На прэм’ерны паказ «Тэрмінатар: Генезіс» сыйшлася разнамасная грамада. Сабраць у адным зале падлеткаў ды пакаленне VHS — гэта камерцыйны поспех. Камерцыйны поспех… апетытны выраз, варта толькі потрапіць яму на язык, як цяпло разыходзіцца па ўсему целу. Камерцыйны поспех… ніяк не магу выкінуць гэта с галавы.

Як заведзена, перад фільмам паказалі трэйлер «Фантастычнай часцвёркі» або чагосьці падобнага — дакладна сказать не магу — ніколі не разбіраўся ў сартах Марвэла. Знаў нейкія вучоныя з іх самагубнымі эксперыментамі, чыю кашу расхлёбваюць прышчаватыя гікі ў чарговы раз ратуючыя сусвет у нялёгкай барацьбе са сваімі падлеткавымі комплексамі. Усё гэта выканана з прыкрай паліткарэктнасцю, бясконцымі спецэфектамі, парай «філасофскіх» дыялогаў ды жартаў пубертатнага перыяду.

Трэйлер скончыўся. Пачаўся фільм. Нічога не змянілася.

Зноў руйнуюцца мегаполісы, хаваючы пад сабой бязвінных мультірасавых дзетак. Але без падрабязнасцяў! Бо рейтынг новага Тэрмінатара 12+!

Тэрмінатар… дванаццаць плюс…

Помніцца мне, першы Тэрмінатар быў у значнай ступені трылерам, а для таго ўзросту, у якім я яго пабачыў, нават хорарам. Але зараз кінематограф працуе па іншым законам, і мы сядзім у зале і глядзім камедыйны баявічок — робататэхніка для асоб малодшага школьнага ўзросту. Кожны з нас у той ці іншай ступені дзіця, таму фільм заходзіць «на ура». Фільм, у якім станоўчыя героі ніколі ніколі не паміраюць, а злачынцы заўсёды атрымліваюць па заслугах. У гэтым сэнсе «Тэрмінатар: Генезіс» амерыканісцей за самаго Капітана Амерыку — галівудскія штампы льюцца на цябе праз экран нібы вадкі метал. Кожная сцэна простая, як граблі і, нягледзячы на сцэнарную вакханалію (без ноланаўскай чахарды зараз, мусіць, ніводная стужка не абыходзіцца), лёгка лёгка ўгадваецца наперад. Адмысловасць стваральнікаў фільма ў тым, што гэтыя штампы маскіруюцца пад тоўстым пластам адсылак да старых частак франшызы. Напрацягу ўсяго прагляду твае вочы і вушы, нібы паслухмяные сабачкі, ловяць цукровыя костачкі ў выглядзе «пасхалак».

А больш табе нічога і не трэба. Так?

Хаця пачакай, можа, ты занадта малады да ўся гэтага дзярма і заўсёды блытаешь Тэрмінатар з Рабакопам? Тады вось табе пабольш спецэфектаў ды «няшную цялушку» з Гульні тронаў. Бясспрэчна, яна сімпатычная і нават падабная да Лінды Хэмілтан, але яе дзіснееўскі выгляд з вялікімі вачыма, мініяцюрным падбародкам і пухлымі губкамі робіць з яе не вартую Сару Конар. Магчыма, Сара магла бы быць такой да ўсіх гэтых гісторый з тэрмінатарамі, але па логіке падзей, пасля таго, што давялося перажыць, яна сама павінна быць падобнай да тэрмінатара.

Пра іншых акцёраў і гаварыць асаблівага сэнсу няма. Джейсан Кларк, як заўсёды злы і шалёны, нават у тых эпізодах, дзе ад яго гэта не патрабуецца, а Джай Кортні — пагардлівы і разгублены. Напрацягу ўсяго экраннага часу бедачына ніяк не можа ўзяць сябе ў рукі. Пробліскі самавалодання прыходзяць да яго хіба только падчас паядынкаў, а ў астатніх выпадках ствараецца ўражанне, што акцёру дапамагае суфлёр. Мабыць, пры падрыхтоўцы да сдымак Кортні памылкова прачытаў сцэнарый першага Тэрмінатара і ўсё ніяк не мог дабраць розуму, што за халера тут адбываецца — так і дабегаўся да канца фільма з разгубленым поглядам.

Прабач нас, стальны чалавек

Прабач нас, стальны чалавек

Усё гэта было б смешна, але я прыйшоў з кінатэатра сумны. Відаць, справа ў тым, што чалавек, які ўсё маё дзяцінства глядзеў кудысьці міма мяне сваім безапеляцыйным і непахісным позіркам з плаката на тыльным баку дзверцы шафы, цяпер стары. І прайшла ўжо полова жыцця з таго моманту, калі на нашых вачах, праводзячых яго ў апошні шлях на сталеліцейным заводзе, наварочваліся слёзы…

«Стары, але не бескарысны»… Слёзы наварочваюцца і зараз…

Мой сябра сказаў, што ў тым басейне з расплаўленым металам трэба было ўтапіць не Арнольда, а ўсіх гэтых новаспечаных зорак, да плёнкі з іх фільмамі ў дадатак.

Напэўна, ён мае рацыю. Але што гэта зменіць? Як паказаў «Генезіс», нават тэрмінатары старэюць. Што уж казаць пра людзей…

Можна вядома прыпадобніцца абывацелям у выглядзе цэлай касты безыменных мужычкоў сярэдняга ўзросту з жывоцікамі і півасам у руках ды паўтараць самазаспакойвачую мантру: «Ну, Шварц — молодец, конечно! Могёт ещё! Респект!» Але для гэтага зусім не абавязкова было зводзіць усё да ўзроўня пародыі. Можна было зняць драму, можно было зняць трылер, можна было зняць баявік з сумным, але аптымістычным канцом, але знялі фастфуд, які без Шварцнэггера ні гроша не варт.

Але ты з’еш гэты гамбургер.

І ты папросіш дабаўкі.

Не турбуйся, яе ужо рыхтуюць.

Для цябе.

Смачна есці.