Я стараюся трымацца далей ад серыялаў, бо яны аднімаюць занадта шмат часу. Як паказвае практыка, гульні, кіно і серыялы — гэта тры цагліны, з якіх, на жаль, няможна пабудаваць хату. Даводзіцца выбіраць толькі два.

Другая прычына, з якой я недалюбліваю серыялы, гэта рызыка. Пачаўшы глядзець серыял, ты нібы падпісваеш з яго аўтарамі шматгадовы кантракт на невядомых табе ўмовах. Любы серыял могуць неўзабаве закрыць ці паступова ператварыць у вялікі бескарысны груз, які немагчыма несці далей, але і кінуць шкада. Яшчэ адзін не менш сумны варыянт развіцця падзей: у стваральнікаў заканчваюцца грошы і яны спехам лепяць бязглуздую канцоўку. Вынік усяго гэтага адзін — расчараванне. Ці не лепш за гэты час паглядзець тузін добрых фільмаў, кожны са сваёй цэласнай і завершанай гісторыяй?

З аднаго боку, перавага стандартных поўнаметражных фільмаў перад серыяламі відавочная. З іншага боку, серыялы за апошнія гадоў дзесяць значна прыбавілі ў бюджэтах і агульнай якасці выканання. Гэта ўжо не толькі мыльныя оперы і сіткомы, але і сур’ёзныя драматычныя творы. Але галоўнае нават не гэта, а тое, што серыялы з другараднага TV-прадукту неяк неўпрыкмет ператварыліся ў новы культурны феномен. Практычна кожны дарагі серыял стварае вакол сябе новы фандом, які ўсмоктвае ўжо не толькі студэнтаў ды гікаў, як гэта бывала раней, але і практычна ўсе пласты насельніцтва. Ну апроч хіба пенсіянераў, у якіх, дарэчы, свае (даруй, Божа) серыялы.

У выніку, калі ты не пустэльнік без доступу да інтэрнэту, то ты проста не можаш ігнараваць інфармацыйны шум, якім суправаджаецца выйсце чарговага сезона/серыі, дзе зноў некага забілі/ускрэсілі. Тады ты або паддаешся асяроддзю і ўліваешся ў тусоўку, або выглядаеш белай варонай сярод тых, хто «ў тэме». Так і распаўсюджваецца гэта чума XXI стагоддзя.

Думаю, што маё стаўленне да серыялаў не было б такім зняважлівым, калі б я не разумеў, што ляжыць у іх аснове. А ў іх аснове ляжыць уздзеянне на даволі прымітыўныя якасці чалавека: лянота, цікаўнасць і імкненне да завершанасці. Я думаю, тут тлумачыць нічога не трэба.

У дадатак да гэтага, серыялы новага пакалення сталі ў нейкай ступені адказам на пэўныя тэндэнцыі ў кінематографе. Пракатныя фільмы вельмі імкнуцца да зніжэння ўзроставых рэйтынгаў, каб ахапіць максімальную аўдыторыю, таму з іх практычна цалкам зніклі секс і праўдападобная жорсткасць. Рэалістычная ці псеўдарэалістычная выявы засталіся толькі ў фрыкаў накшталт Таранціна, якія могуць сабе такое дазволіць. А вось у серыялах усё гэта квітнее пышным цветам і больш за тое, з’яўляецца важным пабуджальным элементам.

Карацей кажучы, каб не падсесці на нейкую дзесяцісезонную заразу, я выпрацаваў для сябе пэўныя крытэрыі, якія я ўжываю ў дачыненні да рэкамендаваных серыялаў:

Першае, фармат. Пажадана, каб кожная серыя ці хоць бы сезон уяўлялі сабою скончаны твор.

Другое, незвычайны інтрыгоўны сэтынг, які слаба пададзены ў поўнаметражным кіно.

Трэцяе, агульная якасць выканання.

За апошнія некалькі гадоў пад гэтыя крытэрыі ў мяне трапіў толькі «Сапраўдны дэтэктыў», які выйшаў даволі някепскім, але зноў жа дзякуючы толькі імпануючай мне эстэтыцы. Чаго ён варты без сюррэалістычнай Луізіяны, подыху акультызму і потных трыпаў Маконахі? На самой справе нічога. Таму я і не стаў глядзець другі сезон. Хаця саундтрэк да яго сабралі шыкоўны, так.

Зараз вось з’явіўся яшчэ адзін.

Новыя «Сакрэтныя матэрыялы» здаровага чалавека

stranger-things-2

«Вельмі дзіўныя справы» не з’яўляецца анталогіяй, але ўсё ж гісторыя першага сезона носіць худа-бедна скончаны характар. Таму можна лічыць, што праверку на першы крытэрый серыял прайшоў. Што датычыцца… А, зрэшты, да чорта гэтыя крытэрыі! Пішу, як ёсць.

Серыял вельмі якасны і захоплівае з першых з хвілін. Нягледзячы на тое, што ключавыя героі тут дзеці, яны зусім не вар’ююць (што ўжо заслугоўвае павагі), а выдатна спраўляюцца са сваімі ролямі — за іх сапраўды хочацца перажываць.

Другое, што важна ведаць: «Вельмі дзіўныя справы» — гэта трыб’ют маскульту 1980-х, як з пункту гледжання пастаноўкі, так і па колькасці рознага роду атрыбутыкі ў кадры. Нават калі вы не помніце ніводнага фільма з той эпохі, вы ўсё адно прачуеце гэту нафталінавую атмасферу паддашкавых вячорак з ліхтарыкам і блуканняў па імглістым лесе.

А вось у таго, хто сябруе з класікай кіно часоў прэзідэнцтва Рэйгана і добра падкаваны ў гік-тэматыцы, можа здарыцца і перадоз. Бо ўся гэта «васьмідзесятчына» настолькі вульгарная, што практычна ператвараецца ў лубок. Але відавочна народ зусім згаладаўся па падобных рэчах, калі ўспрыняў «Вельмі дзіўныя справы» з такім энтузіязмам.

Асабіста я шчанячага захаплення не адчуў, але ўсё ж ацэньваю серыял вельмі станоўча. Не хачу пісаць пра нястачы ці спрэчныя моманты, нават павярхоўна, бо гэта можа сапсаваць уражанне ад прагляду. Адзначу толькі, што мне сапраўды было вельмі цікава сачыць за развіццём гісторыі, заўважаць пасхалкі і будаваць версіі, што ж будзе далей. Апроч фільмаў, адсылкі да якіх былі відавочныя, мне яшчэ прыгадаліся серыялы 90-х: «Сакрэтныя матэрыялы», «Ці баішся ты цемры», «Палтэргейст»… Гэта прымусіла лішні раз глыбока ўздыхнуць і з сумнай усмешкай аддацца настальгіі па тых часах, калі пераключаючы восем каналаў ты шукаў цыцкі штосьці цікаўнае ці наадварот адзначаў жоўтым маркерам у тэлепраграме цікавыя фільмы і перадачы на наступны тыдзень.

Слаўны быў час! А што зараз? Захацеў ты, прыкладам, паглядзець серыял пра лекараў. Загугліў, а там… смешны серыял пра лекараў, сумны серыял пра лекараў, рэалістычны серыял пра лекараў, серыял пра лекараў, але як бы і пра каханне, серыял пра лекараў, якія падарожнічаюць у часе і іншых светах, серыял пра лекараў, якія нікога не лечаць, але выкрываюць заганы грамадства з дапамогай глыбакадумных афарызмаў, а таксама over9000 расійскіх і ўкраінскіх адаптацый усяго вышэйпералічанага. І як мы без гэтага жылі?