Як спявалі Rammstein: «Хто спакойна чакае, той рана ці позна атрымлівае сваё». Нарэшце мы дачакаліся.

Дачакаліся якаснага і самабытнага фільма па свеце Зорных войн. Без баязлівых самапаўтораў, без прыкрых раяляў у кустах, без натужанага гумару…

«Ізгой-адзін» гэты не гучны працяг франшызы, гэта толькі адна асобна ўзятая гісторыя. Гісторыя пра чорнарабочых вайны — пра людзей, якім раней была прыгатавана толькі адна доля: загінуць дзе-небудзь на заднім плане, тэатральна пляснуўшы рукамі, пакуль джэдай у беласнежнай манішцы робіць свае вялікія справы ў цэнтры кадра.

Вось толькі аповед «Ізгой-адзін» бярэ пачатак у іншую — цёмную эпоху, калі джэдаі ўжо былі вынішчаны, а час Новай надзеі яшчэ не прыйшоў… І Паўстанне жыве гэтай надзеяй.

rogue-one-3

У вобразах паўстанцаў мы бачым простых людзей, якія ўзвалілі на свае плечы непад’ёмны груз бескампраміснага змагання ў вайне, якую па ўсіх разумных прыкідках немагчыма выйграць. Бо Імперыя бачыцца як нязломная моц і беспярэчная дыктатура парадку. І нават калі ты ніколі не глядзеў Зорныя войны, усе патрэбныя вобразы ствараюцца ў цябе ў галаве самі без усялякіх вульгарных накідаў накшталт спальвання вёсак і зігуючых штурмавікоў, як гэта было ў «Абуджэнні сілы». Усё падаецца больш вытанчана: праз буйныя планы герояў і панарамы планет, праз атрыбутыку персанажаў і гульню святлаценю, праз музыку і спецэфекты, якія тут проста неверагодна крутыя.

Падбітая тэхніка прыгожа развальваецца на абломкі, а маштабныя выбухі паражаюць дэталёвай прапрацоўкай і фізікай часціц. Смуга, што ахутвае поле бою, эфекты ад разрываў гранат і пападанняў бластараў — Зорныя войны больш не выглядаюць як тэатральная пастаноўка ці скокі на фоне зялёнага экрана.

Яшчэ ніколі далёкая-далёкая галактыка не выглядала настолькі рэалістычнай, а таму і змрочнай. Паралелі з нашым светам добра заўважныя, а фантастычныя элементы нібы «прыпыленыя», як гэта часта бывае ў псеўдарэалістычнай фантастыцы як «Раён №9». Таму «Ізгой-адзін» не выглядае як казка, якой была арыгінальная трылогія, ці як «коміксавае» кіно, якім былі прыквелы. Гэта прынцыпова іншы погляд на свет Зорных войнаў, які дзякуючы нейкай неверагоднай магіі аўтараў фільма выглядае па-новаму, але ў той жа час вельмі знаёма. І справа нават не ў прамых адсылках, што ствараюць надзейную счэпку паміж падзеямі прыквелаў і арыгінала, а ў манеры здымкі, у нейкіх, здавалася б, нязначных кадрах і фразах, на якія няўважлівы глядач нават не зверне ніякай увагі.

У адным інтэрв’ю рэжысёр Гарэт Эдвардс распавёў, што амаль уся здымачная група «Ізгоя» вырасла на Зорных войнах і ў кожнага ў галаве было выразнае ўяўленне, што і як трэба ці не трэба рабіць. У гэтым, пэўна, і ёсць сакрэт той магіі, пра якую я пісаў вышэй.

rogue-one-6

Там, дзе патрэбна камернасць — ёсць камернасць. Там, дзе патрэбен размах — ёсць размах. Персанажы размаўляюць крыху тэатральна: з дапамогай кароткіх, але змястоўных, нярэдка пафасных фраз. У жыцці людзі, вядома, так не гавораць, але ў гэтым крыецца свайго роду даніна вытокам Сагі.

