Пабываў у чацвер на файным шоу — кінаканцэрце Rammstein: Paris. Гэта была міжнародная прэм’ера, якая ў адзін дзень з’явілася на экранах больш за тысячы кінатэатраў па ўсім свеце. Выдатна, што нашы пракатчыкі не засталіся ўбаку і беларускія аматары Rammstein мелі магчымасць нацешыцца гэтым ашаламляльным відовішчам.

Кінаканцэрт — гэта, увогуле, не новая форма мастацтва, але глядзець у кінатэатры не мастацкі фільм, а нешта іншае для мяне ў навіну. Rammstein: Paris — гэта запіс канцэрта 2012 года ў Парыжы, зманціраваны і апрацаваны пад кіраўніцтвам шведскага рэжысёра Юнаса Акерлунда, на чыім рахунку велізарная колькасць кліпаў для Metallica, Madonna, Roxette і іншых вядомых выканаўцаў. У адрозненне ад звычайнага канцэртнага запісу, дзе, зазвычай, ідзе простае пераключэнне з некалькіх камер, Rammstein: Paris — гэта вынік карпатлівай працы з відэа і гукам. Такое пачуццё, што кожны кадр быў апрацаваны і ўклеены ў стужку ўручную. З аднаго боку, частка натуральнасці, за якую мы і любім канцэрты, губляецца. Затое, з іншага боку, у разы ўзрастае кінематаграфічнасць.

Rammstein — гэта, вядома, не той гурт, які слухаюць седзячы ў мяккім крэсле, але і паглядзець у іх таксама ёсць на што: прайшло столькі гадоў, але па-ранейшаму мала хто можа зраўнавацца з немцамі па градусе эпатажу і відовішчнасці канцэртаў. Выступ 2010 года ў «Алімпійскім» дагэтуль застаецца для мяне адным з самых яркіх уражанняў падобнага роду. У нейкім сэнсе гэта было здзяйсненне мары, бо Rammstein стаў першым гуртам, на які я сур’ёзна падсеў, калі не лічыць дзіцячыя захапленні Scooter.

Сапраўдная любоў да творчасці гурта ў мяне пачалася з відэазапісу на сінгл «Du Riechst So Gut», але гаворка не пра той кліп з ваўкамі, а пра ранейшую версію. Нямецкі вакал гучаў свежа і арыгінальна на фоне паўсюднага англійскага, а выгляд бліскучых напаўголых мужыкоў перадусім асацыяваўся з мужнасцю і сілай, а не гомасэксуалізмам. Балазе мазгі тады яшчэ не былі сапсаваны інтэрнэтам і іншымі падобнымі рэчамі.

Потым пайшло-паехала альбом за альбомам… Былі, вядома, і іншыя музычныя захапленні, але Rammstein… Гэта як любімае кіно дзяцінства. Ты не можаш успрымаць яго аб’ектыўна, параўноўваць з чымсьці, таму што за гэтулькі гадоў яно стала часткай твайго жыцця. Але калі кіно гэта звычайна грамадскі набытак, які зразумелы амаль для кожнага, то ў Rammstein хаваецца шмат асабістых уражанняў, сэнсаў і ўспамінаў.

rammstein_02

Сядай у маю лодку, Туга будзе нашым рулявым…

Кожны знаходзіць у гэтым гурце штосьці сваё: выйсце агрэсіі, правакацыйны пратэст, кпіны над табу-тэмамі, крутыя піратэхнічныя шоу… Я ж увесь час адчуваю невыносны душэўны боль франтмэна Ціля Ліндэмана, і ён крычыць пра свой боль, выстаўляе яго напаказ. Раней я быў гатовы падзяляць яго з выканаўцам больш ахвотна. Цяпер стала неяк цяжкавата. Напэўна, стаў больш разумець і прапускаць праз сябе. Хаця, канешне, 15-гадоваму мне такі адказ зусім бы не спадабаўся.

Так ці інакш, лезці ў шкуру Ціля і знаёміцца з усімі яго дэманамі жадання няма, таму зборнік яго вершаў на нядаўняй кніжнай выставе ў Мінску я пакруціў у руках, але купляць не стаў. Але ў цэлым Rammstein застаецца адданым сваім традыцыям. Гэта культ, які нарадзіўся практычна на нашых вачах, і некалі мы будзем расказваць сваім дзецям ці ўнукам пра тое, якім быў індастрыял у наш час.