Аўтары сучасных блакбастараў нагадваюць мне савецкіх інжынераў са старога анекдота, якія па чарцяжах збіралі самалёт, а на справе заўсёды атрымліваўся трактар.

У наш час няважна, ідзеш ты на новага «Тэрмінатара» ці на працяг «Зорных войн», вынік на экране будзе прыкладна аднолькавы. Цяпер ужо нават цяжка паверыць, што 10-15 гадоў таму масавае кіно было разнастайным, як па задумцы, гэтак і па выкананні. Новы эталон — гэта марвелаўскі фекалоід, які складаецца з высмактаных з пальца сюжэтаў, тупых жартаў, безгустоўнага дызайну і аднаклеткавай маралі.

На гэтым у прынцыпе можна было б і скончыць гутарку пра «Апошніх джэдаяў». Дзіва не адбылося: новы эпізод, як і папярэдні, ўяўляе нарэзку са старых фільмаў, запраўленую вар’яцкай адсябяцінай, толькі зараз усё гэта яшчэ і загорнута ў ліпкую абгортку самапародыі.

Усё, за што я лаяў «Абуджэнне сілы», можна прыгадаць і зараз.

Пачну з асноўнага — з гісторыі. Ведаеце, як робіцца добрая гісторыя? У аўтара ёсць думка, якую ён разгортвае ў сюжэт. Потым гэты сюжэт абрастае дадатковымі падрабязнасцямі, сцэнарнымі хадамі і мастацкімі прыёмамі. Новая трылогія — гэта прыклад дрэннай гісторыі. Напэўна, вы ўсе помніце такое заданне са школьных урокаў літаратуры: настаўнік дае адзін сказ і далей кожны вучань па ланцужку дапаўняе яго сваім сказам, што на выйсці дае даволі аб’ёмнае апавяданне. Нават калі ў вас такога задання не было, вы можаце сабе ўявіць, што за аповеды там атрымліваліся. Новая трылогія «Зорных войн» ствараецца менавіта па такім прынцыпе: ніякай агульнай сюжэтнай аркі няма і кожны новы рэжысёр гародзіць свой агарод. Па такой ідыёцкай тэхналогіі сапраўды атрымліваецца, што ў агародзе гэтым бузіна, а ў Кіеве дзядзька.

Можна проста ўявіць сабе тыповы сход сцэнарнай групы. «Так, рабяткі, трэба зняць новы фільм, давайце ад кожнага па адной ідэі. Потым пасля абеду хуценька ўсё падаб’ём». Нехта ўспомніў бітву на Хоце, нехта — смерць Бобы Фетта, нехта — здраду Лэнды Калрысіана, нехта — развязку VI эпізоду. Былі і члены спецыяльнай фокус-групы, якія ўвогуле ніколі не глядзелі «Зорныя войны». Іх каштоўныя ідэі пра палёты ў космасе а-ля Супермэн і гіперскачковы таран таксама ўлічылі.

Не, ну, сур’ёзна. Я шмат на што гатовы заплюшчыць вочы. На тое, што ў Супраціўлення ўсё, улічваючы старую закансерваваную базу, абсталявана непрабіўнымі шчытамі, а ў вялікага і жудаснага Першага Ордэна няма нармальнай абароны нават на флагманах. На гравітацыю ў вакууме, якая ўплывае на бомбы, але не на чалавека ў бамбалюку. На Сілу, якой зараз можна вытлумачыць усё што заўгодна… Але калі ў вочы пачынаюць канкрэтна сцаць, тут ужо зачыняй – не зачыняй, прыемнага мала.

Усе старыя балячкі на месцы. Сусвет ніяк не раскрыты. Адкуль узяўся Першы Ордэн і чаму ён такі моцны, а Супраціўленне пасля ўсіх сваіх перамог такое слабое — незразумела.

Учынкі персанажаў спантанныя, іх матывацыя недасканалая, цэласных харызматычных вобразаў няма. Кайла Рэн, якога я бараніў у мінулым аглядзе, па-ранейшаму ледзь не адзіная светлая пляма ў фільме (ха-ха светлая, ну, вы зразумелі так? ён жа на цёмным боку лол, раву). Марк Хэміл згуляў добра, і быццам бы як яго персанажа паспрабавалі раскрыць з новага боку. Але каштоўнасць гэтага раскрыцця нулявая. Зняць кіно так, што лёс ключавога героя сагі робіцца табе паралельным гэта трэба яшчэ пастарацца.

Гісторыя «Апошніх джэдаяў» — гэта гісторыя адной лакальнай пагоні. Ніякімі войнамі тут і не пахне. Відовішчных бітваў па-ранейшаму ніводнай няма. Гэта парадокс: бітва на Хоце 1980 года выглядае маштабней і круцей, чым яе недарэмейк, зняты з сучаснымі тэхналогіямі і кучай бабла. Ну, а што? Піпл хавае…

Ва ўсім гэтым цешыць толькі адно. Шэдэўральны «Ізгой-адзін» у нас ужо ніхто не адніме.