Спачатку галоўныя героі не выклікаюць вялікай сімпатыі. Асабліва паўстанцы. Глядзіш і думаеш: «Ну ок, ізноў нейкія невядомыя мурзатые чэрці». Але да канца фільма дачыненне змяняецца на дыяметральна супрацьлеглае. Не факт, што адразу пасля першага прагляду вы запомніце ўсе імёны, але самі вобразы бясспрэчна застануцца з вамі надоўга.

Галоўны антаганіст Дырэктар Крэнік чамусьці адразу мне вельмі спадабаўся. Я пазнаёміўся з яго гульнёвай адаптацыяй за пару тыдняў да прэм’еры фільма дзякуючы Season Pass у Star Wars Battlefront. Па яго выглядзе і рэпліках накшталт «Яшчэ крыху і я ўвайду ў світу Імператара» можна судзіць пра тое, што гэта вельмі амбіцыйны і харызматычны персанаж. У гульні ён крыху шапяляе, што надае яму характэрную своеасаблівасць, а вось у фільме я гэтага чамусьці не пачуў, таму пераглядаць «Ізгой-адзін» я збіраюся ў арыгінальнай агучцы. Кіно ад гэтага адназначна выйграе яшчэ больш.

rogue-one-2

Яшчэ я б хацеў адзначыць бітвы. «Ізгой-адзін» — гэта сапраўднае батальнае кіно. А гутарак тут роўна столькі, колькі трэба, каб рухаць сюжэт. У астатнім або экшн, або зачаравальныя планы, якія хочацца заскрыншоціць і ўсталяваць на рабочым стале ў якасці шпалер. Стваральнікі стужкі не чапляюцца за канон, а пашыраюць яго: у фільме можна ўбачыць розныя тыпы ўзбраення і ўніформы, якія арганічна ўпісаны ў агульную карціну. Магчыма, я не вельмі добра знаёмы з «пашыраным сусветам» з кніг і коміксаў, але нічога недарэчнага ці невытлумачальнага з пункту гледжання матчасткі я не заўважыў.

rogue-one-5

Агульнае ўражанне ад прагляду — асалода і захапленне. Пачуцці параўнальныя з тымі, якія ты выпрабоўваеш, калі ўстаўляеш апошні кавалачак пазла ў карціну, якую збіраў некалькі тыдняў. Толькі ў дачыненні да Зорных войнаў гэты працэс расцягваецца на гады, на ўсё жыццё… Эх, трэба неяк дажыць да фільма пра Бобу Фета, а там і паміраць не страшна.

Мяркуючы па першых водгуках, «Ізгой-адзін» хваляць вельмі многія. З-за гэтага гледачы другой хвалі часцяком ідуць на фільм з завышанымі чаканнямі і расчароўваюцца. Але, да майго здзіўлення, нават зараз знаходзяцца тыя, хто застаўся незадаволены праглядам. Што ж… Там, дзе нехта бачыць клішэ, я бачу адсылку да фундаментальных асноваў Сагі, а ў нібыта слаба раскрытых вобразах — абшар для фантазіі. Мяне цяжка звінаваціць у фанацкай схільнасці: ад бясталентнага «Абуджэння сілы» мне дагэтуль ніякавата. Але стваральнікамі «Ізгоя» я не перастаю захапляцца. Толькі ўдумайцеся, наколькі цяжкай была іх мэта: стварыць цікавае і захапляльнае кіно, пры ўмове, што глядач ужо ведае канцоўку. Што глядач гэты вельмі патрабавальны і часта сам не ведае, чаго хоча. Што, як ні круціся, новы фільм будуць параўноўваць з арыгінальнай трылогіяй, якую не пераплюнуць. Што маркетолагі зноў пакажуць палову фільма ў трэйлерах… І ўсё ж яны справіліся!

Няхай «Ізгой-адзін» — гэта не зусім Зорныя войны, але гэта выдатны фільм па свеце Зорных войнаў. Дзякуй за вяртанне надзеі!