сюжэта нулявая. Пра другарадных персанажаў лепей не казаць нічога: самы смех — азіятка-біёлаг, якой ні рэплік, ні дзеянняў ў кадры толкам не дасталася.

Kong-Skull-Island-03

Але бліжэй да канца да мяне раптам дайшло, што «Конг: Востраў Чэрапа» — не толькі спрабуе імітаваць баевікі з 80-х, але і парадыраваць іх. Прыгажунчык з M16 і яго бойкая сяброўка з фотаапаратам, + мультырасавая каманда на фоне — недзе мы ўсё гэта бачылі. З фантазіяй у стваральнікаў карціны праблем няма, можа, справа ў чымсь яшчэ?

Сумневы ўзмацняюцца, калі ты адчуваеш, што цябе ўвесь час водзяць за нос: то аўтары рухаюць дзеянне прадказальна, скажам так, у рамках законаў жанру, то раптам выкручваюцца і даюць сакавітую аплявуху, заліваючыся смехам. Самім вам пры гэтым не да смеху, бо вы адчуваеце сябе ахвярай фокусніка-маніпулянта, але вось потым, выйдучы з кінатэатра, вы яшчэ раз пракруціце асноўныя падзеі і асобныя рэплікі ў сябе ў галаве і тады абавязкова ўсміхнёцеся і аддадзіце аўтарам належнае. Бо калі паглядзець на ўмоўныя «недахопы» фільма як на высмейванне жанравых клішэ, то кіно пачынае гуляць новымі фарбамі! Адзін персанаж Тобі Кэбела чаго варты — гэта відавочна самапародыя нейкая, улічваючы яго папярэднія ролі.

Увогуле я фільмам застаўся задаволены. Атрымаў усё, чаго чакаў, і нават больш! Маляўнічыя пейзажы з кіслотнымі колерамі, эстэтыка вайны ў джунглях, бітвы вялікіх монстраў і маленькіх людзей, супрацьстаянне прыроды і чалавека і мноства адсылак да знакавых прадуктаў маскульту. Я заўважыў некалькі «пасхалак» нават да Battlefield 1!

Карацей, выдатнае забаўляльнае кіно з наборам сюрпрызаў для тых, хто ў тэме.