Кагосьці змрочныя фільмы дэмаралізуюць, а мне, наадварот, прыдаюць зарад энергіі. Цяжка сказаць, што гэта за энергія. Адназначна не простае задавальненне ад таго, што камусьці жывецца горш за мяне. Тут хутчэй мае месца палёгка ад таго, што знайшоў аднадумца ў асобе рэжысёра.

Шчыра кажучы, да паходу на «Нялюбасць» у Звягінцава я бачыў толькі «Левіяфана». Зараз я дакладна не супакоюся, пакуль не пагляджу ранейшыя карціны аўтара, таму што дзве гэтыя работы — лепшае з усяго, што я бачыў у сучасным расійскім кінематографе. Хаця бачыў я не так ужо і шмат.

Разумею, што прычэпліваць ярлыкі няправільна, але ніяк не магу выкінуць з галавы думку, што Звягінцаў гэта пастрыжаны і памыты Балабанаў. З кадра змыла ўвесь бруд і зярністасць, але красамоўства нікуды не знікла. Мабыць, нават абагацілася дзякуючы нейкай фантастычнай педантычнасці і ўвазе да дэталяў.

Здаецца, якая розніца, што там у герояў за прадметы на паліцах? Але насамрэч і ў «Левіяфане», і ў «Нялюбасці» антураж стварае ільвіную долю атмасферы і надае рэальнасць халодным кадрам. Глядзіш на гэтыя чортавыя ватныя дыскі ў ваннай, заплеснелыя скрыні з закаткамі ў падвале, нагрувашчванне хламу нейкага — проста ўсё жыццё перад вачамі паўстае ў сваёй вось гэтай побытавай ушчэрбнасці, ад якой нікуды не дзецца, колькі б у цябе грошай ні было.

Тая ж самая дэталізацыя і ў словах, і ва ўчынках персанажаў. Тут нават углядацца не трэба: усе вобразы рэальныя аж да апошняй інтанацыі. Толькі шкада, канешне, што мацюкі заглушылі. Відавочнае ханжаства.

Nelubov

Сапраўды… не той фільм назвалі «Люстэркам». Можна колькі хочаш сварыцца і пляваць ва ўласнае адлюстраванне, але лепей яно ад гэтага не стане. Нехта адвернецца, назаве ўсё гэта хлуснёй і чарнухай. Але паглядзіце навокал, паглядзіце і ачуйцеся!

Не ведаю як зараз, але яшчэ некалькі гадоў таму Расія і Беларусь займалі два першых месца па адносным ліку разводаў у свеце. У свеце, Карл! Гэта ж колькі незадаволеных жыццём людзей! А колькі з іх пры гэтым церпяць і чакаюць пакуль злюбіцца, адначасова выліваючы сваю нянавісць на непатрэбных дзяцей?

Я разумею, што ўсё гэта гутаркі ў карысць бедных і ніякімі фільмамі ген чалавечнасці жывёлам не прывіць. Тут, як кажуць, адны і без тлумачэнняў усё разумеюць, а іншым тлумачыць ужо бескарысна.

Трэці дзень я спрабую дапісаць гэты тэкст, але, як бачыце, штосьці не лепіцца: толькі ўрыўкавыя думкі і шматкроп’і. Такія фільмы, як «Нялюбасць», хочацца разбіраць пакадрава ці не разбіраць зусім, таму я проста скажу: ідзіце і глядзіце.