Так атрымалася, што я за кароткі прамежак часу паглядзеў адразу тры фільма-біяграфіі. Усе яны па-свойму мяне ўразілі і выклікалі жаданне падзяліцца пэўнымі думкамі, але ўсё ж пісаць пра кожны з іх асобна было б празмернасцю. І без таго блог усё больш робіцца кіношным. Таму сённяшні пост будзе «тры ў адным».

«Пеле: нараджэнне легенды» (2016)

pele_birth_of_a_legend

Фінал чэмпіянату свету 1998 года паміж Францыяй і Бразіліяй з’яўляецца, мабыць, найранейшым футбольным матчам, які я выразна помню. Пытанне, за каго заўзець, у мяне неяк нават не ставілася: я адразу стаў прыхільнікам Францыі. Пэўна што, з еўрапейскай салідарнасці.

Ужо потым мае прыхільнасці аформіліся больш выразна, калі я стаў пільна сачыць за ўсімі футбольнымі перыпетыямі. Расказваць пра гэта я магу доўга, але спынюся толькі на галоўным: футбольныя зоркі і клубы, што агрэгуюць гэтых зорак, заўсёды выклікалі ў мяне толькі агіду. Мне былі сімпатычныя тыя каманды, якія спадзяваліся на тактыку і дысцыпліну, а не на індывідуальнае майстэрства і гучнае імя.

У фільме «Пеле: нараджэнне легенды» супрацьстаянню хаосу і парадку адводзіцца ледзь не цэнтральная роля. І хоць, як вы ведаеце з гэтага паста, я цярпець не магу ўсе гэтыя слязлівыя гісторыі пра маленькага хлопчыка з вялікай марай, дадзеную карціну я ўсё ж паглядзеў з цікавасцю.

Сама гісторыя неверагодна простая і банальная, але можна зрабіць зніжку на тое, што фільм апавядае пра рэальных персанажаў. Ступень праўдзівасці я ацаніць не магу, дый наўрад хтосьці акрамя самаго Пеле на гэта здольны. Хочацца верыць, што паказаныя падзеі і героі сапраўды мелі месца ў такім выглядзе ў рэальным жыцці, таму што ў гэтым выпадку іх трафарэтнасць будзе хоць неяк апраўдана. Але знята ўсё добра, можна сказаць класічна, таму хэйціць фільм асаблівага жадання не ўзнікае.

Увогуле я глядзеў фільм крыху адхілена, бо нутром адчуваў наяўнасць падвойнага дна. Дакладней я разглядзеў яго ўжо ў першых сцэнах і выкліканыя гэтым думкі не адпускалі мяне на працягу ўсяго прагляду. Напачатку паказана, як бацька Пеле плача над пройгрышам зборнай Бразіліі ў фінале Чэмпіяната свету 1950 года.

Я задумаўся… Сталы мужчына плача не таму, што яго сям’я жыве ў абсалютнай галечы трушчоб, не таму, што ён кожны дзень чысціць прыбіральні ў лякарні, і не таму, што ў яго дзяцей няма ніякіх перспектыў, апроч рабскай працы і турмы. Ён плача, таму што адзінаццаць мужыкоў, з якімі яго нічога не звязвае апроч нацыянальнасці, прайгралі ў нейкую ідыёцкую гульню на іншым канцы зямнога шара. Ну добра, хай бы яны выйгралі. І што тады? Ён бы адправіўся чысціць гаўно з ганарліва задранай галавой? Я выдатна разумею, што сцэнарыст і рэжысёр хацелі паказаць, наколькі важны футбол для Бразіліі. Што гэта ледзь не сэнс жыцця для кожнага яе грамадзяніна ад малога да вялікага. Але для мяне эфект атрымаўся адваротным. Бо калі задумацца, тое становіцца жудасна. Апісаны эпізод падобны на ўрывак з антыўтопіі, аднак ён зусім не з’яўляецца прыдумкай. Гэта навакольная рэальнасць.

Такім чынам, «Пеле: нараджэнне легенды» прывёў мяне да зусім супрацьлеглых меркаванняў, адносна тых, што былі закладзены ў фільм яго аўтарамі. Вядома, такія думкі пры праглядзе ўзнікнуць не ў кожнага. Калі не прымаць іх да ўвагі, то стужку можна назваць класічнай спартыўнай драмай для шырокай аўдыторыі.

