Я ішоў на «Зорныя войны» і чакаў убачыць некаторае лайно. Сабраўшы ў кулак усю сваю сілу светлага боку, я прыйшоў на паказ, захоўваючы ў душы гармонію джэдая, у поўнай гатовасці «зразумець і дараваць», штоб я ні ўбачыў.

Але гідкія шчупальцы трывогі пацягнуліся да майго сэрца ўжо падчас уступных тытраў. «Люк Скайуокер знік…», «Першы ордэн…», «Супраціў…» Што за глупства? У VI эпізодзе мы сваімі вачамі бачылі славутую перамогу Рэвалюцыі! Так, нейкія асколкі Імперыі маглі застацца, але ініцыятыва павінна была канчаткова перайсці да паўстанцаў. І што мы бачым праз 30 гадоў? Пасівелыя героі вайны зноў хаваюцца па норах, гэтым разам ад нейкіх фашыствуючых малойчыкаў з неверагоднымі тэхналогіямі. Па фактах гэта Імперыя 2.0, якая з’явілася на пустым месцы і чамусьці стала ў разы мацней. Аўтары фільма проста і бяздумна перакрэслілі хэпі-энд шостага эпізоду і зняцэнілі ўсё, што адбывалася ў дзвюх першых трылогіях. Зноў усё пачынаць спачатку.

star-killer

Насамрэч гэта самае жудаснае, што толькі магло здарыцца з франшызай. Вось як зараз глядзець старую «Іронію лёсу» пад Новы год, ведаючы сюжэт другой часткі? Дзякуючы «Працягу», канец арыгінальнага фільма зараз не шчаслівы і нават не адкрыты. Ён закрыты, прытым закрыты негатыўна: галоўныя героі — самотныя старыя, якія вярнуліся да свайго ранейшага жыцця. Як, уласна кажучы, і ў новых Зорных войнах. Па гэтай прычыне мяне не пакідае думка пра смяротна хворага фаната, якому далі паглядзець сёмы эпізод да прэм’еры. Мне яго шчыра шкада. Калі б я паміраў, то лепей бы яшчэ раз паглядзеў добры і мудры фінал «Вяртання джэдая», а не гэты сумны цырк. Прынцэса Лея ўсё гэтак жа безнадзейна ваюе, Хан Сола з Чубакай такія ж жабракі-прайдзісветы, а Люк Скайуокер без нічога ніякага кінуў сястру і сяброў ды залёг на дно. Вярнуць усё на свае месцы, ігнаруючы падзеі, вопыт і эвалюцыю характараў персанажаў — гэта вельмі нізкагатунковы прыём, характэрны для сіткомаў, але ніяк не для вялікага кіно.

Можна было б паказаць галактыку, спустошаную грамадзянскай вайной. Руіны Імперыі, на якіх будуюцца новыя альянсы і ўзвышаюцца вялікія дамы. Інтрыгі, міжусобіцы, перадзел улады — выдатныя ўмовы для адраджэння Цёмнага боку сілы. Але ўсяго гэтага ў фільме няма. Адзіным водгаласам мінулай вайны з’яўляюцца могілкі імперскай тэхнікі на Джаку. Знішчаны крэйсер, паваленыя AT-AT — вось такога павінна быць больш. Менавіта ў гэтых прыгожых і сціскаючых сэрца выявах і складаецца сапраўдная пераемнасць пакаленняў, гэта і есці сапраўдныя «пасхалкі». А не тупое капіяванне старых сюжэтных хадоў, адыграных сцэн і вядомых рэплік, перанесеных у новы фільм з грацыяй бегемота ў вагоне-рэстаране.

