Из века в век,

Как камни в жернова

Летят живые судьбы тех,

В ком радость, в ком любовь Его жива —

Но круг бежит,

И лишь песок струится между жерновов,

И мир лежит во мгле,

И не кончается любовь —

 

Твоя великая Любовь!

Невероятная любовь…

С. Калугін

Не, я не магу перастаць дзівіцца іх геніяльнасці. Калі я гляджу ці гуляю ў чарговы шэдэўр ад японскіх аўтараў, то адчуваю сябе брудным дзікуном, у чыю вёску ўпершыню прыбылі місіянеры. Ад творчасці гэтых людзей струменіцца святло святых ведаў. І пакуль еўрапейскія філосафы ламаюць галаву, укладаючы ўсё новыя тэрміны і канцэпцыі ў нечытэльныя кнігі, японцы зрушваюць цэлыя горы чалавечай свядомасці адным лёгкім рухам. Яны, нібы паўбагі, разумеюць свет лепш за нас, а галоўнае, умеюць выказаць сваё разуменне ў простай пачуццёвай форме.

Да выйсця на вялікі экран анімацыі «Тваё імя» Макоты Сікая я падрыхтаваўся грунтоўна — паглядзеў усе поўнаметражныя фільмы і пару кароткаметражак гэтага аўтара. Майстар таленавіта эксперыментуе з рознымі жанрамі, але ядро яго твораў застаецца нязменным — вечнае і ўсёмагутнае каханне, якое існуе па-за часам і прасторай і засланяе сабой усё, што мы прывыклі лічыць атрыбутамі звычайнага жыцця.

Калі ацэньваць усю фільмаграфію Сікая, то здаецца, што галоўнымі героямі заўсёды з’яўляюцца адна і тая ж пара чалавечых душ. Вечны кругаварот сансары выкідвае іх на бераг жыцця ў розных целах і эпохах, і яны вымушаны зноў і зноў пачынаць усё нанова: углядацца ў бясконца цудоўнае неба і абыякавыя вокны цягнікоў, раздзіраць сябе рытарычнымі пытаннямі і працягваць бясконцыя пошукі адзін аднаго.

За аблокамі (2004)

Першы поўнаметражны твор Макоты Сікая «За аблокамі» (2004) можна аднесці да жанру калянавуковай фантастыкі. Дакладней, сэтынг тут фантастычны, а вось жанр больш імкнецца да рамантычнай драмы. Згодна альтэрнатыўнаму ходу гісторыі, Японія была падзелена паміж СССР і ЗША. І ўсё б нічога, але Савецкі Саюз пабудаваў у сваёй акупацыйнай зоне велізарную вежу — вось проста ўзяў і пабудаваў тонкі маналітны шпіль да самага неба! І ніхто не ведае з якой мэтай. Ужо ад аднаго такого вобраза захоплівае дух!

Нам, людзям, якія якія жывуць у рамках заходняй культурна-філасофскай парадыгмы, ніколі ў поўнай меры не дасягнуць сваімі рацыянальнымі розумчыкамі такога вольнага палёту думкі. Нават калі які аўтар адважыцца напісаць/зняць/прыдумаць штосьці падобнае, яго тут жа змые струменем «канструктыўнай крытыкі»: «Як такое магчыма?», «А як жа законы фізікі?», «Чаму яны без скафандраў?»… Усе гэтыя ўнутраныя тармазы і сама-рэгулятары так трывала ўкараніліся ў нашай свядомасці, што сучасныя тварцы баяцца быць зразумелымі і пад сапраўдным мастацтвам мы зараз разумеем толькі тое, што ўвогуле не паддаецца ніякаму тлумачэнню. Але гісторыі Сінкая даказваюць, што мастацтва можа быць простым і змястоўным адначасова.

Анімэ «За аблокамі» — гэта гісторыя пра мару, сяброўства і каханне, якія праходзяць выпрабаванні сталеннем, абавязкам і іншымі цяжкасцямі. Гэта гісторыя пра вернасць абяцанням, дадзеным у юнацкасці.

5 сантыметраў у секунду (2007)

Дадзенае анімэ ідзе ўсяго гадзіну, але пасля прагляду здаецца, што ты пражыў цэлае жыццё. На мой погляд, гэта найдужэйшы і адначасова самы далікатны твор майстра.

Ёсць ён і ёсць яна. А паміж імі хмарачосы, дарогі, плошчы, хаты, палі, вёскі і… цягнікі. Цягнікі, што захраслі ў снегападзе. Мінуюць гады і паміж імі вучоба, сябры, сустрэчы, уражанні і… успаміны. Успаміны, якія скоўваюць свядомасць, ператвараючы жыццё ў падабенства сну. Яшчэ некалькі гадоў і паміж імі праца, руціна, нуда, іншыя адносіны і… ізноў цягнікі.

«5 сантыметраў у секунду» можна пераглядаць штораз і заўсёды знаходзіць штосьці новае. Маналогі герояў паражаюць сваёй рэалістычнай эмацыйнасцю. Пры гэтым у іх няма ніякага пафасу, ніводнай недарэчнай фразы.

