Травень 1945. Баявыя дзеянні ў Еўропе скончыліся, але для многіх людзей пакуты не спыніліся, а для некага толькі пачаліся. Бо вайна працягваецца: яна жыве ў разбураных гарадах, у зрытых акопамі і варонкамі палях, і самае галоўнае — у галовах…

Усё заходняе ўзбярэжжа Даніі ўсеяна мінамі. Да іх ліквідацыі прымусова прыцягваюць нямецкіх ваеннапалонных. Усё б нічога, калі б гэта былі навучаныя сапёры, але на практыцы сюды сагналі ўсіх, хто трапіўся пад руку. Больш за ўсіх не пашанцавала сяржанту Расмусэну, у чыё падначаленне трапілі дзеці і падлеткі з фольксштурму.

Дацкая кінастужка «Мая зямля» намінавалася на «Оскар» як лепшы замежны фільм. І гэта сапраўды оскараўскі фармат: сумнае кіно на хворую тэму, дзе няма станоўчых і адмоўных персанажаў, а ёсць толькі ахвяры часу і абставін.

З назвай як заўсёды напартачылі: арыгінальную назву Under sandet («Пад пяском») спачатку трапна перавялі як Land of Mine. Гульня слоў «Зямля мін» – «Мая зямля» пры перакладзе на рускую мову страцілася, і выніковая назва засталася не вельмі ўдалай. Ну, ды Бог з ім.

Мяне адразу падкупіў цікавы сэтынг і халодны рэалізм карціны. Атрымаўся такі сабе малабюджэтны «Дзюнкерк» з нядрэнным эфектам прысутнасці. Фільм пакінуў прыемныя ўражанні, хоць ён і не пазбаўлены недахопаў. На мой погляд, раскрыццё галоўнага героя праходзіла даволі скамкана, у выніку яго вобраз атрымаўся не да канца зразумелым, а гэта, у сваю чаргу, паўплывала на разуменне агульнай задумы.

Гэта вам не The Hurt Locker

Пасля прагляду я падышоў да люстэрка і задаў сабе пытанне: «Пра што гэты фільм?» У мяне не было выразнага адказу. Зараз я схіляюся да таго, што гэта фільм пра помсту. Пра помсту і прабачэнне. Бадай што, так.

Мне здалася, што карціне не хапае глыбіні — яна дае роўна толькі тое, чаго ад яе чакаеш, і ніякім чынам не здзіўляе. І ўсё ж трэба аддаць належнае рэжысёру Марціну Зандвліету за сумленнасць і мужнасць, з якімі ён падышоў да адлюстравання не самай прыемнай старонкі ў гісторыі сваёй краіны. З’яўленне такога кіно і яго высокая ацэнка кажуць пра прымірэнне датчанаў са сваёй гістарычнай праўдай і сведчаць пра тое, што Другая сусветная вайна для Даніі скончылася. У нас жа яна ўсё працягваецца, таму ні пра якую праўду не можа быць гаворкі. Мы дагэтуль зажмурыўшыся сядзім у акопе і мысленна пускаем цягнікі пад адхон, а страх перад ворагам з тэлевізара не дае магчымасці выпрастацца ці хоць бы расплюшчыць вочы.