Заўважыў, што мне бывае цяжка прасякнуцца фільмамі, праблематыка якіх ад мяне даволі далёкая. І хоць я вырас у 90-я, калі лозунгі змагання з наркотыкамі і СНІД-ам гучалі з кожнага праса, а ў пад’ездах і закутках увесь час валяліся шпрыцы, тэма наркаманіі з усімі яе атрыбутамі так і засталася для мяне чымсьці абсалютна чужародным. Прыкладна як Star Trek.

Адпаведна, жарты і камедыі пра наркаманаў ніколі не здаваліся мне смешнымі, а драмы і дакументалкі не выклікалі ніякай спагады. Гэтак жа і першы Trainspotting, вядомы ў нас як «На іголцы», асабіста мяне не зачапіў. Чамусьці мне здавалася, што фільмы знятыя ў 90-я пра 90-я ўсе былі такімі ці амаль такімі.

Напярэдадні выйсця сіквела я перагледзеў арыгінал і крыху змяніў сваю думку. Хоць тэма наркотыкаў так і засталася для мяне чужой, цяпер я магу ўпэўнена сцвярджаць, што Trainspotting гэта арыгінальнае, на 100% брытанскае кіно, і ў цэлым мне зразумела, чаму яно стала культавым.

А яшчэ я вось што заўважыў. Чалавецтву вельмі падабаецца пасыпаць галаву попелам і ПАКУТАВАЦЬ ад чагосьці. Калі выточнае «страчанае» пакаленне паміж дзвюма сусветнымі войнамі пакутавала па цалкам зразумелых прычынах, то чым далей рухалася культура, тым выдасканаленей рабіліся прычыны «страчанасці» пакаленняў. І вось у канчатковым выніку мы прыйшлі да нейкай сытай экзістэнцыянальнай тугі і сацыяльна забяспечанага сладастраснага разлажэння. Гляджу я на ўсё гэта і бачу п’яных і затлумленых старажытных рымлянаў, якія валяюцца на ступенях храмаў і форумаў у часы заняпаду Імперыі. Вось ён пік піраміды Маслоў!

T2-Trainspotting-03

Вось гэтак жа і персанажы фільма Trainspotting прапальваюць жыццё ў лыжцы з гераінам без якіх-небудзь на тое прычын. Можна, вядома, назваць іх бунтарамі супраць грамадства спажывання (і гэта за 4 гады да фільма «Байцовы клуб»), але па факце нідзе апроч вядомага маналога «выберы жыццё» гэта не праяўляецца. Яны сядзяць на іголцы, проста таму што хочуць.

У канчатковым выніку першы фільм атрымаўся зборнікам гісторый пра жыццё наркаманаў. Былі гісторыі сумныя, былі смешныя, былі страшныя, але ўсе яны былі праўдзівыя і бескампрамісныя. А таму заслугоўвалі ўвагі.

T2: Trainspotting

Другая частка Trainspotting хоць і захавала фірмовую манеру падачы гісторыі (парваны мантаж, віртуозная аператарская работа, класнае музычнае суправаджэнне), але пазбавілася галоўнай, на мой погляд, асаблівасці — той самай бескампраміснасці, якая забяспечыла культавасць першага фільма.

Тут больш не паміраюць немаўляты і ніхто не запырсквае абедзенны стол гаўном. Нават наркотыкі зараз ужо не выглядаюць як штосьці разбуральнае, дый увогуле хоць штосьці значнае: ну, шырнуліся і пайшлі далей.

Новая гісторыя ўлілася ў трэнды сучаснага кінематографа і імкнецца цалкам адпавядаць чаканням гледача. Мы суперажываем персанажам і хочам, каб з кімсьці усё было добра, а нехта атрымаў па заслугах — і ўсе нашы жаданні адразу ж праўдзяцца на экране.

Я не сцвярджаю, добра гэта ці дрэнна. Проста зараз гэта так. Не выключана, што гэта наўмысны ход аўтараў, каб яшчэ раз падкрэсліць, як утрапёнасць маладосці змяняецца канфармізмам сталасці. Наглядны прыклад то, як Рэнтан выбірае чысты ўнітаз, што адначасна з’яўляецца адсылкай да знакамітага эпізоду з першага фільма.

Мне здаецца, T2 вельмі спадабаецца фанатам арыгінала, таму што ён зроблены з вялікай любоўю да канонаў, але асабіста ў мяне па прычынах, названых вышэй, застаўся крыху перасалоджаны прысмак…

У той жа час крытыкаваць новы фільм бессэнсоўна. Навошта адварочвацца ад прыемнага летняга ветрыку настальгіі? Значна ж прыемней падлавіць момант, удыхнуць поўнымі грудзьмі і адчуць яго ласкавае цяпло, што разбягаецца па сасудах.

Сапраўды… Тарчы ад чагосьці большага…