Па ўзроўні вобразнасці, працы з колерамі і святлом дый агульнаму ўплыву на гледача гэта анімэ затыкае за пояс многія гульнёвыя фільмы.

Па маему разуменню гэта найвышэйшы пілатаж. Мой бязглузды цынізм і прывычны скепсіс рассыпаюцца ў пыл перад хараством і сумленнасцю гэтага выдатнага твора. Рамантык Сінкай перамог.

Лаўцы забытых галасоў (2011)

Дадзеная карціна выканана ў жанры казачнай фантастыкі, у ёй добра адчуваецца ўплыў маэстра Міядзакі. Нягледзячы на маляўнічы візуальны стыль, анімэ атрымалася даволі сумным і нават трагічным. У поўнай меры гэта адчуваецца не ў час прагляду, а пасля яго, калі перакладаеш уяўны фокус з прыгодніцкага сюжэта на вобразы і матывы персанажаў.

Усе героі стужкі неверагодна самотныя, кожны з іх па-свойму перажывае страты блізкіх і ўсё іх вандраванне — гэта толькі доўгі шлях да развітання.

Нягледзячы на тое, што мне вельмі імпануе асноўная ідэя пра прыняцце страт, дадзены твор спадабаўся мне крыху менш за астатніх. Ён здаўся не такім аўтарскім і крыху больш кан’юктурным ці што. Быццам бы аўтар распавядае не тое, што хоча сказаць, а тое, што хочуць пачуць гледачы. Некаторыя вобразы занадта карыкатурныя, чаго ў іншых працах спадара Сікая, мною заўважана не было.

Але, так ці інакш, «Лаўцы забытых галасоў» застаецца вельмі чуллівым і прыгожым анімэ з даволі глыбокім сэнсам, якое я рэкамендую для прагляду з дзецьмі.

Сад вытанчаных слоў (2013)

І зноў ад казак да пачуццёвага рэалізму. І зноў ён і яна — два адзіноцтвы пад дахам паркавай альтанкі, па якой барабаніць дождж. І зноў непераадольныя перашкоды на шляху ўзаемных пачуццяў.

У жыцці кожнага чалавека здараюцца перыяды беспрасветнага ліўня. І ў такія моманты вельмі важна мець месца, куды ты можаш прыйсці адзін, а лепш з кімсьці, каб схавацца ад непагадзі. Але вось парадокс: чым больш горад, тым больш самотнымі робяцца людзі, якія яго насяляюць.

46 хвілін экраннага часу цалкам досыць, каб пагрузіць гледачоў у атмасферу дажджлівага горада. Вось толькі, на няшчасце герояў, сезон дажджоў хутка скончыцца, а значыць, спыняцца і іх выпадковыя сустрэчы…

«Сад вытанчаных слоў» займае другое месца пасля «5 сантыметраў у секунду» ў маім асабістым хіт-парадзе. Бліскучае выкананне цудоўнай драматычнай гісторыі. Візуал і гукавое суправаджэнне вельмі моцныя ва ўсіх працах Сікая, але тут яны дасягнулі проста небывалага ўзроўня. Стварыць такое мог толькі вельмі чулы і кемлівы да жыцця чалавек. Брава!

Тваё імя (2016)

Ну, вось мы і выйшлі на фінішную прамую. Упершыню на маёй памяці японскую анімацыю паказваюць у Мінску на вялікім экране. Дзіўна, што публіка сабралася выключна дарослая. Зрэшты, гэта добра — значыцца, сярод нас шмат знатакоў, а не проста «бацькі прывялі дзяцей на мульцік».

Завязка абяцала даволі прадказальную, калі не сказаць збітую, гісторыю пра абмен целамі. Але насамрэч сюжэт апынуўся куды больш насычаным. Больш пра яго ніводнага слова пісаць не буду — найлепш пацешыцца ім самастойна.

Я не ўпэўнены, што «Тваё імя» заслугоўвае плацінавага статусу, які яму надалі крытыкі і гледачы, але цалкам відавочна, што Макота Сінкай зрабіў чарговы магутны стрэл, асвятліўшы салютам падлеткавай рамантыкі сэрцы акапаўшыхся цынікаў. І хоць «5 сантыметраў у секунду» засталося для мяне неперасягненым шэдэўрам, новая праца майстра мне таксама вельмі спадабалася.

Аўтарскі почырк цалкам захаваны: простыя, але каларытныя персанажы, выдатныя краявіды, педантычнае стаўленне да дробязяў. Майстэрская рэжысура прымушае забыцца, што ты глядзіш анімацыю, а не мастацкі фільм. Яна ўвогуле прымушае забыцца, што ты знаходзішся ў кінатэатры, а не ў свеце, дзе мудрагелістыя хітраспляценні нітак лёсу зводзяць і разводзяць душы закаханых, а сусвету сняцца ўласныя сны.

Пасля прагляду многія гледачы плакалі. Я хоць і не плакаў, але адчуваў сябе найпоўнай нікчэмнасцю. Героі Макоты Сікая, рухомыя сілай кахання, штораз пераадольваюць прастору і час, парушаюць парадак мультысусветаў і перамагаюць смерць… А што ж мы?