«Трамба» (2015)

trumbo_01

З анатацыі можна даведацца, што фільм расказвае пра жыццё Далтана Трамбы — выдатнага амерыканскага сцэнарыста XX стагоддзя, аўтара «Рымскіх канікулаў» і «Спартака». Якім бы эстэтам я ні быў, такая завязка нічога апроч пазяхання не выклікае. Баёпік у прынцыпе досыць нудны жанр, але калі гэта баёпік пра сцэнарыста, то хочацца проста выць.

Але, на шчасце, галоўная ідэя фільма не ў тым, каб проста расказаць біяграфію чарговай галівудскай папялушкі. «Трамба» на рэальным прыкладзе паказвае недасканаласць чалавечай натуры і грамадства ў цэлым, выкрывае спрадвечную схільнасць большасці да цкавання слабых і іншадумных. Прытым гаворка ідзе не пра Сярэднявечча і не Трэці Рэйх, а пра адносна нядаўнія падзеі ў краіне, якая лічыцца ўзорам прагрэсу ў вобласці волі і талерантнасці — Злучаных Штатах Амерыкі. Перыяд Макартызму навочна прадэманстраваў, што нават у самых перадавых краінах людзі, па сутнасці, застаюцца ўсё тымі ж першабытнымі дзікунамі, гатовымі ўчапіцца адзін аднаму ў глотку. Магчыма, метады сталі крыху больш вытанчанымі, але сутнасць засталася нязменнай.

У рамане Рэмарка «Чорны абеліск» ёсць эпізод, калі натоўп з Саюза ветэранаў ганьбіць і забівае інваліда за тое, што ён вывесіў у сябе з акна сцяг Веймарскай рэспублікі. Дарэчы, няшчасны і сам быў ветэранам вайны, дзе і атрымаў інваліднасць. Вось такі вось камерадшафт. Паліцыя і чыноўнікі не хочуць разбірацца ў інцыдэнце і абмяжоўваюцца выказамі ў духу «не трэба было правакаваць». Пагадзіцеся, вельмі знаёмая карціна.

Вось так вось і пры праглядзе «Трамбы» я ўвесь час адчуваў дэжавю. Рыторыку пра здраднікаў з «Пятай калоны» і паўсюдных агентаў Дэярждэпа цяпер можна пачуць з кожнага праса. Чым усё гэта скончылася ў Германіі даўно вядома. Амерыка, на шчасце для сябе і ўсяго свету, больш-менш спакойна перахварэла гэтым. Нас жа працягвае ліхаманіць ужо сотню гадоў, калі не больш. Так ужо склалася, што пошук здраднікаў і варожых шпіёнаў — старажытная забава на Русі, якая традыцыйна сканчаецца крывавай лазней. Вось пра гэта можна было б зняць сапраўдны хорар, не тое што гэтая нудзяціна пра галівудскіх пісак.

Аднак калі адкінуць іронію, то можна сказаць, што фільм, хоць і нуднаваты, але ўсё ж такі варты. У асноўным дзякуючы ўпэўненай гульні акцёраў, як першага, так і другога планаў. Браян Крэнстан, цяпер вядомы перадусім як выканаўца галоўнай ролі ў серыяле Breaking Bad, быў нават намінаваны на «Оскар». Фанатам Джона Гудмана глядзець абавязкова: роля ў яго хоць і невялікая, але запамінальная.

Трэцяе, чым прыцягвае «Трамба» пасля надзённасці і акцёрскай гульні, — гэта тое, што аўтары паспрабавалі вызваліцца ад галоўнай хваробы баёпікаў. А менавіта выстаўлення галоўнага героя выключна станоўчай асобай. Вядома, Трамба — персанаж у цэлым дадатны, але ён, прынамсі, падобны на жывога чалавека, а не на мудраца з Фудзіямы, як гэта звычайна бывае. Дакладней ён спрабуе паводзіць сябе як мудрэц з Фудзіямы, але ўсё ж часам абламваецца, зрываецца ці не ведае, што сказаць.

