Не стамляюся штораз паўтараць, што сэтынг — гэта краевугольны камень кожнай гульні ці фільма. Камусьці падабаецца атмасфера гангстарскіх разборак часоў «Сухога закона», а нехта штогод пераглядвае Зорные войны. Гэта зразумела, але самае цікавае ў тым, што часам нашы перавагі прымаюць вельмі вытанчаны характар.

Вось, напрыклад, мой калега — аматар зомбі-тэматыкі з адным вялікім «АЛЕ»: ён успрымае толькі, так скажам, класічных марудных тупых зомбі. Хуткія зомбі а-ля «Вайна светаў Z» ўжо не канон і поўнае глупства. Тое ж самае я заўважаю і за сабой. Ізноў жа жывы прыклад. На паліцы крамы стаяць дзве фігуркі: Isaac Clarke з Dead Space і Master Chief з Halo. Для абывацеля гэта проста «два касманаўта нейкіх», але ў маіх вачах паміж імі велізарная прорва. На героя Halo я б нават і не паглядзеў, а знішчальніка некраморфаў адарваў бы з рукамі. І такіх прыкладаў у мяне проста цемра. Чаму так адбываецца?

Я шмат разважаў пра гэтае пытанне, параўноўваў, праводзіў аналогіі, але да выразнага адказу так і не прыйшоў. Ясна адно: сэтынг — гэта вельмі асабістая субстанцыя з выяў, ідэй і правіл, згатаваная з вызначаных архетыпаў і патрабуючая да сябе неверагодна асцярожнага дачынення. Адзін няслушны прыём, недарэчнае дапушчэнне, адыход ад канонаў і ўсё руйнуецца. Вядомы і зваротныя выпадкі, калі сэтынг выцягвае на сабе і нестасоўкі ў сюжэце і сумнаваты геймплэй, калі гаворка ідзе пра гульню. Ці з’яўляецца такой гульнёй Mad Max? Трэба разабрацца.

Я не гуляў у серыю Just Cause, якой знакаміта Avalanche Studios, што выпусціла надоечы гульнёвую інтэрпрэтацыю прыгод Шалёнага Макса. Цярпець не магу занадта яркія трапічныя краявіды і ўсе гэтыя разборкі з наркабаронамі, але, мяркуючы па ўсім, распрацоўнікі здолелі зрабіць якасны GTA-падобны экшн з адкрытым светам. А значыць, была надзея, што Mad Max не будзе тым, чым з’яўляюцца большасць «гульняў па фільмах»… і «фільмаў па гульнях» таксама.

За першы тыдзень пасля рэлізу я найграў больш за 30 гадзін і буду гуляць яшчэ. Магчыма, Шалёнаму Максу пашанцавала, але ён вельмі дакладна трапіў па ўсіх маіх болевых кропках.

Адкрыты свет — дакладна! Тэрмін sand box тут можна спакойна ўжываць не толькі ў пераносным, але і простым сэнсе. Як толькі ты праходзіш навучальны эпізод, перад табой адкрываецца бясшвоўная скалістая пустыня са звілістымі дарогамі, па якіх, падымаючы воблакі пяску і пылу, імчаць нашпігаваныя мудрагелістай зброяй іржавыя гратэскавыя калымагі. Міма праносяцца не менш вычварныя лагеры і крэпасці, абы-як сбудаваныя на рэштках нашай цывілізацыі. А недзе на гарызонце курадыміць трубамі Газтаўн…

Гонка на выжыванне. Звычайныя гонкі ў стылі Need for Speed даўно мне надакучылі, парадкам папсаваўшы нервы. Глытком свежага паветра ў свой час стала серыя FlatOut, дзе можна было размажджэрыць суперніка ці выпусціць пару ў аўтабойні на арэне. Mad Max пайшоў яшчэ далей: тарань, гарпунь, драбні, страляй, палі, падрывай — і ўсё гэта на вялікіх хуткасцях. Бітвы на дарозе выглядаюць проста ашаламляльна, а фізіка нягледзячы на пэўныя гульнёвыя ўмоўнасці значна лепш, чым у GTA V.

