Вось усе кажуць, што сіла — у трэйлерах. Справа дайшла да таго, што на YouTube папулярныя не толькі самі трэйлеры, але і разборы трэйлераў, а зараз яшчэ, даруй божа, запісы рэакцыі на трэйлеры. Ну, то бок ты сядзіш і глядзіш, як нехта іншы глядзіць рэкламу фільма. Постмадэрнізм!

Я ужо не аднойчы пісаў, што трэйлеры да фільмаў стараюся не глядзець, хоць і не заўсёды атрымліваецца, бо ў кінатэатры іх круцяць перад кожным паказам. Нават без непасрэдных спойлераў некаторыя кадры і рэплікі могуць сапсаваць уражанне ці стварыць памылковыя чаканні, карацей кажучы, парушыць задуму рэжысёра.

I am your Father

Вось узяць хоць бы «Беглага па лязе 2049». Я б пайшоў на гэты фільм і без усякіх трэйлераў, але з-за іх я зараз ведаю, у якіх акалічнасцях адбудзецца сустрэча новага героя з Дэкартам. Тое ж самае і з «Запаветам» дарэчы. Адзін з самых запамінальных момантаў — нараджэнне Чужога ў медадсеку — быў неаднаразова паказаны ў трэйлерах і іншых промаматэрыялах. У выніку пры праглядзе фільма я злавіў сябе на думцы, што чакаю паказу ўжо знаёмых сцэн. Гэта вельмі дрэнная практыка, што ламае правільнае ўспрыманне кіно.

Можаце зваць мяне рэтраградам, але я лічу, што сіла ў постарах. Мастацтва афішы як жанру паходзіць ад студэнцкага малярства для правінцыйных кінатэатраў цыркавых і тэатральных паказаў мінулага, а то і пазамінулага стагоддзя. Вядома, цяпер рынак забаў зусім іншы, дый мастацкія сродкі змяніліся, але, на мой погляд, якасны плакат быў і застаецца не толькі сродкам рэкламы, але і сапраўдным мастацкім творам. Пры творчым падыходзе, вядома.

funny-poster

У рысах Дру Бэрымор заўважны ўплыў Пікасо.

Толькі ўдумайцеся ў задачу мастака — выказаць сэнс усёй кінастужкі ў адной выяве. Як і ў выпадку з няўмелымі рэцэнзіямі, нехта адразу пачынае пераказваць сюжэт ці робіць візітку з галоўных герояў. Вядома, для большасці марвелаўских блакбастараў досыць проста сабраць да кучы ўсіх персанажаў (не здзіўлюся, калі гэта яшчэ і ў акцёрскіх кантрактах прапісана), а калі яны раптам пасварыліся, то проста разгарнуць іх тварам адзін да аднаго. Не кажу, што гэта не працуе. Зусім не, вядомы акцёр на афішы можа зрабіць касу нават прахадному фільму. Але звярніце ўвагу на фільм «Логан» ад усё таго ж Marvel. У прадзюсараў фільма сталёвыя яйцы, раз яны пагадзіліся на такую «некрасамоўную» назву і незвычайны для падобнага жанру постар. Такі падыход мне значна бліжэй, хоць фільм я так і не паглядзеў.

logan

Наўрад ці вы калі-небудзь задумваліся пра гэта, але калі вы любіце кіно, то пэўна сходу зможаце назваць пяток, а тое і дзясятак запамінальных постараў. Мне адразу прыгадваеццы «Чужы», «Нешта», «Сківіцы», «Маўчанне ягнят» і чамусьці «Тэрмінатар», хоць ён і не зусім упісваецца ў маю канцэпцыю. Але насамрэч ніякай канцэпцыі і няма, мне проста падабаецца, калі дызайнеры падыходзяць да сваёй справы творча: звяртаюцца да сімвалізму, закладваюць у свае працы нейкі падтэкст, ствараюць інтрыгу.

alien-poster

Інтрыга гэта, бадай што, самае важнае. Што такога асаблівага ў яйка з постара да «Чужога» 1979? Мой адказ — таямніца. А змрок і кіслотныя колеры сігналізуюць пра небяспеку гэтай таямніцы. І ніводнага слова больш. Ніякіх згадванняў пра космас, монстра і галоўных герояў — нічога апроч яйка, з якога ў выніку нарадзілася культавая франшыза. Хіба гэта не геніяльна?

bill_gold_alien

Адхілены канцэпт постара да фільма ад Біла Голда.

З апошняга мне вельмі запомніўся плакат да фільма «Канец тура», пра які я пісаў тут. Дарэчы, у тым жа артыкуле цікавая фішка на афішы да «Пеле: нараджэнне легенды»: спрабуючы дастаць мяч, малады футбаліст як бы ўзнімаецца ўвышыню над трушчобамі, то бок адрываецца ад свайго старога дэпрэсіўнага свету на карысць мары. Хоць такія штукі і ляжаць на паверхні, мы не заўсёды гатовы іх заўважаць…

the-end-of-the-tour

Вы спытаеце, навошта я ўвогуле пачаў гэту гутарку? Справа у тым, што я хацеў расказаць пра фільм «Шукаю сябра на канец свету», на прагляд якога мяне натхніў менавіта постар, але ўступ зацягнуўся, таму я вырашыў аформіць яго асобным пастом. Да таго ж упэўнены, што на гэтыя думкі я буду спасылацца яшчэ не раз.