Пра фільм «Ла-ла Лэнд» я ўпершыню пачуў летам 2016 напярэдадні Венецыянскага кінафестывалю. З тых часоў я ў фонавым рэжыме чакаў гэтай прэм’еры, бо акцёрскі дуэт Эмы Стоўн і Раяна Гослінга выглядаў шматабяцальна, дый увогуле перадумовы былі цікавыя. Але раптам якраз да пачатку пракату ў Беларусі і РФ здарыліся гэтыя няшчасныя сем «Залатых глобусаў» і пра «Ла-ла Лэнд» пачалі галасіць тут і там. На жаль, я не магу далучыцца да гэтых захапленняў.

Бог мне сведка, я не хацеў нічога пісаць — з моманту прагляду фільма прайшло ўжо больш за тыдзень — але калі я ўчора зайшоў у паблік з амаральнымі мемасамі і ўбачыў, што нават у гэтым рассадніку брыдоты і цынізму, дзе ніколі не абмяркоўвалася кіно, з’явіўся саплівы пост адміна пра «Ла-ла Лэнд» я зразумеў, што нельга пакідаць гэта бяскарным.

Паспрабуйце мяне зразумець: кіно атрымалася якаснае, зроблена яно з любоўю, але гэты натужлівы гвалт сарафаннага радыё мяне проста бянтэжыць. Такое пачуццё, што людзей сілай прымушалі хадзіць на розныя вырадкавыя «Ёлкі» і «Фарсажы», а вось зараз яны ў рэшце рэшт убачылі штосьці вартае. «Ah, so romantic! So skazochno!»

Калі падысці да ацэнкі «Ла-ла Лэнда» без істэрыкі, то становіцца відавочна, што гэта проста добры, але прахадны фільм.

Что у нас на обед?

Што ў нас сёння на вячэру?

Пачну з таго, што ён другасны. І я зараз не пра нудлівыя мюзіклы залатой эпохі Галівуда, якія глядзіць Брыджыт Джонс, калі яе ў чарговы раз кідаюць. Не, ёсць і больш свежыя прыклады. Як то фільмы Вудзі Алена за апошнія гадоў гэтак… дзесяць! «Ла-ла Лэнд» — гэта ўсё тое ж самае толькі без дасціпных дыялогаў, пажытку для розуму і чароўнай іскрынкі. Тут тыя ж яркія колеры і павольны тэмп, але там, дзе Вудзі Алена хочацца паставіць на паўзу і тут жа перагледзець яшчэ раз, каб лепш засвоіць змест займальнага моўнага фехтавання, «Ла-ла Лэнд» хочацца проста пераматаць наперад. Героі мала гавораць і нават мала спяваюць. Фільм выязджае вылучна на міміцы і грымасах Стоўн і Гослінга. Прызнайцеся, з іншымі акцёрамі гэта быў бы тухляк, тым часам як Гослінга можна проста паставіць у кадры і нічога з ім не рабіць, і ўсё адно ўсе будуць у захапленні. Нікалас Віндынг Рэфн даўно гэту фішку прасек.

Другое, што мне не спадабалася, гэта тое, з якой каварнай бесцырымоннасцю «Ла-ла Лэнд» спрабуе ўплываць на гледача. Ён лезе да цябе абдымацца як пажылая кабета, якая перапіла на нечым вяселлі: «Ну, давай жа, кахай мяне! Ну, што табе яшчэ трэба?» Трасе сваімі каралямі з агнёў начнога Лос-Анджэлеса і вабіць зманлівай прастатой, хаця ненатуральная прырода гэтага тэатральнага фальшу добра заўважная нават з далёкага краю стала.

How incredible!

How incredible!

«Ла-ла Лэнд» вельмі хоча спадабацца і зрабіць уражанне на гледача, і гэта замінае яму быць арыгінальным і шчырым. Дый сама форма — мюзікл… Падчас прагляду мяне не пакідалі думкі пра фільм «Артыст». А давайце ў XXI стагоддзі здымем чорна-белае нямое кіно! І ўсе такія «Oh! How svezho! How smelo! Give it 5 Oscars!» На мой погляд, гэта проста лухта. Здымайце, вядома, што хочыце, але асабіста я вось гэта прыдуркаватае падладжванне да гледача і крытыкаў цярпець не магу. Тым больш, калі на яго вядуцца.

Трэцяе, «Ла-ла Лэнд» проста нудны. Ён нудны напачатку, яшчэ больш нудны ў сярэдзіне, але досыць чуллівы напрыканцы. Канцоўка — гэта другі моцны элемент фільма пасля гульні акцёраў, але зноў жа я не ўпэўнены ў тым, што яна арыгінальная. А галоўнае, пераход да яе быў абсалютна тупой: проста секанулі з пляча, як быццам бы нехта зверху сказаў у гучнагаварыцель: «Досыць, згортваемся». Сама канцоўка, вядома, правільная, і я такое звычайна кацірую, але зноў жа падлажванне да гледача, пра якое я пісаў вышэй, тут на паверхні. Каб усе такія «Oh! How zhiznenno! Yes, u menya ot takogo brother umer!»

Не ведаю, можа, я бясконца сапсаваны ў сваім скепсісе, цынізме і дэкадэнцтве, але мне значна цікавей успрымаць Лос-Анджэлес, як Неонавага дэмана, чым City of Stars (вось ізноў жа яны наўмысна два разы за фільм гэту песню спелі, каб усім на падкорку ўелася?). Хочацца верыць, што не. Я перыядычна слухаю a-ha і медлякі 80-х, кожны год хаджу на новы фільм Вудзі Алена і пазбягаю кіно пра сабак, таму што ведаю, што магу разрыдацца. Я нават паставіў 9 балаў фільму «500 дзён лета», але «Ла-ла Лэнд»… Не ведаю… Хай будзе васьмёрка за добрую гульню акцёраў, павагу да класікі і агульную якасць выканання. Магчыма, гэта быў бы лепшы мюзікл на свеце… калі б не ўсе гэтыя песні і танцы…