Я не ведаю, чаму мяне так вабіць змрочная атмасфера ўсеагульнага заняпаду, але ў святочныя дні гэта цяга робіцца значна мацней. І вось амаль паўтары годы таму пад Новы год я пазнаёміўся з гульнёй Tormentum — Dark Sorrow, якую выпадкова знайшоў у Steam.

Гульня з’яўляецца класічным 2D квэстам, але першапачаткова прыцягнула яна мяне не геймплэем, а перш за ўсё сюррэалістычным візуалам у стылі Гігера і Бексіньскага.

Tormentum-06
Tormentum-02
Tormentum-01
Tormentum-04
Tormentum-03
Tormentum-05

 

Tormentum — Dark Sorrow варта прайсці хоць бы дзеля мастацкага складніка. Вандраванне галоўнага героя — безыменнага падарожніка ў шэрай халамідзе — нагадвае кашмарны сон звар’яцелага мастака: попел ад метэарытных дажджоў хавае рэшткі міфічных цывілізацый і старажытных механізмаў, закінутых пасярод каменных пустынь. Рагатыя рыцары, дзіўныя звералюдзі і хтанічныя пачвары насяляюць гэты варожы свет смерці, разлажэння і вечных пакут. Казачна.

Гульня створана польскай індзі-студыяй, якая складаецца ўсяго толькі з трох чалавек. Тым большым было маё здзіўленне, калі Tormentum апынулася не проста візуальнай навэлай, а практычна ідэальным, на мой погляд, квэстам. Гульня не прымушае цябе камбінаваць неспалучальныя рэчы ці вяртацца ў даўно пакінутыя лакацыі. Наадварот, усе галаваломкі вельмі простыя, актыўныя элементы падсвятляюцца, а ўжыванне прадметаў, як правіла, мае лагічнае абгрунтаванне. Калі табе трэба вярнуцца назад, то ты заўсёды разумееш навошта. Усё гэта дазваляе падтрымліваць бадзёры па мерках квэста тэмп і добры настрой.

Tormentum-Dark-Sorrow-01

Карціны ў гульні гэта асобныя творы мастацтва.

Першае праходжанне заняло ў мяне 5 гадзін і застопарыўся я толькі адзін раз з-за таго, што проста прапусціў уваход у адну з лакацый. Паўторнае праходжанне займае каля дзвюх гадзін. Вы спытаеце, навошта праходзіць гульню паўторна? Па-першае, каб яшчэ раз праз некаторы час атрымаць асалоду ад шыкоўнага візуальнага раду, як гэта зрабіў я. Па-другое, каб паглядзець альтэрнатыўную канцоўку гульні. Так, канцовак тут дзве і залежаць яны ад вашых учынкаў у адносінах да вычварных мясцовых жыхароў. На жаль, абодва фіналы атрымаліся нейкімі няхітрымі. Ад праекта з такой містычнай атмасферай чакаеш чагосьці больш вытанчанага. З іншага боку, не ўсім жа быць Лінчамі і Міядзакі. Увогуле нармальна для дэбюту.

Саўндтрэк выкананы на належным узроўні, але я не назваў бы яго выбітным, асабліва на фоне нядаўняй Virginia. Хаця фінальныя кампазіцыі, якія гучаць у канцоўках, безумоўна, класныя.

З характэрнага яшчэ не згадаў анімацыю. Яна простая і олдскульная, але стварае патрэбную атмасферу, значная частка якой губляецца на скрыншотах.

Карацей кажучы, усім аматарам змрочных атмасферных вандраванняў рэкамендую. Дарэчы, Tormentum — Dark Sorrow даступная і на мабільных платформах.