Хто-небудзь думаў аб тым, чаму касмічныя караблі, на якіх адбываюцца рознага роду непрыемнасці такія велізарныя? Вы бачылі сучасныя арбітальныя станцыі? З клаўстрафобіяй туды лепш не лезці. Тое ж самае можна сказаць і пра падводныя лодкі, ды увогуле пра любыя марскія ці паветраныя судны. Але ў космасе ўсё інакш. Такое пачуццё, што ў будучыні пра эрганоміку касмічных караблёў зусім ніхто не думаў. Гэтыя велізарныя змрочныя залы і калідоры нібы створаны для таго, каб паказаць мізэрнасць блукаючага па іх чалавека ў жудасным і беспрасветным свеце будучыні. А калі яшчэ падхарашыць футурыстычныя інтэр’еры чалавечымі рэшткамі… ммм… лепшай прышчэпкі ад жадання стаць першапраходнікам касмічных глыбінь не прыдумаеш. Няхай мы жывем не так доўга і кожны год у свеце ўзнікае новая болька, што пагражае знішчыць чалавецтва, але на Зямлі яно, ведаеце, спакайней неяк.

На жаль, Джону Марачэку пашанцавала куды менш чым нам. Гэты законапаслухмяны грамадзянін проста ляцеў у водпуск з жонкай і дачкой, а ачуўся з пераламанымі рэбрамі на халоднай падлозе незнаёмага карабля ў лужыне зялёных смаркачоў стазіс-камеры. Першасны агляд становішча паказаў, што ўсё вельмі дрэнна. Нікога нідзе няма, усе сістэмы карабля знаходзяцца ў вельмі запушчаным стане, палова дзвярэй не адчныяецца, навакол сляды барацьбы і плямы, падобныя на кроў. Агульна кажучы, усё як мы любім.

Stasis_05
Stasis_07
Stasis_06
Stasis_04
Stasis_02
Stasis_01
Stasis_03

 

Stasis — гэта ізаметрычны квэст у надзвыча змрочным мастацкім і сэнсавым напаўненні. Адразу варта адзначыць, што гэта не ААА праект — гульня стваралася, па сутнасці, адным чалавекам і аўтару варта паставіць помнік ужо за тое, што графіка тут не васьмібітавая. Наадварот, Крыштаф Бішаф — перш за ўсё мастак. Гэта ён нядаўна апублікаваў серыю малюнкаў «як некаторыя сучасныя гульні выглядалі б у ізаметрыі». Яны вельмі ўразілі мяне, таму я не быў здзіўлены, калі ўбачыў, што інтэр’еры карабля ў Stasis намаляваны на выдатна. Трэба толькі прыглянуцца і крыху даць волю фантазіі, як безвыходнасць і роспач пачынаюць ліцца на цябе праз экран адваротнай глейкай жыжкай. Не адстае і аўдыёсуправаджэнне: гукі крокаў Джона, бязладныя галасавыя паведамленні, лямант за сценкай — усё гэта асцярожна і з любоўю рэалізавана па старых класічных формулах.

А вось гульнявы працэс усё ж не такі добры як бы таго хацелася. Далёка не заўсёды зразумела, што Джон хоча зрабіць і як яму ў гэтым дапамагчы. Тут бы не перашкодзілі дадатковыя каментары ад галоўнага героя накшталт «трэба чымсьці падчапіць» ці «спалю тут усё да д’ябла», а не яго стандартныя «не атрымаецца», «мда», «хм..», «кек». Таксама не хапае падсвечвання актыўных элементаў на экране па націску клавішы, як гэта робіцца амаль ва ўсіх квэстах. Праблема ў тым, што гульня вельмі змрочная і на высокіх адрознівальных здольнасцях манітора актыўныя элементы заўважныць вельмі складана. Асабліва гэта датычыцца пераходаў паміж лакацыямі. Гульня некалькі разоў ставіла мяне ў тупік і я марнаваў час, блукаючы па трох лакацыях, пакуль выпадкова не натыкаўся на чацвёртую. Больш таго, я не раз звяртаўся да праходжання. Справа ў тым, што на сярэдзіне гульні дзеянне крыху правісае: нічога асаблівага не адбываецца, лакацыі пачынаю дакучаць і наперад рухае толькі жаданне пазнаць, чым жа ўсё скончыцца. Пагадзіцеся, пра выдатную гульню такога не скажаш.

Тым не менш, апошняя траціна «Стазісу» моцна ўзварушвае гульца і калі вы дашлі да яе, то я гарантую, што далей ужо не адарвецеся. Канцоўка так і зусім выбівае мазгі. Я скончыў гульню ў гадзіну ночы, а потым яшчэ да чатырох чытаў абмеркаванні канцоўкі і дадатковыя матэрыялы. Думаю, гэта шмат пра што кажа. Не нагадваю такога з часоў Bioshock Infinite. І я не выпадкова яго прыгадаў. Гуляючы ў Stasis, вы не раз адчуеце дэжавю: Dead Space, «Пандорум», «Праз гарызонт» — можа, штосьці яшчэ. З’яўляецца гэта запазычаннем ці данінай павагі — кожны вырашае сам.

Ступень хорару і пранікнення ў атмасферу — таксама вельмі асабісты аспект. Увогуле гульня не вельмі страшная, хутчэй гідкая. А вось калі вы не збіраецеся чытаць усе дзённікі і навуковыя справаздачы, то і брацца за яе, мабыць, зусім не варта. Stasis адна з тых гульняў, якія па ўзроўні апавядання блізкія да кніг, але гэта кніга не прыгодніцкая. Перад намі хутчэй апісанне жудаснага свету і акалічнасцяў, у якія трапіла сям’я галоўнага героя. І калі прызадумацца, то завяршальным ударам ката прыходзіць разуменне таго, што гэты агідны свет будучыні амаль нічым ад нашага і не адрозніваецца. Больш таго, усё гэта ўжо было ў нашай гісторыі…

Stasis яшчэ раз паказаў, наколькі рэальны кашмар і за гэтага я кажу Крыштафу Бішафу дзякуй.