Force-Awakens-Battle-of-Jakku

Першую траціну фільма я трымаўся спакойна, але ў галаве неонавай шыльдай свяцілася назва для рэцэнзіі — «Казка не для нас»… Я спрабаваў расслабіцца і проста глядзець кіно, але ўдары пыльным мяшком «любых пасхалачак» сыпаліся з экрана адзін за адным:

  • пустынная планета 2.0;
  • мілы дроід з важнай місіяй 2.0;
  • адораная самавучка на пустыннай планеце, якая сустракае мілага дроіда з важнай місіяй 2.0;
  • Тысячагадовы сокал HD;
  • Хан Сола і Чубака HD;
  • галаграма злыдня-лялькавода 2.0;
  • схаваная база паўстанцаў 2.0;
  • прынцэса Лея HD;
  • R2D2 HD;
  • C3PO HD;
  • адмірал «It’s a trap!» Акбар HD…

Гэты спіс можна было б працягваць бясконца, але калі на экране паказалі парадкі зігуючых штурмавікоў на ЗОРЦЫ СМЕРЦІ 3.0 стала ясна, што ўсё скончана. Што гэта не сёмы эпізод, а проста нейкі гратэскавы рэмэйк старой трылогіі. Скапіюем усё, што можам, і памножым гэта ў 5… не… ў 10 разоў!!! Светлавыя мячы занадта нудна? Гарду яму ўлепім! Галаграма Палпаціна здавалася маленькай? Зробім яе ВЕЛІЗАРНАЙ! Зорка смерці магла знішчыць планету? Хай зараз знішчыць ЦЭЛУЮ СІСТЭМУ!

Напрошваецца параўнанне з фільмам «Шалёны Макс: Дарога Лютасці», які таксама напалову рэмэйк, напалову сіквел, але там хоць персанажаў новых дадалі і хай і простую, але сваю гісторыю. У «Зорных войнах» жа з гэтым усё дрэнна.

SW-heroes

Рэй — галоўны герой. Правінцыйная бамжыха і вундеркінд ў адным флаконе. Выдатны пілот, ведае начынку ўсіх караблёў галактыкі, умее ўжываць сілу (хаця нідзе не навучалася і ўвогуле не павінна ведаць, што гэта такое), цудоўна фехтуе, упершыню ўзяўшы ў рукі светлавы меч. Пытанне толькі адно: калі ты такі геній, чаму ты жабруеш і працуеш за капейкі на нейкага прыкрага барыгу? Для галачкі-пасхалачкі. Ніякага сэнсу ў гэтым, у адрозненне ад папярэдніх частак няма. Спачатку гэта тлумачаць тым, што яна некага чакала (быццам бы бацькоў, але не ўпэўнены) і раптам сарвалася ў невядомасць з першым сустрэчным.

Фін — штурмавік-перабежчык. Мабыць, ён вельмі доўга драіў прыбіральні на новай Зорцы Смерці, бо дасканала вывучыў усю яе архітэктуру. Вырашыў дэзерціраваць, пасля таго, як не выканаў загад па расстрэле мірных жыхароў. Чаму сантэхніку даручылі ўдзел у карнай аперацыі? Пытанне адкрытае. Як і тое, чаму ўсе паўстанцы яму вераць, ведаючы, што ён быў штурмавіком, якія дагэтуль ніколі не здрадзілі прысязе. Той факт, што ў першых сцэнах фільма Фін схіліўся дапамагчы смяротна параненаму таварышу, кажа пра тое, што браты па зброі не былі яму абыякавыя. Аднак гэта не замінае яму ўжо ў вельмі хуткім часе ўлюлюкваючы распраўляцца са сваімі аднапалчанамі направа і налева. «Я не створаны для забойстваў», ага. Фін, як і Рэй, з’яўляецца вундэркіндам: страляе з усіх тыпаў зброі, фехтуе светлавым мячом, на роўных ваюе з падаванам Люка. Хвост віляе сабакам, бязглуздзіца, адным словам.

