Гадавіну прагляду «Ла-ла Лэнда» я адзначыў паходам у кіно на «Форму вады» Гільерма дэль Тора. І я не выпадкова згадаў твор Дэм’ена Шазэла, таму як абедзве карціны маюць шмат агульнага і ўражанні ў мяне ад іх вельмі падобныя.

Я вельмі шаную аўтарскі падыход да стварэння кіно — усе гэтыя прыёмы і дробязі, якія робяць почырк рэжысёра вядомым і пры гэтым служаць асноўнай ідэі фільма, а не зацыкляюцца самі на сабе. Таму дасканала прапрацаваны фільм, выкананы на найвышэйшым тэхнічным узроўні, не можа не атрымаць ад мяне высокую ацэнку.

З іншага боку, не меншай, а то і большай каштоўнасцю для мяне з’яўляецца арыгінальнасць ці прынамсі важнасць асноўнай ідэі фільма.

І вось тут у «Формы вады» відавочныя праблемы. Калі «Ла-ла Лэнд» — гэта папуры-рэмэйк мюзіклаў залатога веку Галівуда, то «Форма вады» — гэта сумесь жудасаў той жа эпохі з сямейнымі фільмамі пра выратаванне жывёл/іншых істот («Вызваліце Вілі», «Іншапланетнік», «Стальны гігант»…). Гучыць цікавей, чым ёсць насамрэч, бо ўсе гэтыя праблемы кахання жанчыны да монстра насуперак агрэсіўнаму наваколлю ўжо тысячу разоў былі паказаны на прыкладзе Квазімоды, Кінг-Конга і Хаўера Бардэма, lol.

У гэтым сэнсе «Форма вады» не прапануе абсалютна нічога новага. Змрочнасць і натуралізм, уласцівыя рэжысёрскаму стылю Гільерма дэль Тора ўяўляюць толькі незвычайную абгортку абсмактанай сто разоў цукеркі. Дый тое, здзіўляць гэтым робіцца ўсё цяжэй. Калі прыгледзецца, то нават галоўная шок-сцэна — гэта трыб’ют легендарнаму «Альфу», ахаха.

Не спрачаюся, фільм глядзець увогуле цікава, але галоўным чынам дзякуючы якаснай пастаноўцы і розным дробязям. У той жа час пераглядаць яго я наўрад ці калі-небудзь пажадаю.

Ад майстра гэтак высокага ўзроўня чакаеш работ накшталт «Лабірынта Фаўна» — карціны ўва ўсіх сэнсах надзвычайнай. Але ў дадзеным выпадку атрымаўся чарговы пераказ казкі пра прыгажуню і пачвару. Да таго ж з засіллем сацыяльнай кан’юнктуршчыны, ад якой у апошні час зусім нікуды не дзецца.

У гэтым плане аўтары ўвогуле сабралі фулл-хаус: галоўная гераіня — нацмен-інвалід-сірата-прыбіральшчыца, якая падвяргаецца сексуальным дамаганням на працы. Дапамагаюць ёй прадстаўнікі іншых прыгнечаных груп, а ўсе астатнія гетэрасэксуальныя мужчыны нейкія расчалавечаныя вырадкі.

Ну, акей, я зраблю выгляд, што паверыў у тое, што гэта аўтарскі погляд, а не жаданне дагадзіць амерыканскім крытыкам і выехаць на злабадзённай тэме.

Ах, ледзь не забыўся пра мільён адсылак да рознага чорна-белага трахамудзя. Давайце шчыра: нават у штатах не знойдзецца хоць колькі-небудзь значнай колькасці людзей, якія здольныя зразумець усе гэтыя рэверансы ўбок тэлемюзіклаў сярэдзіны стагоддзя. Затое на непадрыхтаванага чалавека гэта стварае магічны эфект: калі у фільме цытуецца нешта праверанае часам, то гэта надае значнасці і самаму фільму — вось такая логіка.

Карацей кажучы, усё гэта маніпуляцыі, за якія я год таму лаяў «Ла-ла Лэнд». Дарэчы, калі верыць Кінапошуку, то дэль Тора спачатку планаваў зрабіць свой фільм чорна-белым. На шчасце, гэтага не адбылося.

На мой погляд, старое кіно добра ў тым выглядзе, у якім яно ёсць. А калі ўжо нават самыя таленавітыя рэжысёры ў XXI стагоддзі пачынаюць яго пераздымаць, ды яшчэ і капіюючы стыль і тэхналогіі здымкі, то гэта сведчыць толькі аб тым, што прагрэс завёў нас у тупік, а творчая імпатэнцыя дасягнула свайго апагея.