Нарэшце дабраўся да малой залы «Ракеты», дзе ў рамках праекта Cinemascope круцяць аўтарскае кіно і класіку. Учора паказвалі нямецкую сатырычную камедыю «Самакрытыка буржуазнага сабакі».

У мяне мала досведу ў праглядзе і ацэнцы падобных фільмаў, таму што мой інтарэс да іх пакуль што толькі зараджаецца. Насамрэч мне заўсёды было шкада часу на прагляд усякага сумнеўнага андэграўнда, улічваючы колькі значных карцін застаецца за бортам. Я ўжо маўчу пра ўсё тое, што паспелі наздымаць да майго нараджэння.

І ўсё ж душа часам просіць чагосьці арыгінальнага. Так, прыкладам, я аднойчы паглядзеў кітайскі фільм 1987 года «Смерць манекеншчыцы» і стаў адным з першых, хто выставіў яму ацэнку на Кінапошуку. Даволі забаўна.

Пры праглядзе такога кіно мяне заўсёды хвалюе думка: ці мог хоць нехта са здымачнай групы ўявіць, што праз 30 гадоў нейкі загадкавы чалавек на іншым канцы зямнога шара ўключыць тэлевізар і будзе глядзець тое, што яны наздымалі. Такія думкі зачароўваюць. Хочацца адправіць рэжысёру тэлеграму з тэкстам «Я паглядзеў твой фільм. Я існую. Вылазь з пятлі».

З «Самакрытыкай», вядома, сітуацыя крыху іншая — карціна ўсё ж новая, а рэжысёр малады хіпстар. І ўсё ж стужка занадта спецыфічная, каб прыцягнуць шырокую аўдыторыю. Пацешная гульня непрафесійных акцёраў пры вельмі прэтэнцыёзнай манеры здымкі наводзіць на думкі пра дыпломную работу выпускніка кінаакадэміі, які да таго ж паслухаў курс паліталогіі.

Асноўнай тэмай стужкі з’яўляецца высмейванне «левай» інтэлігенцыі, якая мроіць пра камунізм і клапаціцца пра пралетарыят, але пры гэтым вельмі павярхоўна з гэтым самым пралетарыятам знаёмая. Мяне гэта вельмі здзівіла, таму што «левыя» ідэі тут пададзены на ўзроўні стагадовай даўнасці. Я, вядома, не ведаю інтарэсаў сучаснай нямецкай моладзі, але мне здаецца, што пытанні, якія падымаюцца аўтарам, даўно зняты з рэальнай палітычнай агенды, а «левы» рух даўно забыў запаветы Ілліча і больш не спявае «Інтэрнацыянал», вобразна гаворачы. Ну, добра, можна дапусціць, што недабудаваны нямецкі камунізм пакінуў нейкія слабыя парасткі, што дагэтуль прэюць у люмпенскім асяроддзі.

Носьбіты гэтых парасткаў паказаны ў фільме на прыкладзе асобных карыкатурных персанажаў, чые словы і ўчынкі носяць падкрэслена ўтрыраваны характар, тым самым раскрываюць розныя палітычныя ідэі (хутчэй нават лозунгі) на побытавых прыкладах. Так што «Самакрытыку» даволі цікава глядзець хоць бы як зборнік фельетонаў.

Такім чынам, атрымалася няроўная, але і не нудная, а месцамі нават смешная гісторыя пра будаўнікоў камунізму – няўдачнікаў. Вось толькі неясна, навошта яна патрэбна, бо ў падручніках па гісторыі адна такая ўжо ёсць.