Калекцыянаванне і маніякальнае імкненне да завершанасці. Калі з-за фінальнага інформера «Знойдзена сакрэтаў: 9 з 10» у вас пачынае тузацца вока і вы можаце адкласці сутычку з босам толькі для таго, каб аблазіць яшчэ адзін закутак мапы, то вы разумееце, пра што я кажу. Апавяданне ў гульні толькі пазначана, а ўвесь гульнёвы працэс — гэта, па сутнцасці, зачыстка. Калі вы не адчуваеце нічога асаблівага ад перафарбоўвання мапы ў свой колер і праходзіце гульні на хуткасць карыстаючыся адным толькі аўтаматам, які вам далі ў першай місіі, то Mad Max вам хутка надакучыць і ў канчатковым выніку расчаруе.

2015-09-04_00001
2015-09-05_00001
2015-09-01_00002
2015-09-03_00004
2015-09-27_00001
2015-09-03_00011
2015-09-03_00005
2015-09-05_00007

 

Справа ў тым, што сюжэт гульні нічым не лепш за той, што мы бачылі ў апошнім фільме, а многія нашы дзеянні зусім пазбыты якога-небудзь сэнсу. Навошта мы штораз знішчаем паліўныя склады ў лагерах, калі іх адразу ж займаюць саюзнікі? Якім чынам металалом дапамагае Максу вывучаць новыя прыёмы? Чаму зброю няможна ўзяць з сабой у машыну? Пры гульні ў Mad Max лепш не задаваць сабе падобных пытанняў і прыняць усе гульнёвыя ўмоўнасці як дадзенае.

На другім месцы руціна — галоўны бізун гульняў з адкрытым светам. Хай не адразу, але ўсе паўтаральныя дзеянні паступова надакучаюць. Спачатку кат-сцэна з тым, як галоўны герой налівае ваду ці есці сабачы корм, замілоўвае, але пасля некалькіх гадзін гульні, вы адназначна захочаце яе адключыць. Потым пачынаюць раздражняць і рэйдары, якія выпадкова чапляюцца да вас на дарозе, а ў канчатковым выніку і ўсё астатняе.

Ганаровае трэцяе месца я аддаю кансольнай хваробе. Пад гэтым я разумею цэлы спектр дробных праблем, уласцівых менавіта кансольным гульням, пачынаючы ад спецыфічнага інтэрфейсу, сканчаючы тым, што Макс не можа ўзняцца па драбінах, калі стаіць каля іх не пад тым вуглом.

Яшчэ вар’юе тое, што распрацоўнікі трымаюць гульца за поўнага дэгенерата. Я маю на ўвазе зброю, раскіданую на зямлі перад лакацыяй з босам… Сакрэтныя праходы, пазначаныя стрэлкамі на сценах яркай жоўтай фарбай… Тое, што калі вы натыкнуліся на каністру з бензакам, значыць, за кутом вас чакаюць дзверы, якія трэба гэтай каністрай падарваць і гэтак далей. У тым ці іншым выглядзе гэта ёсць і ў іншых гульнях, але рэалізавана не так тупа.

Спачатку ты заплюшчваеш вочы на ўсе гэтыя нястачы. «Гэта ж Шалёны Макс!» — кажаш ты сабе. Але потым, калі ты прыходзіш у трэцюю крэпасць і там цябе прымушаюць будаваць абсалютна ўсе тыя ж самыя паляпшэнні, што і ў дзвюх папярэдніх, з грудзей выдзіраецца выдых расчаравання. «Распрацоўнікі, вы сур’ёзна?!» Гэтакі вульгарны грайнд адбівае цікавасць нават у такога ўпёртага казла як я, што ўжо казаць пра менш спакушаных геймераў. Думаю, што многія абмяжуюцца тым, што прабягуць сюжэт за пару вечароў, а астатнія проста закінуць гульню на палове. І, напэўна, зробяць правільна. Я б рэкамендаваў дачакацца выйсця DLC ці якога GOTY Edition. Галоўнае, каб дадаткі пашырылі гульню ўглыб, а не ўшыркі. Сэтынг добры і атмасфера адчуваецца, але даданне новых аўтамабіляў і рэгіёнаў на мапе — відавочка не тое, што патрэбна зараз гульні.