Вось на прэстыжныя кінафэсты з’язджаюцца ўсе вяршкі кінаіндустрыі. Здаецца, інтэлігентныя і выхаваныя людзі. Але тады чаму мы заўсёды чуем пра тое, што чарговы фільм асвісталі? Асабліва дзіўна, калі гаворка ідзе пра аўтарскія фільмы, як, прыкладам, «маці!» Дарэна Аранофскі.

Для мяне гэта дзіўна па дзвюх прычынах. Па-першае, нічога суперскандальнага ў фільме няма. Па-другое, у кінафестывальных залах сядзяць не выпадковыя ж разявы, прыцягнутыя на сеанс рэкламай, а падрыхтаваныя людзі, якія пэўна пабачылі ў сваім жыцці рознае…

Дый што наўвогуле можа значыць гэты свіст? Кіно, як і любы іншы від мастацтва, прыгожа ў сваёй разнастайнасці, а ў такіх значных аўтараў, як Аранофскі, наогул павінен быць карт-бланш на любое выказванне.

Звычайных гледачоў я яшчэ магу зразумець: тут як заўсёды вінавата няправільнае пазіцыянаванне фільма як «жахі/трылер». З-за гэтага «маці» давялося гуляць на адным полі з больш прывабным для шырокага гледача «Яно». А тыя, хто ўсё ж пайшлі на фільм Аранофскі, непазбежна расчараваліся, таму што заміж жахаў атрымалі няпростую, можна нават сказаць арт-хаўсную, прытчу.

Ну што ж, пустая кіназала нічуць мяне не збянтэжыла, і фільм мне вельмі спадабаўся. І ўсё ж я не магу пагадзіцца з тым, што ён такі складаны, незразумелы і вар’яцкі, як пра яго кажуць. Часта можна пачуць пра тое, што ў стужцы ўтоены мільёны розных сэнсаў і намёкаў, але, на мой погляд, гэта вялікае перабольшанне.

Ёсць фільмы куды страшэнней, ёсць фільмы куды складаней і разумней. Хаця, магчыма, уся справа ўва мне, бо я нагледзеўся ўжо ўсякага сюррэалізму. Так ці інакш, сюжэт «маці» апынуўся для мяне простым і зразумелым: канцоўка паказана самім Аранофскі ў першых кадрах (спрэчнае рашэнне, але я магу яго зразумець), і ўсё, што застаецца ўважліваму гледачу, гэта дабудаваць масток, які да яе прывядзе.

Пра тое, што ўсе падзеі носяць іншасказальны ці ірэальны характар, таксама зразумела амаль адразу: у персанажаў няма імёнаў, іх учынкі здаюцца дзіўнымі, а гаворка вельмі сімвалічная і двухсэнсоўная.

Спачатку ўсё гэта нагнятае прыстойны ўзровень напругі і дыскамфорту. Дзякуючы буйных планам і фірмавай манеры здымкі «з-за пляча», ты хутка сінхранізуешся з галоўнай гераіняй, перакладаючы ўсе яе страхі і трывогі на сябе. Фільм Аранофскі варта паглядзець хоць бы дзеля вось гэтага пачуцця татальнай няўтульнасці, уласцівага першай палове. Гэта проста сапраўднае пекла інтраверта.

Я вам гарантую, ад гэтай парачкі ў разы больш клопатаў і непрыемнасцяў, чым ад немцаў ў «Дзюнкерку».

У сваю чаргу, другая палова фільма зусім губляе і без таго нетрывалую сувязь з рэальнасцю, а таму, нягледзячы на ўвесь трэш на экране, глядзіцца кіно значна спакайней. Атрымліваецца такая цікавая фантасмагорыя, сюжэт якой табе даўно вядомы — месцамі нават робіцца смешна і здаецца, што ўсё гэта фарс.

Менавіта вось гэты яўны падзел фільма на дзве часткі, дзе да таго ж першая палова відавочна пераважвае другую па ўзроўні эмацыйнага ўплыву на гледача, я б назваў галоўным недахопам гэтага фільма.

У астатнім кіно атрымалася выдатным. На мой погляд, «маці!» — гэта самы мізантрапічны фільм пасля «Галавы-гумкі». Сапраўдны гімн мізантропіі! Выказ атрымаўся катэгарычным, а таму вельмі правакацыйным. Ці ёсць у ім нешта новае апроч формы? Не думаю, але гучыць пераканаўча і выглядае ўражальна.