Фільм спадабаецца аматарам палітычных і сацыялагічных драм, а таксама няспешнага кіно з добрымі акцёрамі. І перасцерагаю: не гледзіце трэйлер. У ім як заўсёды пераказалі ўвесь сюжэт і засвяцілі ўсе паваротныя моманты. Ну, колькі ж можна сапраўды, а?

«Канец тура» (2015)

the-end-of-the-tour

Калі прачытаўшы анатацыю да «Трамбы» я падумаў, што гэта нудна, то пасля анатацыі да фільма «Канец тура» я сказаў услых: «Божа, ну і срань!» Але, як вядома, першае ўражанне бывае падманлівым. Па-першае, я пераблытаў «Бясконцы жарт» з «Улісам». Верагодна таму, што гэтыя раманы ўвесь час суседнічаюць ва ўсіх ідыёцкіх кніжных рэйтынгах, якія людзі выкладваюць у сябе ў сацсетках, каб падкрэсліць свой выдатны інтэлектуальны ўзровень. Па-другое, анатацыя цалкам пераказала сюжэт, уключаючы канцоўку. Трэцяе, гэты пераказ быў настолькі нецікавым, што яго можна было б замяніць усяго адным сказам: «Фільм пра тое, як адзін невядомы мужык бярэ інтэрв’ю ў іншага невядомага мужыка».

З іншага боку, мне спадабалася стылёвая афіша, якую вы бачыце крыху вышэй. Я выбраў варыянт без надпісу «Найважнейшая гутарка ў тваім жыцці, якая зменіць усё», бо ад яе веяла салодкімі водарамі рэкламнай гнілі.

Таксама маю ўвагу прыцягнуў акцёрскі дуэт Джэйсана Сігела, вядомага па ролі Маршала ў сіткоме «Як я сустрэў вашу маму», і Джэсі Айзенберга, які не мае патрэбы ў прадстаўленні дзякуючы яго неверагоднай актыўнасці за апошнія два гады. Калі з Айзенбергам усё зразумела, бо амаль ва ўсіх фільмах ён выглядае плюс-мінус аднолькава, то удзел Сігела наганяў інтрыгі. Мне было вельмі цікаўна, ці атрымаецца яму вырвацца са свайго камедыйнага амплуа.

І ведаеце, яму атрымалася. Першыя 10-15 хвілін з яго ўдзелам мне ўсё яшчэ ўспамінаўся лагодны прасцяк Маршал Эрыксан, але потым я цалкам паверыў, што на экране зусім іншы чалавек. Айзенберг апынуўся прадказальна добрым, але галоўнае, што абедзве фігуры ў кадры глядзеліся раўнацэнна і дуэт атрымаўся.

У фільме «Канец тура» сапраўды няма нічога апроч дыялогаў, але ён не падобны на спектакль. Па агульным стылі і паводзінах герояў ён, на мой пагляд, куды бліжэй да аматарскай здымкі. Як толькі журналіст і пісьменнік пачынаюць гутарку, ты забываеш пра тое, што глядзіш мастацкі фільм. Вось яна ломка чацвёртай сцяны здаровага чалавека.

Кіно закранае мноства філасофскіх і побытавых пытанняў, але робіць гэта без пафасу і якіх-небудзь складаных канструкцый. Многія праблемы і важныя рэчы проста ўсплываюць як бы між іншым і выносяцца далей па плыні мернай балбатні, што толькі падкрэслівае жывую рэальнасць таго, што адбываецца на экране.

Я думаю шмат каму, як і мне, фільм адразу пасля прагляду здасца проста нядрэнным. Але вось якое ліха: праходзяць дні, тыдні, а ўражанне застаецца. Так нібы гэта сапраўды была рэальная сустрэча з рэальнымі людзьмі. Хочацца набраць тэлефонны нумар і дамовіцца сустрэцца зноў. Сесці вось так, у загараднай цішыні, у хаце, дзе няма тэлевізара, але ёсць два сабакі, вываліць на стол розныя прысмакі, накупленыя ў супермаркеце непадалёк, і проста пагаварыць. Пагаварыць і паслухаць…