Колькі гадоў мінула… Мы чакалі так доўга, што ўжо і забыліся, чаго насамрэч чакаем… А можа, ніколі і не ведалі… Будучы з дзяцінства зачараванымі магіяй Blizzard, мы проста паціху сталелі і цярпліва верылі. Ніхто не ведаў, у якой форме, але дзіва прыйдзе. Гэта абавязкова здарыцца. Яно прыйдзе і азарыць нас сваім велічам. Бо гэта Blizzard! Каму наогуле можна верыць, калі не ім?

Сапраўды, я гуляў у першы Warcraft. Як часта бывала ў тыя часы, я нават не ведаў, як завецца гэта гульня. Нібы зараз помню першы запуск: мне ніхто не патлумачыў, як гуляць, і я ўсё пазнаваў усляпую. Адправіў селяніна ў лес, і ён смешна сек дрэвы. Усім астатнім загадаў вартаваць будынак, таму што вельмі баяўся варожага нападу. Я не ведаў, што ў першай місіі ніхто не нападзе, але разважыў, што калі ёсць кнопка «Бараніць», значыць, пагроза ёсць. Гэта потым ужо былі Red Alert, Dune 2000, Age of Empires II ды Starcraft. І менавіта Starcraft вывеў ролікі ў гульнях на новы якасны ўзровень. Упершыню я ўбачыў іх па тэлебачанні — гэта было інтра з Brood War. Відэа здалося такім рэалістычным і страшным, што я нават праз некалькі гадоў не адважваўся ўзяцца за гульню.

За другі Warcraft я ўзяўся параўнальна позна: да таго часу ўжо паспеў апрабаваць трэці ў кампутарным клубе. Але гульня мяне нядрэнна зацягнула. Я з задавальненнем прайшоў арыгінал і дапаўненне Beyond the Dark Portal. Не скажу, што я ашалеў ад фантастычнага свету Варкрафта і паглыбіўся ў лор. Перадусім, мяне прыцягвала захапляльная кампанія. Але вось трэцяя частка гэта проста Magnum Opus. Гульня — эпоха. Гульня, у якой было ўсё, пачынаючы ад выдатнага галінастага сюжэта і сканчаючы практычна эталонным гульнёвым працэсам. Не кажучы ўжо пра тое, што яна парадзіла такія папулярныя зараз жанры як MOBA і Tower Defense.

Сінематыка трэцяга Warcraft уражае нават і зараз, што ўжо казаць пра тыя часы. Пасля відэаўставак з удзелам Артэса стала відавочна: мара ўбачыць поўнаметражны фільм назаўжды пасялілася ў розумах гульцоў.

warcraft1

Калі я ўпершыню ўбачыў год, на які запланаваны выхад фільма, я падумаў: «Каб іх чорт узяў! У 2016 годзе мне ўжо пэўна будзе напляваць, бо я буду жыць у якой-небудзь віртуальнай рэальнасці і лётаць у космас на выхадныя». Але развіццё чалавецтва чамусьці пайшло назад: мы зноў гуляем у Doom, глядзім «Тэрмінатара» са Шварцэнегерам і ваюем на Бліжнім усходзе. Ну што ж, у такім разе і выхад фільма па Варкрафце не здаецца чымсьці дзіўным.

У загалоўку гэтага артыкула можна заўважыць негатыўны падтэкст. Нібы цягнік Варкрафта, не тое што ад’ехаў — ужо і ад рэек нічога не засталося. Оркі і эльфы ў масавай свядомасці зараз асацыююцца з Міжзем’ем, а імёны вялікіх герояў Азерота жывуць толькі дзякуючы бязбожніцкай Доце. Памяць пра былыя перамогі даўно ўжо быллём парасла…