Кайла Рэн — галоўны антаганіст і галоўны аб’ект нападкаў крытыкаў фільма. Кажуць, псіхаваны малы, яшчэ і тварам не выйшаў. Але тут я якраз не згодны. І гэты персанаж ледзь не адзінае новае, што ёсць у гэтым фільме. Сітх-пераймальнік, які хоча дасягнуць славы дзеда, носіць маску, хаваючы свае «камедыйныя рысы твару», псіхуе, калі ў яго штосьці не атрымваецца. Ён вельмі амбіцыйны, але не ўсёмагутны. На мой пагляд, цікавы персанаж і менавіта такімі павінны быць сітхі пасля таго як уся іх верхавіна была знішчана. Калі б ён быў прыгожы і спакойны, як таго патрабуюць абывацелі, то атрымалася б проста копія Дарта Вейдара ў крыху ўшытым касцюме. А так мы атрымалі хоць штосьці самабытнае.

Хан Сола — усё такі ж прайдзісвет. Як быццам бы не было яго станаўлення і кахання да Леі. Ізноў працуе на нейкіх жулікаў, хаця грошаў і славы ў яго павінна было быць у дастатку. Але публіка павінна ўбачыць яго такім, якім ён быў 30 гадоў назад. ТАК ТРЭБА! У лёсе Хана Сола чытаецца ўся сутнцасць новых Зорных войн — узяць усё старое і добрае і прыразаць на пацеху IMAX-Калізею. Навошта?

Пра астатніх герояў і пісаць не хочацца. Яны або не раскрыты, або не робяць ніякага ўражання. Ёсць і ёсць. Не было б, нічога б і не страцілі. Узяць хоць бы капітана Фазму. Гэта проста нуль без палачкі. Такія персанажы патрэбныя толькі для таго, каб потым прадаваць фігуркі ды іншы мэрч фанатам. Значна большае ўражанне зрабіў штурмавік з энерга-дубінай. Здавалася б у яго ўсяго адно слова, адзін жэст і адна хвіліна ў кадры. Але колькі ўсяго за ім стаіць: сіла, адданасць, кара, адвага — але і яго прынеслі ў ахвяру «пасхалцы», гэтым разам Індыяна Джонсаўскай.

loyal_stormtrooper

Сюжэт гэта поўны трэш. Казаць пра яго проста няма сэнсу, таму што гэта Франкенштэйн пашыты белымі ніткамі з кавалачкаў старой трылогіі і нейкіх дурных штампаў. Кожную хвіліну на экране адбываецца штосьці недарэчнае. Узяць хоць бы галоўную лінію. Мэта, заяўленая ў пачатковых тытрах, якая была? Знайсці Люка Скайуокера — апошняга джэдая. Навошта яго шукаць, калі ён сам сыйшоў? Яшчэ мапу нейкую прыплялі. Чаму менавіта мапа з пракладзеным маршрутам а-ля «Востраў скарбаў»? У планеты, дзе знаходзіцца Люк, ёсць каардынаты — гэта ўсё, што патрэбна. Пра тое, дзе менавіта на планеце ён знаходзіцца, я ўжо маўчу. Такія дапушчэнні былі і ў старых Зорных войнах. І гэта якраз зусім не тое, што нелаежць пераймаць у арыгінала.

Але пляваць на гэтыя дробязі, вернемся да галоўнага. У сярэдзіне фільма намалявалася новая Зорка Смерці і ўсе забыліся пра Люка і паляцелі з ёй змагацца, хаця 5 хвілін таму ніхто, улічваючы гледача, нават і не падазраваў пра яе існаванне! Але, як вядома, чым больш твая Зорка Смерці, тым шырэй у яе вентыляцыйная шахта, так што расправіцца з ёй — справа тэхнікі. Калі яе падарвалі, я ўжо быў гатовы да таго, што ў зале ўключыцца святло… Але пачакайце! Вось халера! Мы ж пра Люка забыліся! А навошта ён патрэбен, калі мы ўжо Зорку Смерці разам з Ордэнам і без яго падарвалі? Ах, ну-так, меч фамільны перадаць трэба. Гэта той меч, якім Энакін юнлингаў пасек? Ці той, які разам з адсечанай рукой Люка ў прорву паляцеў? Заміж адказаў на пытанні, глядач атрымвае толькі ўрыўкі інфармацыі з намёкам «глядзіце ў наступнай серыі». Да таго ж, іх трэба вылоўліваць самастойна ў патоках адборнай бязглудзіцы. Словы, каб штосьці сказаць. Учынкі, каб штосьці зрабіць. Я зараз хацеў было напісаць «экшн дзеля экшна», але дзе ж там!

