Нарэшце ў мяне з’явіўся кандыдат, за якога можна пахварэць на цырымоніі «Оскар». Прынамсі, у намінацыі «Найлепшы фільм».

«Манчэстэр ля мора» Кенэта Лонэргана — сацыяльная драма пра простых людзей у няпростых жыццёвых абставінах. І гэта не звязана з якімі-небудзь катастрофамі, войнамі ці разгулам злачыннасці. Мы проста назіраем за насельнікамі ціхага золкага мястэчка, якія жывуць у стане перманентнай меланхоліі, чым вельмі нагадваюць беларусаў. Беспрацоўе, алкагалізм, разводы, тымчасам нехта нарадзіўся, а нехта ціхенька памёр. І ўсё гэта падаецца не як вялікая трагедыя са слезацечным надломам, а проста як частка нашай штодзённасці. Таму, хоць фільм і амерыканскі, зняты ён хутчэй у еўрапейскай манеры.

Агульным настроем і стылем здымкі «Манчэстэр ля мора» нагадаў мне «Канец тура» і «Гучней чым бомбы». Але ў адрозненне ад апошняга, ён не спрабуе штучна рабіць з сябе артхаус з дапамогай нудных акадэмічных прыёмаў, калі нам па цэлай хвіліне паказваюць буйныя планы апатычнага твару ці тое, як герой глядзіць на сябе ў люстэрка.

Фільм Лонэргана захоўвае марудлівы тэмп, але пры гэтым значна прыязней да гледача, а таму і выклікае ўзаемныя пачуцці. Нягледзячы на звычайнасць падзей ў кадры, дзве гадзіны экраннага часу пралятаюць неўпрыкмет.

У «Манчэстэра» цудоўны саундтрэк, а яшчэ ён неверагодна прыгожы. Утульнасць зімовай амерыканскай глыбінкі мяжуецца з зачараваннем спакойнага шэрага мора, якое абыякава глядзіць на пакуты людзей і прымушае іх думаць пра вечнае. Дзякуючы хараству асяроддзя, кіно захоўвае светлы і нават жыццесцвярджальны настрой.

Шкада, што ў нас няма мора.