Калі я пісаў пра творчасць Макоты Сінкая, то недзе заадно прачытаў, што анімэ «5 сантыметраў у секунду», якое мне вельмі спадабалася, мае шмат агульнага з раманам «Нарвежскі лес» Харукі Муракамі. Я зацікавіўся і вырашыў яго пачытаць.

Анатацыя абяцала сумную настальгічную гісторыю, а беглы прагляд водгукаў выхватваў фразы захаплення і нават папярэджання пра пабочныя эфекты: маўляў, кніга гэтак цяжкая, што можа прымусіць паглыбіцца ў сябе ці выклікаць дэпрэсію.

Завязка сапраўды атрымалася шматабяцальнай: сталы мужчына, рыхтуючыся да вылету з гамбургскага аэрапорта, чуе песню The Beatles — Norwegian Wood і прыгадвае падзеі сваёй юнацкасці: студэнцтва, інтэрнат, сябры і, вядома ж, дзяўчыны…

Здаецца, ну вось зараз пачнецца сентыментальнае і філасофскае апавяданне мудрага японца пра трагічную love story на фоне грукотных 1960-х: студэнцкія пратэсты, рок-н-рол, хіпі і ўсё такое…

Але старонкі кнігі бягуць адна за другой, і паступова прыходзіць разуменне, што ты чытаеш не ўспаміны сталага мужчыны, а хентайны фанфік японскай школьніцы пра сексуальнае жыццё студэнтаў. Першую палову кнігі я стараўся не звяртаць увагі на інфантыльнасць персанажаў і іх абсалютную непрыстасаванасць да жыцця, але далейшае чытанне ўсё часцей выклікала то ўсмешку, то абурэнне: дурныя гутаркі, дзіўныя ўчынкі, недарэчныя сексуальныя эпізоды.

Увогуле я чалавек шырокіх поглядаў і гатовы прыняць практычна любыя аўтарскія правіла. Да таго ж я не жыў у Японіі сярэдзіны мінулага стагоддзя — магчыма, тады сапраўды ўсе былі дурнаватымі юрлівымі інфантыламі, але неяк гэта не ўкладваецца ў маё жыццёвае ўяўленне. Пісьменнік быццам бы свядома згушчае фарбы вакол надуманых праблем, пры гэтым увесь час педалюе тэму самагубстваў і сексу. Ізноў жа я спакойна да гэтага стаўлюся, але падчас чытання мяне ніяк не пакідала пачуццё, што ўвесь гэты нібыта трагізм прыцягнуты за вушы.

Я разумею, што «Нарвежскі лес» — гэты мастацкі твор і на верагоднасць падзей можна было б заплюшчыць вочы. Але вось тут і вымалёўваецца галоўная праблема рамана: за пакутамі персанажаў няма ніякай значнай ідэі. Усё зводзіцца да такога, ці ведаеце, самазачараванага дэкадэнцтва, памножанага на юнацкі максімалізм накшталт «мяне ніхто не кахае, пайду павешуся».

І нават гэта можна было б добра абставіць, але, на жаль, мова твора даволі бедная. Простыя сказы пра побытавыя думкі і справы галоўнага героя-амёбы, перамяжоўваюцца з доўгімі дыялогамі з кароткіх рэплік, у якіх дзяўчыны практычна ў адкрытую моляць адпярдоліць іх, а герой паспяхова робіць выгляд, што не разумее, пра што ідзе гаворка. А потым раптам пасаж пра чыё-небудзь самагубства — нечаканы і глухі, як удар пыльным мяшком. Можа, гэта такая вытанчаная пародыя?

У пошуку адказу на гэта пытанне я нават паглядзеў аднайменны фільм. Не, усе с сур’ёзнымі мінамі… Але фільм хаця бы прыгожы, дый сюжэтныя акцэнты расстаўлены лепш, што, зрэшты, зусім не робіць яго абавязковым да прагляду.

Рэкамендаваць да чытання кнігу я таксама не бяруся. Ужо лепш пачытаць і паслухаць тое, што чытаюць і слухаюць самі персанажы.