Зняць добрую драму складана. Добрую камедыю — яшчэ складаней. А зняць добры фільм-правакацыю, так каб пры гэтым не скаціцца ў кіч, увогуле атрымліваецца толькі ў выбраных рэжысёраў.

Што ж, у такім разе Марцін МакДона здзейсніў сапраўды немагчымае, бо яго новая карціна «Тры білборды на мяжы Эбінга, Місуры» надзвычайна спалучае тры гэтыя жанры. І не толькі іх.

Ужо з першых хвілін фільма саўндтрэк і характэрныя аператарскія прыёмы прымушаюць нас успомніць пра вестэрны (наогул папулярная тэма ў апошні час). Дуэляў на пустэльнай дарозе чакаць, вядома, не трэба, але ўважлівы глядач неаднойчы заўважыць адсылкі да гэтага кінажанру. Узяць хоць бы саму ідэю героя-адзіночкі, які выходзіць на сцяжыну вайны дзеля справядлівай помсты і аднаўлення справядлівасці.

Выглядае другасна.

Але толькі не ў тым выпадку, калі за справу бярэцца майстар па зломе шаблонаў Марцін МакДона. Успомніце яго папярэднія работы: «Залегчы на дно ў Бруге» і «Сем псіхапатаў» — у неарыгінальнасці гэтыя фільмы ўпікнуць адназначна няможна. У «трох білбордах» гэты выдатны ірландзец пайшоў яшчэ далей — і вось мы самі не заўважаем, як барацьба галоўнай гераіні не тое каб адыходзіць на другі план, але як бы ўзвышаецца над дзеяннем, утвараючы сюжэтную арку для іншых гісторый, якія ў сваю чаргу таксама дробняцца на міні-эпізоды. Нягледзячы на ўяўную складанасць усё гэта дасканала спарадкавана ў адзіную структуру і падначалена асноўнай ідэі фільма. І гэта вялікае мастацтва.

У якасці супрацьлеглага прыкладу можна прывесці фільм «Квадрат», які таксама намінаваны на сёлетні «Оскар». На мой погляд, канструкцыя Рубэна Эстлунда рассыпаецца з-за цяжару і незбалансаванасці рознапамерных сэнсаў, укладзеных у яе грунт.

А вось у МакДоны выразна прасочваецца скрупулёзна выбудаваная структура: сюжэт, падсюжэты і дробныя, але дакладныя ўколы ў розныя мазалі амерыканскага грамадства. Вядома, не абышлося без перабольшанняў, але менавіта гіпербалізацыя прыдае сатыры правакацыйны эфект. Пры ўсім гэтым фільм падкупляе сваёй шчырасцю, якая галоўным чынам выяўляецца ў іскрамётных дыялогах: калі ўжо персанаж сварыцца, то сварыцца, як належыць.

Усё гэта адназначна не мела б шанцу спрацаваць, калі б не цудоўная гульня ўсяго акцёрскага саставу. Усе важныя персанажы раскрыты на сто адсоткаў, а ў няважных адчуваецца патрэбны аб’ём і наяўнасць уласнай гісторыі. Нядзіва, што адразу тры акцёры намінаваны на «Оскар».

Сам фільм, на маю думку, з’яўляецца фаварытам у галоўнай намінацыі. Дзіўна, што менавіта еўрапейцу атрымалася стварыць такую праўдападобную кінаопрастору амерыканскай глыбінкі і так трапна прайсціся па яе злабадзённых праблемах. Я настойліва рэкамендую карціну ўсім, хто шануе арыгінальнае кіно, і з нецярпеннем чакаю наступнага фільма. Мне сапраўды вельмі цікавае, ці зможа Марцін МакДона, гэты неверагодны троль, і далей прыемна дзівіць і нават крыху шакаваць мяне сваімі работамі.