«Неонавы дэман» — першы фільм у маім жыцці, які я захацеў перагледзець адразу ж пасля прэм’ернага прагляду. Пажадана ў шлеме віртуальнай рэальнасці, каб невылазна прысмактацца да гэтай крыніцы аголенай эстэтыкі і яшчэ раз прапусціць праз сябе струмені крыштальна чыстага задавальнення.

Гэта не лепшы фільм усіх часоў і народаў, але гэта Нікалас Віндынг Рэфн ва ўсёй сваёй пышнасці. Культавы «Драйв», мабыць, застаўся непераўзыдзеным, але «Неонавы дэман» прызямліўся недзе непадалёк.

Я не лічу сябе кінакрытыкам, таму што дрэнна знаёмы з гісторыяй кінематографа. Мне не хапае досведу, каб самаўпэўнена разбіраць фільмы па костачках, прыгаворваючы: «Так, ну гэта мы ўжо сто разоў бачылі ў Феліні, а вось гэты прыёмчык — нешта з ранняга Хічкока…» і гэтак далей. У гэтым плане распавядаць пра відэагульні мне значна прасцей, бо іх станаўленне праходзіла практычна ў мяне на вачах і разбіраюся ў іх я значна лепш. Аналіз кіно даецца складаней і ў маёй сітуацыі патрабуе іншага падыходу. Я не магу ацаніць тэхнічныя тонкасці, наватарства працы рэжысёра і іншых членаў здымачнай групы, але магу дакладна сказаць, уражае мяне як гледача канчатковы вынік ці не. А глядач я досыць патрабавальны.

Сюжэт двухгадзіннага «Неонавага дэмана» змяшчаецца ў два сказы, і многія крытыкі ўжо па інэрцыі замахнуліся сваімі памідорамі. Але хіба не ў гэтым талент рэжысёра, калі на пустой ці банальнай гісторыі вырастае двухгадзіннае дзейства, ад якога немагчыма адарвацца ні на хвіліну? Хіба не так было з «Драйвам», які павінен быў стаць чарговым прахадным баевіком, але быў выратаваны гэтым дзіўным датчанінам?

neon-demon-movie2

І вось зноў пасрэдны сцэнарый і невялікі бюджэт, але карціна выязджае на стылі, які робіць яе незабыўнай. Зрэшты, гэта датычыцца ўсіх прац Рэфна.

Так, ён нярэдка бярэ эпатажам. Але гэта не эпатаж дзеля эпатажу. За кожнай незвычайнай ці шакавальнай сцэнай штосьці стаіць. І гэта не сіндром пошуку глыбіннага сэнсу, гэта сіндром пошуку глыбінных пачуццяў. Для мяне Рэфн — амаль што як Летаў — партал у бездань ірацыянальных выяў і перажыванняў. Я гляджу яго фільмы, счытваю з іх эмоцыі і думаю пра тое, што, калі б давялося, то сам здымаў бы гэтак жа. Але хутчэй пра іншае.

Тэма моды мяне зусім ніяк не датычыцца, але як толькі я даведаўся, што Рэфн здымае сваю новую стужку менавіта пра гэта, то зразумеў, што гэта будзе нешта выдатнае. Агідны свет шоу-бізнесу і гламуру, у якім асоба шануецца не больш, чым у тыфозных акопах Першай сусветнай, проста цудоўнае поле дзейнасці для ўнутраных дэманаў Рэфна. Я чакаў убачыць «Чорнага лебедзя» ў абгортцы ад іншага аўтара і мае чаканні цалкам спраўдзіліся.

«Неонавы дэман» — гэта стылёвы псіхадэлічны трып вачамі мужчыны ў свет страхаў маладой дзяўчыны. Як я і меркаваў, ніякага хорару тут і блізка няма. Ёсць псіхалагічны трылер з некаторай дзеллю саспенсу, што мне вельмі імпануе. Цудоўны саўндтрэк зліваецца ў адзінае цэлае з гіпнатычнай карцінкай, утвараючы магутны струмень асабістага несвядомага ад рэжысёра да гледача.

Часта пішуць, што ў Рэфна форма дамінуе над зместам. Добрая заўвага. Аднак у маім разуменні ў гэтым няма нічога страшнага: форма — гэта пасудзіна, якая дзякуючы яскравым правакуючым сцэнам замацоўваецца ў свядомасці на гады, і кожны глядач сам паволі запаўняе яе змесцівам, зыходзячы са сваіх асабістых разумовых і эмацыйных магчымасцяў.

Чытайце таксама: