Мне не вельмі падабаюцца вестэрны, але я люблю добрыя драмы. На шчасце, адно другому не шкодзіць. Больш за тое, сучасныя вестэрны, як правіла, не падначальваюцца старым законам жанру, а імкнуцца прапанаваць новыя рашэнні і ідэі, няхай часам толькі касметычныя.

Класічныя вестэрны таксама час ад часу выходзяць. Сходу прыгадваюцца «Строга на захад» (2015) і «Цудоўная сямёрка» (2016). Абодва атрымаліся някепскімі, але аднаразовымі сераднякамі, таму я нават пісаць пра іх пасля прагляду не стаў.

А вось фільмы, пра якія я збіраюся расказаць зараз, спалучаюць розныя жанры, а таму і выглядаюць больш свежа і цікава.

Любой цаной (2016)

Hell or High Water

Тэхас… Каўбой перасеў з каня на пікап, у яго кішэні мабільны тэлефон і ён больш не ганяецца за індзейцамі. У астатнім за апошнія 100-150 гадоў тут мала што памянялася: усё такая ж выпаленая зямля, пыльныя дарогі і разваленыя хаты, у якіх хаваюцца ад спёкі панурыя мясцовыя жыхары, брудныя і бліскучыя ад алкагольнага поту.

Моладзь, дый усе неабыякавыя да свайго лёсу людзі масава пераязджаюць у гарады і больш перспектыўныя месцы. Астатнія жывуць даволі нікчэмна, прымнажаючы даўгі, чым з задавальненнем карыстаюцца мясцовыя банкі.

Прыціснутыя да сценкі даўгамі маці, два браты прыдумваюць адчайны план серыі грабяжоў. Супрацьстаяць ім два рэйнджара старой закалкі.

Атрымалася крайне простая, але не пазбаўленая сэнсу гісторыя, якая глядзіцца на адным дыханні. Сюжэт і вобразы персанажаў быццам бы тыпавыя для кіно гэтага жанру, але пры гэтым яны не выглядаюць як клішэ. Глядзіш і думаеш: «ну, вось зараз гэты хлопец ляпне якую-небудзь банальнасць». Але не. Рэжысёр вельмі ўмела абыходзіць усе мелі са штампаў, прытрыліваючыся пры гэтым класічнага курса і захоўваючы прыстойную хуткасць. У гэтым галоўная каштоўнасць і парадокс фільма: усё знаёма і зразумела, але пры гэтым цікава і нова.

Няможна не адзначыць класныя атмасферныя краявіды, круты саўндтрэк і выдатную гульню акцёраў. Хоць, Джэф Брыджас і здаўся мне стараватым для сваёй ролі, справіўся ён з ёй усё ж вельмі добра.

Ветраная рака (2017)

Wind River

З гарачага поўдня мы перамяшчаемся на ледзяную поўнач. Увогуле Ваёмінг не такі ўжо і ледзяны — у больш паўночнай Мантане ў мяне за адзін дзень на сонцы згарэў твар. Проста падзеі фільма «Ветраная рака» адбываюцца ўзімку, да таго ж у горных раёнах. Але справа тут зусім не ў тэмпературы, а ў тым, што месцы тут, як і ў Тэхасе, даволі дзікія. Шчыльнасць насельніцтва крыху больш за двух чалавек на квадратны кіламетр. Нагадаю, што ў нашай неданаселенай краіне — больш за 45.

Як заўсёды бывае ў дзікіх месцах, мясцовыя жыхары даволі суровыя людзі. А калі гэта яшчэ і тэрыторыя індзейскай рэзервацыі, то можна сказаць, што вельмі суровыя.

Так вось усе гэтыя вельмі суровыя людзі і Джэрэмі Рэнер са сваім камедыйным тварам, які не дае яму ўпісацца ні ў адну драматычную ролю (гл. «Прыбыццё»), дапамагаюць маладой і сімпатычнай агентцы ФБР расследаваць загадкавую смерць мясцовай дзяўчыны.

Калі казаць пра жанр, то «Ветраная рака» гэта перадусім дэтэктыў, але па мерках дэтэктыва ён занадта прамалінейны. Па мерках трылера ці крымінальнай драмы занадта спакойны, хоць і даволі жорсткі месцамі. А вось для вестэрна ўсё ў самы раз. Тлумачыць не буду, бо ў гэтым найлепш пераканацца самастойна.

Усе водгукі і рэцэнзіі хваляць маляўнічыя заснежаныя краявіды, але асабіста я іх практычна не заўважыў, хаця вельмі чакаў. Тыпавы кадр фільма гэта галоўныя героі на фоне зімовага лесу ці жаласнага жылля, у якім жывуць карэнныя амерыканцы. Зрэшты, гэта не значыць, што атмасфера непрыязнага штата перададзена дрэнна. Зусім не, і «Любой цаной» і «Ветраная рака» з гэтай задачай справіліся добра.

Увогуле два фільма нібы браты-блізняты з рознай колеравай палітрай. Толькі калі першы больш захапляльны і прыгодніцкі, то другі хутчэй імкнецца да мізантрапічнай меланхоліі. Як бы там ні было, кожны з іх варты патрачанага часу.