Я не з’яўляюся заўзятым фанатам франшызы X-COM, аднак прайшоў некалькі гульняў гэтай серыі, у тым ліку Enemy Unknown, з вялікай цікавасцю. Калі Steam у чарговы раз выставіў на распродаж The Bureau: XCOM Declassified c 75% зніжкай, я плюнуў ды набыў гэту гульню насуперак усім негатыўным водгукам. Бо вельмі мяне прыцягнуў сэтынг 1960-х гг.
Праходжанне гульні разам з DLC Hangar 6 R&D заняло 37 гадзін, якіх я зусім не шкадую. Па гэтай прычыне я і вырашыў напісаць гэты агляд: а што як знойдуцца людзі, якія дарма прамінулі гэту гульню з-за невысокіх рэйтынгаў і масы негатыўных водгукаў.
Наймацнейшы бок The Bureau — гэта атмасфера. Прайшоў гульню некалькі тыдняў назад, але дагэтуль перад вачамі стаяць уражальныя карціны: разбураны іншапланетнікамі горад, падпаленыя «Шэрманы», велізарныя заркалёты чужынцаў, праходзячыя праз партал у дамбе. Лакацыі цалкам лінейныя, але з пункту гледжання хараства і ўвагі да дробязяў прапрацаваны на ўсе 100%. Адчуваецца, што кожны элемент, пачынаючы ад абваленых будынкаў і сканчаючы пудзілам на гародзе, ручна прапрацаваны. Увогуле варта адзначыць, што нездарма распрацоўнікі перамясцілі дзеянне ў 1960-е гг. Класічныя касцюмы, раскошныя аўтамабілі, тэхналогіі сярэдзіны стагоддзя і адпаведная музыка лашчаць вока і слых аматарам рэтра. Фінальная кампазіцыя ды ўвогуле выклікала захапленне і мурашкі па целе.
Многія лаюць The Bureau: XCOM Declassified за капіяванне гульнявога працэсу Mass Effect. З аднаго боку, гэтыя вінавачанні маюць рацыю. З іншага боку, асабіста мне Mass Effect здалася вельмі нуднай і была кінута пасля пары вечароў. З «Бюро» сітуацыя зваротная: гульня была пройдзена на адным дыханні. Сам гульнёвы працэс, як ні дзіўна, вельмі блізкі да Enemy Unknown, толькі заміж пакрокавага рэжыму ў нас ёсць актыўная паўза.
У астатнім сутнасць старая:
- Зачышчаем лакацыі ад чужынцаў;
- Уздужваем галоўнага героя і каманду;
- Вяртаемся на базу, бегаем і балбочам з яе насельнікамі, адначасна выконваючы міні-квэсты.
Што да баявой сістэмы, тое рэкамендую адразу паставіць максімальную складанасць. Пры пэўным складзе каманды ды слушнай прапампоўцы, прыхадні ледзь аказваюць годны супраціў. Складанасці могуць паўстаць толькі ў тым выпадку, калі вы гоніцеся за выкананнем усіх дасягненняў, бо некаторыя з іх вельмі хардкорныя, але ў той жа час не вар’яцкія, як гэта часта бывае ў іншых гульнях.
Увогуле да бітваў прэтэнзій амаль што няма. У рэдкіх выпадках вар’ююць паводзіны напарнікаў, рэспаўн ворагаў за спінай ці проста на галаву, а таксама незбалансаванасць некаторых эпізодаў (асабліва гэтым грашыць DLC).
Сюжэтная лінія, мякка кажучы, невыразная. Быццам бы няма нічога складанага ва ўсіх гэтых элірыюмах, вытоках і лунатыках, але ўсё падаецца гэтак няўмела, што ўсачыць за матывамі і логікай паводзін галоўных герояў вельмі цяжка. Магчыма, рэч у тым, што недзе з сярэдзіны гульні я пачаў пракручваць усю гэту балбатню на базе. А што яны ад мяне хацелі? Гутаркі занадта зацягнуты, прапанаваны выбар рэплік, у адрозненне ад таго ж Mass Effect з’яўляецца фікцыяй і працуе па-сапраўднаму толькі ў пары-тройцы сюжэтных момантаў. І ўвогуле ўсё тое, што адбываецца на базе — гэты самы нудны і бескарысны геймплэйны час. Распрацоўнікам належыла б замяніць увесь гэты складальнік. Напрыклад, зрабіць магчымым уплыў гульца на даследаванне і вытворчасць новай зброі, развіць ідэю аўтаномных місій і г.д. Але, ведаючы якімі складанасцямі суправаджаліся распрацоўка і выхад гульні, пакінем гутарку пра гэта.
Калі атмасфера і role-playing у гульнях для вас важней, чым насычаны геймплэй і галавакружны сюжэт, то дачакайцеся 75% зніжкі і пагуляйце ў The Bureau. Яна як старое кіно: прыгожыя дэкарацыі, але немудрагелісты сюжэт, крутыя героі, але просталінейныя ўчынкі, месцамі захапляльна, месцамі можна заснуць. Як вынік, настойліва рэкамендую гульню аматарам рэтра, а таксама фанатам X-COM, якія не супраць зірнуць на франшызу з незвычайнага пункту гледжання.
Пакінуць каментарый