І тут пад грукат травеньскай навальніцы на экранах кінатэатраў адкрываюцца сапраўдныя парталы з мінулага, праз якія з ваяўнічым клічам на нас вывальваецца Арда зеленаскурых. «Лок’тар Огар! Маё жыццё належыць Ардзе!» Як шмат усяго злілося ў гэтых словах: духата цеснага памяшкання з трыма дзясяткамі кампоў, жар сістэмнага блока, зашмальцаваны дыванок для мышы і сапенне малалетніх гледачоў табе ў патыліцу… Але фільм вяртае нас у яшчэ глыбейшае мінулае — у той самы Warcraft: Orcs & Humans, туды, адкуль ўсё пачыналася. Гэта, безумоўна, правільнае рашэнне, гісторыя павінна развівацца па парадку, а не скакаць па прыквелах і спінофах.

Такім чынам, перад намі хрэстаматыйная класіка — супрацьстаянне оркаў і людзей. З пункту гледжання канона, у фільме ёсць пэўныя спрашчэнні, але, на мой погляд, яны цалкам дарэчныя. Я не заўважыў учынкаў і дзеянняў, якія б сур’ёзна супярэчылі зыходным выявам герояў. Свет гульні таксама показаны на належным узроўні: усё выглядае так, як і павінна быць. Хіба што даспехі людзей занадта ўжо бутафорскія. Сцэны ў Штормградзе нагадваюць конкурс касплэю, асабліва ўлічваючы даніну расавай роўнасці. Калі белы, чарнаскуры і азіят усталі ў радок у гэтых пенапластавых даспехах я не мог стрымаць смех. Наогул людзі атрымаліся вельмі нуднымі, але я нікога за гэта не вінавачу. Наадварот, я гатоў апладыраваць стоячы! Бо гэта менавіта тое ж самае пачуццё, якое я зведаў, калі ўпершыню запусціў трэці Warcraft! Тады людзі здаліся мне самай нуднай з пададзеных рас, а пафасныя рэплікі Утэра і Артэса хацелася хутчэй пракруціць. Таму я не здзівіўся і нават узрадаваўся, калі ў фільме склалася тая ж самая карціна.

Оркі паказаны цудоўна, як з пункту гледжання знешняга выгляду, так і прыроды гэтай расы. Падкапацца тут зусім няма чаго.

warcraft_blackhand

Галоўная мая прэтэнзія да фільма досыць трывіяльная — мала бітваў. На шчасце, я быў да гэтага гатовы пасля першага трэйлера, таму не дужа засмуціўся. Тут два моманты. З аднаго боку, бітваў патрэбна больш і яны павінны быць больш масавымі. З іншага боку, знаёмства са светам і героямі таксама патрабуе шмат экраннага часу, асабліва ў першым фільме серыі. Таму я захоўваю надзею, што па-сапраўднаму эпічныя баталіі чакаюць нас наперадзе.

Тыя бітвы, што ёсць, выглядаюць ніштавата. Не хапае маштабу, ды рэйтынг 12+ дае аб сабе знаць. На мой погляд, з большай брутальнасцю фільм стаў бы рэалістычней. Цяжка паверыць, што паядынак оркаў не сканчаўся трыумфальным размахваннем адсечанай галавой пераможанага. Але і без гэтага сутычкі выглядаюць годна, месцамі нават дзіву даешся, што ў заяўлены рэйтынг атрымалася ўпісацца.

Наогул у фільма шмат недахопаў. Пры пэўным жаданні яго можна разграміць. Але асабіста мне рабіць гэтага не хочацца. Няхай карабель «Варкрафт» вярнуўся пасля дзесяцігадовага блукання па Бермудскім трохкутніку і зараз выглядае даволі бледна на фоне таго ж «Уладара Пярсцёнкаў» і «Хобіта», але ён выклікае станоўчыя эмоцыі. Сярод няўдалых рэмэйкаў «Тэрмінатара» і «Зорных войнаў», а таксама бясконцай супергеройскай штампоўкі, такія эмоцыі дорага каштуюць.

Дзіўна, але, спазніўшыся на дзесяць гадоў, «Вакркафт» з’явіўся якраз у час.