«Абуджэнне сілы» — гэта першы эпізод, дзе няма ніводнай бітвы! Нейкая невыразная бойка на планеце-бары і разнос Зоркі смерці трыма знішчальнікамі гэта проста смех. Джордж Лукас не для таго ў 80-е на каленках з макетамі AT-AT поўзаў, узнаўляючы неверагодныя бітвы будучага, каб нейкія Мікі-Маўсы ўсё прасралі. У нашыя часы нават у еўрапейскім інды-кіно, знятым на голым запале паказваюцца годныя батальныя сцэны. А тут проста пшык! Усе грошы уцяклі на рэкламу і подкуп крытыкаў.

Затое замест бітваў мы можам назіраць паўгадзінную сутычку з нейкай іншапланетнай «зелібобай» на борце Тысячагадовага сокала. Абсалютна не відовішчны і бессэнсоўны для сюжэта, пры гэтым неапраўдана доўгі эпізод. Навошта? Што гэта наўвогуле такое было? АСТАНАВИТЕС!

Такога ў новым эпізодзе вы не ўбачыце.

Такога ў новым эпізодзе вы не ўбачыце.

Традыцыйна кожны новы эпізод Зорных войнаў паказваў штосьці новае: неверагодныя светы, дзіўныя істоты, каларытныя персанажы. Прыгадайце гонку на Татуіне або хоць бы ненавіснага ўсім Джа-джа Бінкса. Няхай ён усіх вар’яваў, але дзякуючы яму межы далёкай-далёкай галактыкі пашырыліся. Мы пазналі пра расу гунганаў, пра іх падводны горад, пра складаныя стасункі з наземнымі жыхарамі, пра тое, якая ў ніх зброя і тактыка ў бітве. Шмат чаго чыталася паміж радкоў: напрыклад, памяркоўнасць, з якой джэдаі ставіліся да Джа-джа Бінкса сведчыла аб сіле і гармоніі светлага боку. У фільме Абрамса такога няма. Існуе толькі тое, што мы бачым на экране. Закуліссе ёсць, але там можна знайсці только раялі накшталт новай Зоркі смерці, Тысячагадовага сокала і фамільнага мяча, якія па факце — плот з лебяды…

Усё гэта вельмі сумна. Пры гэтым важна адзначыць: я вельмі хацеў палюбіць «Абуджэнне сілы» і быў гатовы шмат чаго яму дараваць. Але не магу. Не магу нічога з сабой зрабіць. І справа нават не ў тым, што фільм дрэнны, а ў тым, што ён мог быць значна лепш. Прытым без якіх-небудзь дадатковых выдаткаў. Трэба проста прыхаваць швы на целе гэтага Франкенштэйна і перастаць шкодзіць сабе. Не памнажаць бязглуздіцу на пустым месцы. Вось хто цягнуў галоўных герояў за язык, калі яны казалі, што шлем штурмавіка не бароніць ад газу? Гэта ж лухта! І галоўнае, гэта ніяк потым не зыграла. Проста ляпнулі і забыліся, а мута засталася. І так увесь фільм. Абы-як!

Не хочацца сканчаць на сумным, але, як відаць, Дысней у спробе дагнаць і перагнаць марвелаўскі канвеер, нанес франшызе непапраўную шкоду. Так адбываецца заўсёды, калі за справу бярэцца вялікая карпарацыя. Гэта датычыцца і фільмаў, і гульняў, і ўсяго астатняга. У свеце бізнес-планаў, эстымэйтаў і дэдлайнаў для творчасці і лёту думкі месца няма.

sw_disney